Беларуская Служба

Польшча не верыць у крамлёўскую дээскалацыю

17.02.2022 13:31
Расійскія ўлады кажуць пра адвод войск з украінскай мяжы. Польскія эксперты не вераць у гэтыя заявы. Насамрэч Масква праводзіць ратацыю войск.
Аўдыё
  • Польшча апасаецца падману з боку Крамля адносна агрэсіі на Украіну
Ілюстрацыйны здымакEPA/ALESSANDRO DI MEO Dostawca: PAP/EPA

Варшава непакоіцца за сваю бяспеку ды рыхтуецца прымаць уцекачоў з Украіны.
У чацвер высокапастаўлены чыноўнік амерыканскай адміністрацыі заявіў, што «заява Расіі аб вывадзе часткі яе войск была ілжывай». Наадварот яшчэ 7 тысяч вайскоўцаў Масква перакінула на мяжу з Украінай. Адначасова з гэтым Расія ўзмацняе распаўсюд дэзынфармацыі пра «пагрозы» для расіян на Данбасе. Улады ЛНР заявілі пра абвастрэнне абстаноўкі на лініі сутыкнення. Нібыта адразу на некалькіх напрамках Узброеныя сілы Украіны абстралялі з мінамётаў, гранатамётаў і кулямётаў пазіцыі сепаратыстаў. Кіраўнік Бюро нацыянальнай бяспекі Польшчы Павал Солах сказаў Польскаму радыё, што расійскім уладам няма веры.

- З самага пачатку мы мелі справу толькі з дэкларацыямі расіян. Насамрэч мы маем справу з перамяшчэннем войск і дэкларацыямі аб вывадзе, а не з іх фактычным вывадам. Наадварот мы назіраем ратацыю войск, а не дээскалацыю Тым больш, што гэта манеўр, які спецыялісты ў сучасных войнах вызначаюць як той, які папярэднічае фактычнаму нападу. Так было з канфліктамі на Блізкім Усходзе, і расіяне гэта вельмі добра ведаюць. І ўсё сведчыць пра тое, што мы зараз дакладна не маем справу з дээскалацыяй.

Прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Польшчы Лукаш Ясіна назваў інфармацыю пра перастрэлку паміж украінскімі вайскоўцамі і прарасійскімі сепаратыстамі на Данбасе «элементам прапагандысцкай гульні». Улады падкантрольных Расіі тэрыторый на ўсходзе Украіны відавочна актывізавалі намаганні па прызнанні іх незалежнымі рэспублікамі. Лукаш Ясіна зазначыў, што Польшча цалкам прызнае суверэнітэт Украіны і не мае намеру прызнаваць незалежнасць гэтых рэгіёнаў:

- Польская дзяржава прызнае суверэннасць Украіны, права да самастойных рашэнняў. Мы падтрымаем украінцаў у любым рашэнні, прынятым згодна з міжнародным правам. Украіна імкнецца да таго, каб ісці на Захад, а не на Усход. Польскі ўрад ніколі не гэтыя рэгіёны і ніколі не прызнае. Гэта не самая важная справа для нас.

З раніцы ва ўкраінскіх СМІ з'явілася інфармацыя, што прарасейскія сепаратысты з Луганскай вобласці пачалі артылерыйскі абстрэл украінскай тэрыторыі, у тым ліку ракета трапіла ў дзіцячы сад у вёсцы Станіца Луганьска, у будынак сярэдняй школы і гарадскі газаправод, пазбавіўшы газу некалькі сотняў будынкаў у горадзе Папаснае. У сваю чаргу жыхары Старога Айдара і Лобачова, што пад Шчасцем, засталіся без электрычнасці.
Былы міністр абароны Польшчы Томаш Сямоняк заявіў, што не бачна прызнакаў дээскалацыі на Усходзе Украіны.

- Час не на карысць Украіны. Еўрапейскія палітыкі хутка стомяцца ад такога чакання. Расія не адмовілася ад сваёй мэты.

За апошнія тыдні Расія сканцэнтравала на мяжы з Украінай больш за 100 тысяч вайскоўцаў з цяжкай тэхнікай. Злучаныя Штаты папярэджваюць, што расійскае ўварванне ва Украіну можа адбыцца ў любы момант. Варыянт вайны паміж Расіяй і Украінай менш верагодны, але не выключаны, ацаніў віцэ-прэм'ер Польшчы Яраслаў Качыньскі. Расія хоча дэстабілізаваць свайго заходняга суседа.

- Будзе далейшая эскалацыя, але не ў вайсковай сферы, толькі палітычнай. Не думаю, каб цяпер Расія пайшла на вайсковы канфлікт.

У сваю чаргу намеснік міністра нацыянальнай абароны Польшчы Войцех Скуркевіч заявіў, што ў Польшчы пачалі падрыхтоўку да прыёму ўцекачоў з Украіны ў сувязі з расійска-ўкраінскім крызісам. Ужо некалькі тыдняў польскія ўлады аналізуюць сцэнары падзей пры ўдзеле Міністэрства нацыянальнай абароны, Міністэрствам унутраных спраў і адміністрацыі, Урадавага цэнтра бяспекі ды ваяводаў.

- На цяперашні момант мы перадаём у выкарыстанне рэсурсы ў асноўным Вайсковага агенцтва нерухомасці. Гэта і кватэры ды іншыя жылыя аб’екты. На дадзеным момант мы рыхтуемся, каб перанакіроўваць уцекачоў з Украіны, калі такія з'явяцца, у не вайсковыя аб'екты.

Таксама прэмʼер-міністр Матэвуш Маравецкі заявіў, што польскі ўрад вельмі сурʼёзна ставіцца да сітуацыі. Атака Крамля на Украіну будзе азначаць, што суверэнітэт і незалежнасць Польшчы таксама пад пагрозай.

- Сёння мы павінны згадаць, што сапраўдная палітыка – гэта таксама клопат пра найгоршыя сцэнары, каб не адбываліся непрадугледжаныя сцэнары. Гэты змрочная сцэнар цяпер рыхтуюць на Усходзе. Напад на краіны Усходняй Еўропы, азначае і напад на ўсходнія межы НАТА.

Прэмʼер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі абвясціў, што ў бліжэйшыя дні будзе сфарміраваная ўрадавая група для падрыхтоўкі да магчымага наплыву бежанцаў з Украіны, якой пагражае расейская агрэсія. Кіраўнік урада дадаў, што найгоршым сцэнаром будзе поўнамаштабны напад Расіі на Украіну. Кіраўнік урада запэўніў, што ў выпадку такога развіцця падзей Польшча гатовая аказаць украінцам гуманітарную дапамогу.

Юры Ліхтаровіч