Мэта Уладзіміра Пуціна – не толькі захапіць Украіну, але таксама стварыць у Еўрасаюзе грамадскае напружанне. Расійскі дыктатар хоча стварыць у Еўропе сур’ёзны міграцыйны крызіс – найбольшы з часоў Другой сусветнай вайны, такое меркаванне ў інтэрв’ю парталу wp.pl выказаў намеснік дырэктара Цэнтру ўсходніх даследаванняў Войцех Каноньчук.
Паводле спецыялісты, асноўная мэта Пуціна – хуткі захоп Украіны, – не была рэалізаваная. Таму ён спрабуе знайсці дадатковыя рычагі ціску на Еўропу, і ў якасці свайго роду зброі выкарыстоўвае бежанцаў. Каб прымусіць людзей уцякаць і пакідаць свае дамы Расія абстрэльвае мірных жыхароў. Гэтыя абстрэлы ўзмацніліся ў апошні час.
«Гэта не адбываецца выпадкова ці памылкова, як сцвярджаюць расіяне. Гэта – запланаваная злачынная аперацыя, мэта якой – запужаць мірнае насельніцтва і прымусіць як мага найбольшую колькасць людзей уцякаць за мяжу», – перакананы Войцех Каноньчук. Дарэчы, такое ж меркаванне дэманструюць іншыя польскія і замежныя эксперты, паведамляе партал парталу wp.pl.
Вайна ў Сірыі прымусіла 4-5 млн людзей пакінуць свае дамы. Калі ваенныя дзеянні ва Украіне зацягнуцца, то нельга выключыць, што столькі ж людзей пакіне Украіну. Ужо цяпер з Украіны выехала 2 млн чалавек, толькі ў адну Польшчу – больш за 1 млн 200 тыс. людзей. Гэта колькасць бежанцаў, з якой не ў стане справіцца ні адна дзяржава, гаворыць намеснік дырэктара Цэнтру ўсходніх даследаванняў Войцех Каноньчук.
вс
на фота: уцекачы з Украіны на Галоўным чыгуначным вакзале Уроцлава