Цела польскага дэзерціра Эміля Чэчкі, які ўцёк у Беларусь і абвінаваціў польскі ўрад у бесчалавечным абыходжанні з мігрантамі на мяжы, верагодна, будзе крэмаванае. Пра гэта паведаміў кіраўнік цэнтра «Сістэмная праваабарона». Gazeta Wyborcza нагадвае, што, паводле паведамлення Следчага камітэта Беларусі, 17 сакавіка бягучага года польскі дэзерцір быў знойдзены павешаным у Мінску.
25-гадовы мужчына, які служыў радавым на польска-беларускай мяжы, уцёк у Беларусь і папрасіў там прытулку. Ён заявіў, што такім чынам выступае супраць дзеянняў польскага ўрада ў сувязі з міграцыйным крызісам і бесчалавечным абыходжаннем з бежанцамі. Пазней аказалася, што мужчына быў судзімы, у тым ліку за здзек над маці. За невыкананне службовых абавязацельстваў былі звольненыя камандзіры польскага радавога.
Цяпер па справе Эміля Чэчкі ў беларускай газеце «Народная воля» выказаўся кіраўнік лукашэнкаўскага цэнтра «Сістэмная праваабарона» Дзмітрый Белякоў. Паводле яго, цела паляка да гэтага часу не пахаванае, а расследаванне прычынаў смерці працягваецца. Ён таксама праінфармаваў, што пасля завяршэння расследавання цела мужчыны, хутчэй за ўсё, будзе крэмаванае, а яго прах перавезены ў Польшчу.
Частка каментатараў не вераць у самагубства дэзерціра. Яны лічаць, што Эміль Чэчка ў нейкі момант перастаў быць патрэбны беларускім уладам і таму яны вырашылі пазбавіцца ад яго. Пасля крэмацыі ўсталяваць магчымую прычыну смерці паляка будзе практычна немагчыма, нагадвае Gazeta Wyborcza.
аз