Беларуская Служба

«Расія – агрэсар, а Пуцін – новы Гітлер»

25.02.2022 07:32
Так свет успрымае апошнія дзеянні Пуціна, які пачаў новую вайну ў Еўропе.
Аўдыё
  • У вачах свету - Расія агрэсар
Ілюстрацыйны здымакDayli Star Screenshot

Кроў украінцаў на руках Пуціна, новая Халодная вайна, такімі загалоўкамі поўніцца сённяшняя сусветная прэса. Краіны Захаду назвалі агрэсіяй расійскае ўварванне ва Украіну. На Расію ды Крэмль накладаюцца новыя санкцыі. Пуцінскую Расію чакае ізаляцыя ад Захаду ды адчувальныя фінансавыя і тэхналагічныя санкцыі. Украіна спадзявалася на большае, аднак вайсковай дапамогі не атрымала.

Агонія Украіны - з такім загалоўкам выйшла сённяшняя брытанская штодзёнка «I». Для Daily Telegraph, учорашні напад Расіі на сваіх заходніх суседзяў — гэта «пачатак новай халоднай вайны» ды прамая асацыяцыя з Гітлерам. Распавядае лонданскі карэспандэнт Польскага радыё Адам Дамброўскі.

— Чытачы сённяшніх брытанскіх газет могуць зірнуць у вочы акрываўленай жанчыны — ахвяры бамбардзіроўкі Харкава. «Цёмны дзень для Еўропы» — так падпісвае фота «Times». Гэты ж здымак газета «Sun» друкуе разам з выявай Уладзіміра Пуціна. «Яе кроў на яго руках», — піша выданне. Амаль ідэнтычную вокладку падрыхтавала «Daily Mirror». «Новы цар павінен быць пакараны», а члены NATO, асабліва краіны Балтыі, павінны быць абаронены — такая пазіцыя рэдакцыі «Times». Ёсць нотка аптымізму адносна нядаўна абвешчаных санкцый і пазіцыі Берліна - да нядаўняга часу асцярожнага ў гэтым пытанні. «Адзіным вынікам цынічнай хлусні Пуціна павінна стаць неадкладнае ўмацаванне Паўночнаатлантычнага альянсу», — піша выданне. «The Guardian» папярэджвае, што свет сутыкнецца з далейшым ростам коштаў на энерганосбіты і, магчыма, з рэцэсіяй і звязанай з ёй палітычнай нестабільнасцю. Ёсць яшчэ адно папярэджанне. «Пуцін мае права меркаваць, што ён можа вытрымаць гнеўную рэакцыю». Таму што, як чытаем у рэдакцыйным каментарыі, Nord Stream II пачалі будаваць пасля анексіі Крыма. «Сябры Украіны павінны паказаць, што на гэты раз усё будзе інакш», — заклікае «The Guardian». Тым часам «Metro» публікуе на першай старонцы фота Уладзіміра Пуціна. За яго плячыма — злосная постаць мінулага стагоддзя: Адольф Гітлер.

Прэзідэнт Джо Байдэн увёў дадатковыя санкцыі супраць Расіі за напад на Украіну. Яны закрануць найбуйнейшыя расійскія фінансавыя інстытуты і кампаніі з большасці галін расійскай эканомікі. ЗША таксама ўводзяць санкцыі супраць прадстаўнікоў крамлёўскай эліты. Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн заявіў, што Уладзімір Пуцін будзе ізгоем на міжнароднай арэне. У адмысловай прамове амерыканскі лідар падкрэсліў, што ваенныя дзеянні расійскага прэзідэнта аслабяць Расію, а ўвесь астатні свет выйдзе мацнейшым.

