Беларуская Служба

У Польшчы – скандал, звязаны з камандзіроўкай супрацоўнікаў Вярхоўнай кантрольнай палаты ў Мінск

01.02.2022 15:12
Намеснік міністра ўнутраных спраў Польшчы і адміністрацыі Мацей Вонсік назваў паездку польскай дэлегацыі «легетымізацыяй рэжыму Лукашэнкі».
Marian Banaś
Marian BanaśAdam Chełstowski/Shutter

У Польшчы – скандал, звязаны з камандзіроўкай супрацоўнікаў Вярхоўнай кантрольнай палаты ў Мінск, у Камітэт дзяржаўнага кантролю Беларусі, паведамляюць польскія СМІ. Паводле старшыні польскай палаты Мар’яна Банася, мэтай службовай паездкі палякаў было стварэнне рабочай польска-беларускай групы для правядзення паралельнай праверкі ў Белавежскай пушчы з удзелам прадстаўнікоў ЮНЕСКА.

Аднак польскія спецслужбы не вераць у афіцыйную мэту паездкі. «Нібыта праверка, пра якую кажуць прадстаўнікі Вярхоўнай кантрольнай палаты, з’яўляецца толькі прыкрыццём паездкі. У сітуацыі, калі беларускі бок праводзіць агрэсійныя дзеянні супраць Польшчы, такога роду кантакты з’яўляюцца незразумелымі», – зазначае Станіслаў Жарын, прэс-сакратар міністра-каардынатара польскіх спецслужб Мар’юша Каміньскага.

У камандзіроўку ў Мінск паехала пяць чалавек з кантрольнай палаты. Кошт службовай паездкі – 4 тыс. 500 злотых (каля 1 тыс. еўра). Паездка адбылася па запрашэнню старшыні Камітэту дзяржкантролю Беларусі. Польскую дэлегацыю ўзначальваў кіраўнік беластоцкага аддзелу палаты Януш Павэльскі, які лічыцца чалавекам Мар’яна Банася. Акрамя тэмы Белавежскай пушчы, мэтай візіту быў «абмен вопытам, датычным выкарыстання інфармацыйных тэхналогій і кантрольных працэсах».

Палітыкі кіруючай партыі абвінавацілі старшыню палаты ў абсурднасці паездкі ў часы, калі рэжым Лукашэнкі стварыў крызіс на мяжы і праводзіць супраць Польшчы гібрыдныя дзеянні. Намеснік міністра ўнутраных спраў Польшчы і адміністрацыі Мацей Вонсік назваў паездку польскай дэлегацыі «легетымізацыяй рэжыму Лукашэнкі», а віцэ-міністр замежных спраў Пётр Ваўжык – «дзеяннямі, накіраванымі супраць польскіх дзяржаўных інтарэсаў».

У складзе дэлегацыі быў таксама Якуб Банась – сын Мар’яна Банася. У Мінск ён паехаў у якасці пазаштатнага дарадчыка дэлегацыі, бо не працуе ў палаце. Польскія спецслужбы правяраюць, ці Банась-малодшчы не паехаў у беларускую сталіцу па бізнес-справах. Паводле неафіцыйных звестак, адна з фірм, уладальнікам якой ён з’яўляецца, робіць бізнес з беларускім бокам. Гаворыцца, што бізнес Якуб Банась вядзе, выкарыстоўваючы знаёмствы бацькі, які раней кіраваў польскімі падатковымі службамі і ведае некаторых высокапастаўленых чыноўнікаў рэжыму Лукашэнкі, паведамляюць польскія СМІ.

вс

на фота: старшыня Вярхоўнай кантрольнай палаты Польшчы Мар'ян Банась