Беларуская Служба

У Нарвегію адправілася дэлегацыя ўраду Афганістану

25.01.2022 16:17
Гэта першы афіцыйны візіт талібаў у заходняй Еўропе са жніўня мінулага года, калі яны захапілі ўладу ў Афганістане.
   ()
Перамовы ў Осла (Нарвегія)фота: PAP/EPA/STIAN LYSBERG SOLUM

Свет пачынае кантакты з талібамі – чытаем у выданні Dziennik Gazeta Prawna. Прадстаўнікі новага афганскага ўраду прыляцелі ў Нарвегію, каб пераканаць Захад, што яны заслугоўваюць фінансавай дапамогі.

Гэта першы афіцыйны візіт талібаў у заходняй Еўропе са жніўня мінулага года, калі яны захапілі ўладу ў Афганістане. Дэлегацыю з 15 чалавек узначальвае міністр замежных спраў Амір Хан Мутакі. Перамовы датычаць фінансавай дапамогі краіне, эканоміка якой знаходзіцца ў страшным стане ў выніку шматгадовага канфлікту. Гуманітарны крызіс закрануў мільёны афганцаў, голад пагражае нават больш чым палове дзяцей ва ўзросце да 5 гадоў. Мутакі ды іншыя члены дэлегацыі намераны ўгаварыць заходнія краіны вызваліць каля 10 млрд долараў дапамогі, якія былі замарожаныя ў выніку рашэння ЗША ды іншых дзяржаў.

Нарвегію крытыкуюць за перамовы з тэрарыстамі. На думку праціўнікаў афганскага ўраду, сустрэча прычыніцца да легітымізацыі талібаў, якія не збіраюцца выконваць умовы дэмакратычных дзяржаў, напрыклад, дазволіць жанчынам працаваць і вучыцца. На гэтыя закіды прадстаўнікі нарвежскага ўраду адказваюць, што неабходна размаўляць з фактычнымі ўладамі Афганістану, каб прадухіліць гуманітарную катастрофу.

нг