— Што значыць, што некаторыя краіны сілком бяруць тое, што хочуць. Мы павінны супрацьстаяць гэтаму ўсімі магчымымі сродкамі. ЗША, нашы партнёры, саюзнікі - мы выйдзем мацней, больш згуртаванымі. Агрэсія Пуціна будзе азначаць вялізныя эканамічныя і палітычныя выдаткі для Расіі, мы паклапоцімся пра гэта. Мы ўводзім з сёння санкцыі супраць расійскіх банкаў, якія разам трымаюць каля аднаго трыльёна долараў актываў. Мы адрэзалі ад амерыканскай фінансавай сістэмы найбуйнейшы расійскі банк - банк з больш чым трацінай расійскіх актываў. Мы таксама ўводзім блакіроўку большай колькасці буйных банкаў, а гэта значыць, што ўсе актывы, якія яны маюць у Амерыцы, будуць замарожаныя. Гэта тычыцца ВТБ - другога па велічыні банка ў Расіі з актывамі ў 250 мільярдаў долараў. Я кажу гэта вельмі ясна, што Злучаныя Штаты будуць абараняць кожны сантыметр тэрыторыі NATO з дапамогай поўнай моцы амерыканскай арміі. Добрая навіна заключаецца ў тым, што НАТА больш згуртавана і рашуча, чым калі-небудзь. Няма сумненняў у тым, што Злучаныя Штаты і кожны саюзнік па НАТА будуць выконваць артыкул 5, у якім гаворыцца, што напад на аднаго з'яўляецца нападам на ўсіх.

Прэзідэнт Байдэн абвясціў, што дзейнасць расійскіх кампаній будзе абмежаваная, што палова імпарту высокіх тэхналогій у Расію будзе спыненая, Таксама  Джо Байдэн падкрэсліў, што ЗША дзейнічаюць не паасобку, а сумесна са сваімі саюзнікамі. Ён адзначыў, што ў сукупнасці гэтая кааліцыя, у якую ўваходзяць Еўрасаюз, Вялікабрытанія, Канада, Японія, Аўстралія, Новая Зеландыя і многія іншыя краіны, прадстаўляе палову сусветнай эканомікі. ЗША мяркуюць, што санкцыі будуць мець доўгатэрміновы ўплыў на Расію.

Новыя фінансавыя санкцыі ЕС будуць распаўсюджвацца на 70 працэнтаў расійскага банкаўскага сектара і ключавых кампаній, у тым ліку абаронных кампаній, заявіла прэзідэнт Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен.

— Мы закранаем 70 працэнтаў расійскага банкаўскага рынку, а таксама ключавыя дзяржаўныя кампаніі, у тым ліку і ў сферы абароны. Санкцыі прывядуць да павелічэння кошту пазыковых сродкаў Расіі, росту інфляцыі і аслаблення асновы расійскай прамысловасці. Мы таксама б'ем па расійскай эліце, блакуючы дэпазіты, каб яна больш не магла хаваць свае грошы ў бяспечных фінансавых сховішчах у Еўропе.

У сваю чаргу энергетыкам будзе забаронена экспартаваць некаторыя тэхналогіі, у тым ліку для мадэрнізацыі НПЗ. У авіяцыйным сектары, наадварот, будзе забарона на продаж у Расію ўсіх самалётаў і іх дэталяў, а таксама паслуг па рамонце, забарона на лізінг самалётаў.

Учора лідары ​​27 краін ЕС узгаднілі другі пакет санкцый супраць Расіі за напад на Украіну. Рашэнне аб зацвярджэнні санкцый было прынята  падчас пазачарговага саміту ў Бруселі, які доўжыўся амаль 7 гадзін.

Гэта самыя жорсткія абмежаванні ў гісторыі, якія ўдараць па эканоміцы і эліце, адзначылі ўдзельнікі сустрэчы. Санкцыйная працэдура будзе завершаная сёння, меры пачнуць дзейнічаць пасля публікацыі ў Афіцыйным часопісе ЕС. Падрабязнасці з Бруселя перадае карэспандэнт Польскага радыё Беата Пламэцка.

- Санкцыі закрануць наступныя сектары: фінансавы, энергетычны, транспартны, авіяцыйны, кантроль экспарту ды абмежаванні на алігархаў.    

