Расійскую эканоміку чакае эканамічны застой, краіну і людзей – ізаляцыя ад міжнароднай супольнасці ды вяртанне ў эпоху савецкага дэфіцыту. Ці гаспадар Крамля гэтым пераймаецца? Сумнеўна. За пуцінскія злачынствы давядзецца адказваць мільёнам расіян, доўгія гады.
Еўрасаюз не выключае спыненне імпарту газу з Расіі. Што тычыцца санкцый на РФ, цяпер разглядаюцца ўсе варыянты. Пра гэта заявіў кіраўнік дыпламатыі ЕС Жазэп Барэль, які ўдзельнічаў у сустрэчы міністраў замежных спраў краін NATO. Нагадаем, што ЕС ужо ўвёў беспрэцэдэнтны пакет санкцый. Гэта шырокія фінансавыя, палітычныя ды эканамічныя абмежаванні, якія балюча б'юць па расійскай эканоміцы. Прычына гэтых санкцый: вайна на межах Еўропы, цалкам неапраўданая, развязаная прэзідэнтам Пуціным супраць Украіны, якая нясе вялізарныя ахвяры сярод мірнага насельніцтва, падкрэсліў кіраўнік дыпламатыі ЕС.
У Польскім эканамічным інстытуце падлічылі, што санкцыі, уведзеныя супраць Расіі, прывядуць сёлета да двухзначнага падзення ВУП краіны — на 15-20 працэнтаў.
«У выніку Расія стане бядней не толькі чым усе краіны Еўрасаюза, але і за некаторыя краіны Паўднёвай Амерыкі — напрыклад, за Уругвай», — сказаў намеснік дырэктара Інстытута Анджэй Кубісяк.
На ягоную думку, уведзеныя супраць Расіі санкцыі прывядуць да развалу фінансавай сістэмы, а таксама абмяжуюць актыўнасці ў найбуйнейшых гарадах краіны.
- У выніку санкцыі закрануць усю краіну. Наймацней удараць па буйным эканамічным рэгіёнам Расіі: Маскву і Пецербург, якія адказваюць адпаведна за 38% і 6,4% экспарту краіны. Разам з заняпадам галоўных цэнтраў пачнецца абвал асноўных сектараў эканомікі. Прамысловасць, гандаль ды рынак нерухомасці. Забарона на пастаўкі сучасных тэхналогій ды замарозка імпарту сыравіны ўдарыць па найбуйнейшаму сектару – здабыцця карысных выкапняў.
Анджэй Кубісяк дадаў, што санкцыі, уведзеныя супраць Расіі, выклічуць эфект снежнай лавіны — ужо бачны абвал курсу рубля, а таксама абмежаваныя магчымасці расійскага Цэнтрабанка па стабілізацыі валютнай сітуацыі
- Мы бачым панічныя выплаты наяўных грошаў, што прывяло да абцяжарання банкаўскай сістэмы ў Расіі. У дадатак наступствам будзе вялізарная інфляцыя, якая дадаткова аслабіць расійскую валюту. Эканоміка пойдзе ў заняпад. Аднак гэтыя крокі не спынілі агрэсіі, таму трэба размаўляць пра дадатковыя санкцыі.
Санкцыі, уведзеныя супраць расійскай эканомікі, можна лічыць беспрэцэдэнтнымі, перакананы Павел Цымцык з DNA рынку. Найбольш важнымі з іх можна назваць блакіроўку актываў расійскага Цэнтрабанка і магчымасць аперацый з гэтай установай.
- На практыцы гэта азначае, што немагчыма будзе ўратаваць рубель ад страты вартасці, вялізарнае падзенне на маскоўскай біржы, калі яе адкрыюць. Таксама факт адключэння расійскіх банкаў ад СУІФТ азначае, што расіяне ды фірмы не змогуць рабіць аплаты сваім партнёрам, альбо атрымоўваць ад іх сродкі.
Усё гэта азначае, што расійская эканоміка ўжо апынулася ў рэцэсіі. Эканоміка пачала скарачацца, а рубель - слабець.
- Гэтыя санкцыі прывядуць да скарачэння расійскага ВУП у другім квартале. Падзенне будзе большым, чым у 2 квартале 2020 года, калі пачалася эпідэмія. Дарэчы, яна закранула ўсіх аднолькава, а расійская агрэсія ды санкцыі за гэта засяроджаныя на адной краіне.
Наступствы санкцый будуць адчувацца на ўсіх узроўнях расійскай эканомікі.Крэмль пакуль гэтым не пераймаецца. Крэмль адмовіўся ад прамой размовы паміж Пуціным і Зеленскім, заявіў Пяскоў. У Расіі вяртаецца цэнзура, зачыненыя «Эхо Масквы», «Дождь», за паведамленні пра войну, «якой няма» пагражае 15 год вязніцы. За антываенныя заклікі, якія «дыскрэдытуюць моц расійскай арміі», - штрафы або «тры гады турмы». Гэта вяртанне ў часы СССР. Пры гэтым у Расіі аглядальнікі перакананыя, што Пуцін цяпер не спыніцца. Пра гэта казаў у размове з «Эхо Масквы» Аляксандр Няўзораў.
- Пуцін не ўмее прызнаваць памылкі. Ён даўно пазбавіўся здольнасці дараваць. Яму зусім чужая міласэрнасць і невядомы панятак справядлівасці. Гэтыя якасці, у спалучэнні з неабмежаванай уладай ды захапленне канспіралогіяй і прывялі да таго, што Пуцін учыніў. Я баюся, што пасля таго, што ён навараціў, у яго два выхады: або выйсці на Красную плошчу да народа ды застраліцца, або націснуць чырвоную кнопку і правесці рэшту сваіх дзён на глыбіні 110 метраў пад зямлёй у асабістым бункеры.
Не можна выключаць, што яго зліквідуе яго атачэнне. Такія прыклады ў расійскай гісторыі здараліся. Нават у савецкай гісторыі, на якую любіць спасылацца Пуцін. Старшыня Інстытуту нацыянальнай памяці Польшчы Караль Наўроцкі заявіў, што дзеянні Расіі ва Украіне нагадваюць злачынствы камуністычнага рэжыму.
- Расійская прапаганда нас пераканала, што Крэмль ментальна ў часах камунізму. Сёння салдаты Расіі маюць Леніна ды Сталіна ў галовах. Гэта апеляцыя да злачыннага рэжыму, які абапіраўся на злачынства, на забойствы.
Што можна сказаць дакладна, за сённяшнія злачынствы расіяне будуць расплачвацца вельмі доўга, перакананая беларуская літаратарка Святлана Курс.
- Сто гадоў, і тое пры ўмове, што яны пакаяцца ды ачысцяцца. Рэйх існаваў -12 год, а Расійская імперыя – 500, спіс злачынстваў у дачыненні да суседзяў ды ўласнага народу – вялізарны.
Расійскую эканоміку чакае эканамічны застой, краіну і людзей – ізаляцыя ад міжнароднай супольнасці ды вяртанне ў савецкую эпоху. За гэты выбар гаспадара Крамля давядзецца расплачвацца мільёнам расіян, доўгія гады.
Юры Ліхтаровіч