Беларуская Служба

Кіроўная партыя «Права і справядлівасць» абвясціла мабілізацыю членаў

06.06.2022 14:01
Паводле каментатараў, гэта фактычны старт трохгадовага выбарчага марафону ў Польшчы.
Аўдыё
  • Кіроўная партыя «Права і справядлівасць» абвясціла мабілізацыю
Старшыня «Права і справядлівасці» Яраслаў КачыньскіPAP/Radek Pietruszka

Польская кіроўная партыя «Права і справядлівасць» распачынае летні цыкл сустрэчаў з выбаршчыкамі. «Вялікую мабілізацыю» абвясціў старшыня партыі Яраслаў Качыньскі падчас з'езду арганізацыі, які прайшоў у выходныя. Паводле каментатараў, гэта фактычны старт трохгадовага выбарчага марафону ў Польшчы.

Старшыня «Права і справядлівасці» пераконваў, што цягам двух апошніх гадоў урад справіўся выдатна. Яраслаў Качыньскі казаў пра сацыяльныя праграмы, інвестыцыі, такія, як газапорт у Свінавуйсці, павелічэнне выдаткаў на абарону, ахову здароўя, адукацыю, а таксама пра падтрымку пажылых людзей.

Паводле старшыні ПіС у інтарэсе палякаў, каб аб’яднаныя правыя сілы засталіся пры ўладзе. У сваю чаргу, актуальна задача палітыкаў правых сілаў – пераканаць у гэтым выбаршчыкаў:

- Я абвяшчаю мабілізацыю «Права і справядлівасці» і ўсіх Аб’яднаных правых сілаў.

Прэс-сакратар польскага ўрада Пётр Мюлер(Piotr Muller) удакладніў, што мэтай згаданых сустрэчаў зʼяўляецца, між іншым, аднаўленне непасрэднага дыялогу з выбаршчыкамі:

- На жаль два гады пандэміі прычыніліся да таго, што нашыя традыцыйныя непасрэдныя кантакты з грамадзянамі, з рознымі асяроддзямі крыху запаволіліся, паколькі не было магчымасці арганізаваць гэткія сустрэчы. Зараз абвяшчаем мабілізацыю. Перад намі шмат выклікаў – рост цэнаў, інфляцыя. Мы павінны шукаць магчымасцяў сустрэцца з групамі грамадзян, якія найбольш адчуваюць рост інфляцыі і запрапанаваць ім адпаведныя сацыяльныя праграмы.

Міністр па справах сямʼі і сацыяльнай палітыкі Марлена Малёнг(Marlena Maląg) пераконвала, што аб’яднаныя правыя сілы не баяцца размаўляць з палякамі:

- Мы – «Права і справядлівасць» не баімся размаўляць з палякамі. Перш за ўсё, не баімся складаных размоваў, бо гэта з іх можна зрабіць канкрэтныя высновы. Мы будзем падсумоўваць тое, што было рэалізаванае і прыслухоўвацца да таго, чаго хочуць палякі.

Яраслаў Качыньскі таксама пераконваў, што Польшча гатовая да далейшага ўмацавання аховы ўсходняй мяжы. Кіраўнік «Права і справядлівасці» не сумняецца, што міграцыйны крызіс на мяжы з Беларуссю быў толькі ўступам да агрэсіі Расіі супраць Украіны:

- Калі трэба будзе будаваць нейкія іншыя сцены ўздоўж нашых межаў, то мы будзем гэта рабіць, хоць мы гэтага не хочам. Аднак палітыка бяспекі зводзіцца да прадугледжвання адмоўных сцэнарыяў. Калі трэба будзе ўмацоўваць тую сцяну, якая ўжо ўзводзіцца, то таксама будзем гэта рабіць. Хай ніхто не сумяецца – мы будзем абараняць Польшчу.

Яраслаў Качыньскі дадаў, што ўсе рашэнні адносна ўмацавання мяжы з Беларуссю, уключаючы будаўніцтва сцяны, былі прынятыя ў чэрвені 2021 года, то бок пасля пачатку міграцыйнага крызісу ў Літве.