Сярод абмежаванняў, якія ўзгадніў ЕС пакуль няма рашэння аб выключэнні Расіі з сістэмы фінансавых разлікаў SWIFT. Польскі прэм'ер-міністр Матэвуш Маравецкі распавёў, многія кіраўнікі еўрапейскіх краін выказаліся за гэтую меру, але не ўсе.

- Для прыняцца санкцый патрэбна аднагалоснасць.  Сёння не было такога адзінства ў справе звязанай з адлучэннем ад фінансавай сістэмы разлікаў. Але да адзінства па гэтым пытанні - блізка. Думаю, што неўзабаве краіны, якія мелі сумневы пагодзяцца на яе, калі сітуацыя будзе пагаршацца. Існуе вялікая верагоднасць таго, што так будзе.

Германія, Венгрыя, Кіпр і Італія не жадаюць выключаць Расію з сістэмы SWIFT. Прэм'ер-міністр Матэвуш Маравецкі падкрэсліў, што нават без гэтага рашэння другі пакет санкцый супраць Расіі, узгоднены на саміце, з'яўляецца самым прасунутым пакетам такога роду ў гісторыі Еаўрасаюза і выдаткі для Масквы будуць вялізныя. Пад абмежаванні таксама трапіла Беларусь.

Францыя ўчора асудзіла агрэсію расійскіх войск супраць Украіны па загадзе прэзідэнта Уладзіміра Пуціна. Дзеянні Расіі раскрытыкавалі прэзідэнт рэспублікі Эмануэль Макрон, парламентарыі і лідары ​​ўсіх палітычных партый. На вуліцах французскіх гарадоў прайшлі праўкраінскія дэманстрацыі. Перадае парыжскі карэспандэнт Польскага радыё Стэфан Фольцар.

- Прэзідэнт Францыі ўчора выступіў са зваротам да нацыі, у якім заявіў, што напад на Украіну з'яўляецца «паваротным пунктам у еўрапейскай гісторыі». «Мы адкажам на гэты акт вайны, не выяўляючы слабасці, з халоднай крывёй, рашучасцю і адзінствам», — заявіў Эмануэль Макрон, патрабуючы ўзмацнення санкцый супраць Расіі. «Уладзімір Пуцін павінен разумець, што Атлантычны альянс — гэта ядзерны альянс», — прыгразіў кіраўнік дыпламатыі Жан-Іў Ле Дрыян. Французскі палітычны клас аднагалосна асудзіў напад расійскіх войск на Украіну, хоць некаторыя правыя і крайне левыя палітыкі заявілі, што ўвядзенне санкцый бессэнсоўна і што Францыя не павінна стаць на бок Расеі або NATO. Праўкраінскія акцыі пратэсту прайшлі перад расійскімі дыпмісіямі ў Марсэлі і Парыжы. Увечары больш за 2000 чалавек сабраліся на Парыжскай плошчы Рэспублікі, каб выказаць сваю салідарнасць з Украінай. У дэманстрацыі ўдзельнічала лідар беларускай апазіцыі Святлана Ціханоўская.

Падтрымку Украіне выказаў і епіскапат Францыі. Санктуарый у Лурдзе абвясціў, што на працягу тыдня ў гроце Святой Бернадэты будзе чытацца міжнародная малітва за мір ва Украіне.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што санкцыі, уведзеныя супраць Расіі, недастатковыя. У тэлевізійнай заяве ён адзначыў, што яны не спынілі расійскую агрэсію супраць яго краіны. Ён сказаў, што свет па-ранейшаму назірае за тым, што адбываецца ва Украіне, здалёк.

Раніцай расійскія войскі нанеслі ракетны ўдар па Кіеве. Дроны скідаюць бомбы на горад. У той жа час расійскія танкі набліжаюцца да ўкраінскай сталіцы.

Юры Ліхтаровіч