Беларуская Служба

Гісторыі смерці імперыяў паказалі, што не варта ўваходзіць у хаўрусы з паміраючай імперыяй

07.04.2022 13:07
Падзенне імперыі дае магчымасць іншым краінам дзейнічаць. 
,
Крэмль, Масквафота: PAP/EPA/MAXIM SHIPENKOV

Гісторыя – настаўніца жыцця. Пра гэтую лацінскую прымаўку пры нагодзе вайны ва Украіне піша каментатар выдання Gazeta Polska Барташ Бартчак. З 2020 года мы з’яўляемся сведкамі падзей, пра якія напішуць у падручніках па гісторыі. Спачатку пандэмія, пазней вайна. Магчыма, гэта назавуць пачаткам барацьбы паміж Усходам і Захадам. Цяжка сказаць, як яна закончыцца, але цяпер ужо вырысоўваюцца контуры будучага свету. І мы, паколькі бярэм удзел у падзеях, павінны сабе ўяўляць, якія мэты перад сабою ставім.

Гісторыя паўтараецца, і адзін з самых частых урокаў гісторыі – гэта тое, што імперыі нараджаюцца, жывуць і паміраюць. Гісторыі смерці імперыяў паказалі, што не варта ўваходзіць у хаўрусы з паміраючай імперыяй. Падзенне імперыі дае магчымасць іншым краінам дзейнічаць. Гэтыя ўрокі не засвоілі Арменія і Германія, якія паставілі на Расію. Першая прайграла з Азербайджанам, які падтрымлівае Турцыя, а другая, уваходзячы ў энергетычны саюз з расіянамі, папсавала сваю рэпутацыю і цяпер прымушана хутка шукаць іншыя крыніцы паставак сыравіны. У сваю чаргу Польшча засвоіла ўрокі гісторыі. Яна падтрымлівае незалежніцкія памкненні Беларусі і Украіны, шмат адукаваных людзей з гэтых дзяржаў будуе польскую эканоміку, хаця ёсць яшчэ дзеячы ў Польшчы, якія мяркуюць, што лепш аддаць Беларусь і Украіну Расіі, каб захаваць добрыя з ёй адносіны.

Другі ўрок гісторыі – новыя магутныя дзяржавы і блокі нараджаюцца на акраінах. Калі хтосьці шукае кандыдатаў на будучых лідараў Еўропы, ён павінен шукаць не на Захадзе, а ў Цэнтральна-Усходняй Еўропе. Менавіта тут ідзе барацьба за будучы выгляд нашага кантыненту. Вядома, што імперыі як правіла не ў стане падняцца пасля паразы, а слабейшыя дзяржавы могуць перамагчы мацнейшых, калі ў іх жыхароў высокая матывацыя. Можна прадбачыць, што Украіна пераможа ў вайне. На гэтым выйграе таксама Польшча, асабліва калі ўдасца далучыць да хаўрусу і Беларусь.

нг