Міністэрства замежных спраў Польшчы асудзіла дзеянні Крамля, назваўшы іх свядомай спробай змены межаў. Польскі ўрад будзе дамагацца прыняцця санкцый у дачыненні да Расіі. Прэзідэнт краіны збірае пасяджэнне Бюро нацыянальнай бяспекі.
Міністэрства замежных спраў Польшчы ў адмысловай заяве рашуча асудзіла вайсковы напад Расіі на Украіну.
У паведамленні на сайце МЗС Польшчы гаворыцца: «Расійская Федэрацыя свядома прыняла рашэнне разбурыць асновы сучаснай архітэктуры бяспекі і спрабаваць змяніць межы сілай, з чым нельга пагадзіцца ў 21 стагоддзі. Польшча, у супрацоўніцтве са сваімі саюзнікамі будзе прымаць усе прадугледжаныя міжнародным правам дзеянні для падтрымкі Украіны і спынення расійскай агрэсіі».
Прэс-сакратар урада Пётр Мюлер абвясціў, што польскі ўрад будзе патрабаваць увядзення далёка ідучых санкцый супраць Расіі ў звязку з нападам на Украіну. Ён нагадаў, што сітуацыя за нашай усходняй мяжой будзе абмяркоўвацца ўвечары ў Бруселі на пазачарговым саміце з удзелам лідараў ЕС.
Уначы Расія пачала наступ на Украіну. У многіх гарадах чуваць выбухі. Вядуцца ракетныя ўдары па вайсковых аб'ектах. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі абвясціў ваеннае становішча па ўсёй краіне.
Прадстаўнік польскага ўрада падкрэсліў, што еўрапейскія дзяржавы павінны адказаць далёка ідучымі санкцыямі, уведзенымі супраць Расіі. «Мы будзем адназначна патрабаваць ад Савета Еўрапейскага саюза, ад усіх краін Еўрапейскага саюза ўвесці адчувальныя санкцыі супраць Расіі. Далёкасяжныя настолькі, каб Расія адчула гэта ў эканамічным, палітычным і як мага больш шырокім сэнсе. Каб прадухіліць Уладзіміра Пуціна ад анексіі іншай краіны», — сказаў ён.
Пётр Мюлер дадаў, што падзеі ва Украіне з'яўляюцца «незаконным уварваннем на тэрыторыю суверэннай дзяржавы». «Гэта ваенная агрэсія. Гэта, па сутнасці, абвяшчэнне вайны», — сказаў ён.
Пётр Мюлер таксама паведаміў, што Камітэт па пытаннях нацыянальнай бяспекі і абароны даручыў пастаяннаму прадстаўніку пры НАТА падаць заяўку на запуск артыкула 4 Вашынгтонскай дамовы. Амбасадар Томаш Шаткоўскі разам з групай саюзнікаў накіраваў адпаведны запыт Генеральнаму сакратару NATO.
Артыкул 4 Вашынгтонскай дамовы абвяшчае: «Бакі будуць кансультавацца разам, калі, на думку любога з іх, тэрытарыяльная цэласнасць, палітычная незалежнасць або бяспека любога з бакоў знаходзяцца пад пагрозай».
Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда склікаў нараду з урадам у звязку з агрэсіяй Расіі супраць Украіны. Сустрэча пачнецца ў 8.00 у сядзібе Бюро нацыянальнай бяспекі (БНБ). У сустрэчы з прэзідэнтам прымуць удзел прадстаўнікі ўрада, кіраўнікі службаў і камандуючыя Узброенымі Сіламі.
Раніцай Уладзімір Пуцін у тэлепрамове абвясціў, што пачынае «спецаперацыю на Данбасе». Расійскія сілы пачалі абстрэл шматлікіх гарадоў Украіны, у тым ліку Кіеап, Адэсы і Харкава. Ва Украіне ўвялі ваеннае становішча.
Расійскую агрэсію супраць Украіны абмеркавалі раніцай прэм'ер-міністр Матэвуш Маравецкі, віцэ-прэм'ер Яраслаў Качыньскі і міністры сілавых ведамстваў падчас тэрмінова скліканага пасяджэння Камітэта нацыянальнай бяспекі і абароны.
Вечарам лідары краін Еўрасаюза ў рамках Еўрапейскай рады абмяркуюць напад на Украіну. Польскія ўлады разлічваюць на выпрацоўку сумеснай пазіцыі з Украінай і абвяшчэнне далейшых санкцый супраць Масквы.
ПР/юл