Дарэчы ўсходнюю Польшчу ў рамках турнэ па краіне плануе наведаць спікер польскага Сейма Эльжбета Вітэк(Elżbieta Witek):

- Я б хацела наведаць Усход Польшчы, у прыватнасці польска-беларускую мяжу. Сёння пра гэта нагадаў старшыня ПіС, што падзеі на мяжы з Беларуссю былі толькі ўступам да агрэсіі Расіі супраць Украіны. У гэтым рэгіёне людзі ўжо даўжэйшы час прымушаныя жыць у трывозе. Менавіта туды, я хацела б на пачатак накіравацца.

Яраслаў Качыньскі заявіў таксама пра павелічэнне выдаткаў на абарону. Старшыня ПіС падкрэсліў, што Польшча робіць высновы з таго, што адбываецца ў свеце:

- Выдаткі на абарону выраслі да 57 мільярдаў злотых (амаль 12,5 мільярда еўра), то бок на амаль 70%. У будучым годзе сродкі прызначаныя на гэтую мэту складуць больш за 96 мільярдаў злотых (амаль 21 мільярд еўра).

Нагадваем, паводле Закона аб абароне айчыны, які надоечы прынялі польскія ўлады, Польшча імкнецца да таго, каб выдзяляць на абарону 3 працэнты свайго ВУП.

Старшыня «Права і справядлівасці» заявіў, што зараз перад урадам стаяць новыя задачы, з якіх, паводле яго, найважнейшая – узяць пад кантроль інфляцыю. Палітык заявіў таксама аб павелічэнні сацыяльнай дапамогі, у тым ліку для асобаў, якія абаграваюць дамы вугалем:

- Мы вырашылі, што асобы, якія абаграваюць свае дамы вугалем, які зараз вельмі моцна падаражэў, нават да 3 тысяч злотых за тону (больш за 650 еўра), будуць плаціць за згаданае паліва паводле ставак, якія абавязвалі раней.

Урад таксама вядзе перамовы з банкамі, аб павелічэнні працэнтных ставак па грашовых укладах.
Яраслаў Качыньскі прызнаў таксама, што «не ўсё атрымалася» ўраду. Пры гэтай нагодзе ён успомніў пра жыллёвую палітыку:

- Не ўсё атрымалася. З праграмы «Кватэра Плюс» былі пабудаваныя толькі 18 тысяч кватэраў. 24 тысячы – надалей на этапе будаўніцтва. Агулам, гэта 42 тысячы кватэраў. Павінна быць на многа больш.

Яраслаў Качыньскі казаў таксама пра гераізм украінцаў, якія змагаюцца з Расіяй і аб стаўленні палякаў, якія аказалі дапамогу мільёнам украінскіх уцекачоў.

Паводле вынікаў апытання Estymator, праведзенага для партала DoRzeczy.pl, калі б выбары адбыліся ў бліжэйшыя дні, кааліцыя «Права і справядлівасці» і руху «Кукізʼ15» магла б разлічваць на 41,2 працэнта галасоў падтрымкі выбаршчыкаў. Найбуйнейшая апазіцыйная «Грамадзянская кааліцыя» – на 27,5 працэнта галасоў, а кааліцыя Польскай сялянскай партыі, «Польшчы 2050» і «Пагаднення» – на 16,7 адсотка галасоў выбаршчыкаў. Левыя сілы маглі б разлічваць на 9,9 працэнта галасоў.

У сваю чаргу паводле апытання, праведзенага United Surveys па замове партала Wirtualna Polska, Абʼяднаныя правыя сілы падтрымалі б 36,5 працэнта галасоў рэспандэнты (на 0,3 адсотка больш, чым у траўні). Другое месца заняла б «Грамадзянская кааліцыя» – 24,9 працэнта (на 0,3 працэнтнага пункта менш, чым у траўні). Паводле згаданага апытання, найбольшы рост выбаршчыкаў зафіксавала «Польшча 2050» – на 2,4 працэнта. Падтрымка партыі Шымана Галоўні складае 11 працэнтаў.

IAR/аз

Яраслаў Качыньскі: Санкцыі могуць дапамагчы выратаваць Украіну, але яны павінны быць моцнымі

01.04.2022 11:25
З пункту гледжання міру ў свеце, колькасць амерыканскіх жаўнераў на ўсходнім флангу НАТА павінна быць рашуча павялічаная, лічыць віцэ-прэм’ер.

Яраслаў Качыньскі: Польшча гатовая да далейшага ўмацавання ўсходняй мяжы

04.06.2022 15:38
Сёння прайшоў з'езд кіроўнай партыі «Права і справядлівасць».