Беларуская Служба

Беларусы нагадалі свету пра сябе

28.03.2022 12:12
Беларусы масава далучыліся да святкавання Дня Волі, шматлікія святочныя акцыі прайшлі ў ЗША ды Еўропе. 
Аўдыё
Ілюстрацыйны здымакY.Likhtarovich/Polskie Radio

За апошнія гады Дзень Волі стаў для беларусаў вельмі важным святам. З дня, якія збіраў нешматлікіх прыхільнікаў апазіцыі ў 2010- гадах, ператварыўся ў сапраўднае свята для сотняў тысяч беларусаў, якія святкуюць яго, хто як можа. Людзі па рознаму ставяцца да палітычны пытанняў, да эканомікі, але згодныя ў адным – Дзень Волі сапраўднае свята.

Вельмі яскравым Дзень Волі стаў з 2018-га года, калі на 100 гадавіну ўтварэння БНР актывізаваўся інтарэс да гісторыі сярод беларускага грамадства.  Тады ўпершыню ў сучаснай Белаурсі Дзень Волі адзначаўся ў фармаце дазволенага гарадскімі ўладамі свята,  было вельмі святочна ды ўзнёсла, прышлі тысячы чалавек. Сёлета ў Беларусі Дзень Волі святкавалі канспірацыйна ды прыватна. Як вынікае з допісаў у сацыяльных сетках на вуліцы людзі, пазнаючы сваіх, абдымаліся як родныя  ціхенька абменьваліся інфармацыяй пра затрыманых знаёмых, расійскую тэхніку ў сваіх гарадах. Людзі баяцца, бо за святкаванне ў Беларусі могуць арыштаваць, даць вялізарны штраф.

Гэта наступствы двух гадоў тэрору ды масавых рэпрэсій, якія разгарнуў у краіне ўзурпатар  Лукашэнка.  У звязку з тым, што тысячы беларусаў былі вымушаныя іміграваць, шматлікія святкаванні прайшлі па ўсім свеце, у ЗША да Еўропе, дзе цяпер мноства ўцекачоў з Беларусі. 25 сакавіка стала для беларусаў днём адзінства, перакананая філосафка Святлана Мацкевіч

- У першую чаргу ідзецца пра тое, каб адчуць гэтую атмасферу адзінства, еднасці ў тым, што “Жыве Беларусь”. Мы павінны ўвесь пацвярджаць, што мы жывы. Дзеля гэтага патрэбна святкаванне агульных святаў, але і ў тым ліку, каб паглядзець у вочы адзін аднаму, рабіць супольныя дзеянні. Перыядычна нам патрэбныя такія святы, мы павінны разумець, дзе нашыя падваліны, дзе наш фундамент. Наша трываласць у пратэсце з 2020 году, які  мы мусім працягваць, з жаданнем пабудаваць Беларусь будучыні.

Таксама для людзей гэта магчымасць далучыцца да супольны дзеянняў, перакананы грамадскі актывіст Анатоль Міхнавец з Варшавы.

- Гэта наша свята, дзе мы ўшаноўваем айцоў заснавальнікаў БНР, а ўлічваючы сённяшнія абставіны ў Беларусі ды Украіне, мы сабраліся выказаць сваё меркаванне пра тое, што там адбываецца. Важна таксама пачаць супольна рабіць, я заклікаю людзей з думкамі ды ідэямі, каб яны іх агучвалі, а потым рэалізоўвалі. Трэба дзейнічаць хутка ды рашуча. Нам важна цяпер знайсці згоду ды агульную мову.  

Яшчэ гэта нагода нагадаць пра  сябе свету, перакананы удзельнік Беларускага марша ў Варшаве Вячаслаў.

- Я не мог не далучыцца, бо гэта галоўнае свята беларусаў. Хай у выгнанні, але мы можам гэта святкаваць. Гэта свята пра якое нельга забыць. Трэба нагадваць і суседзям, што важна быць разам, беларусам, украінцам ды палякам. Асабліва цяпер, калі ідзе вайна ва Украіне, там вырашаецца лёс Еўропы.

 Беларусы масава далучыліся да святкавання Дня Волі, шматлікія святочныя акцыі прайшлі ў ЗША ды Еўропе. У Беларусі таксама святкавалі, хай і не так адкрыта, але таксама шчыра. 

Юры Ліхтаровіч