Беларуская Служба

Сэрцам, жыццём мы ў Беларусі. Чакаем вяртання, рыхтуемся да гэтага — партыя БХД аднаўляе сваю дзейнасць

14.06.2022 14:13
У Беларусі палітычнае поле разгромленае. Хто сядзіць у турме, хто з’ехаў ратуючыся ад рэпрэсій, а хто сышоў у глыбокае падполле. Прадстаўнікі Беларускай хрысціянскай партыі заявілі пра намер адрадзіць дзейнасць партыі ў эміграцыі.
Аўдыё
  • Сябры Беларускай хрысціянскай дэмакратыі заявілі пра стварэнне партыйных суполак у Беластоку і Варшаве, запусцілі «Партыйную школу БХД» у Беластоку.
           .
Прадстаўнікі Беларускай хрысціянскай партыі заявілі пра намер адрадзіць дзейнасць партыі ў эміграцыі. Фота: facebook.com/heorhi.dzmitruk

Сябры Беларускай хрысціянскай дэмакратыі заявілі пра стварэнне партыйных суполак у Беластоку і Варшаве, запусцілі «Партыйную школу БХД» у Беластоку. Георгій Дзмітрук, сустаршыня БХД, гаворыць, што трэба карыстацца магчымасцямі і не пускаць жыццё на самацёк, а вучыцца і рыхтавацца да вяртання ў Беларусь:

– Мы нічога звышнатуральнага не робім, але тых людзей, якія раз’ехаліся, у якіх свой лёс, збіраем, камуніцыруем, дапамагаем адзін аднаму. БХД жывая і ніхто яе не зможа нейкім чынам пахаваць, робім што можам. Не бачу ніякіх цяжкасцяў ці подзвігаў, усё натуральна.

Сустаршыня БХД Георгій Дзмітрук тлумачыць, што цяпер задача працаваць з усімі БХДшнікамі, незалежна ад краіны, дзе яны знаходзяцца. Гэта праца на выбудоўванні гарызантальных сувязяў, аб’яднанні людзей, якія былі вымушаныя з’ехаць з Беларусі. Георгій гаворыць, што ў Беларусі аргкамітэт партыі БХД правёў сем з’ездаў, і ўвесь час прыходзілі новыя людзі. Што праўда, БХД так і не была зарэгістраваная Міністэрствам юстыцыі як партыя.

Перад Беларускай хрысціянскай дэмакратыяй цяпер не стаіць задача ўліцца ў палітычнае поле Польшчы.

– Гэта зусім не наша тэма. Чаго мы хочам? Першае: тых БХДшнікаў, якія знаходзяцца за мяжой і адчуваюць сябе часткай БХД, хочам іх аб’яднаць. І калі яны хацелі б адкрыць суполку БХД у Францыі ці Германіі, Літве ці Іспаніі мы гэта вітаем. У Беларусі людзі жылі ў розных гарадах, цяпер унутраная структура партыі трансфармуецца. Таму мы хочам стварыць такія суполкі БХД у розных месцах. Ужо ёсць суполкі ў Беластоку і Варшаве, яшчэ пяць-шэсць рыхтуюцца. Можна карыстацца сваімі магчымасцямі і здольнасцямі, працаваць з людзьмі, з новымі людзьмі. Мы не разглядаем магчымасць стварэння палітычнай партыі ў Польшчы ці любой іншай краіне. Сэрцам, жыццём мы ў Беларусі. Чакаем свайго вяртання, рыхтуемся да гэтага і верым, што Госпад дасць нам магчымасць удзельнічаць у палітычным жыцці краіны і дасягаць пераменаў у краіне.

Сэрцам, жыццём мы ў Беларусі. Чакаем свайго вяртання, рыхтуемся да гэтага.

Адзін з ідэйных заснавальнікаў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец цяпер у турме ў Беларусі. Ён быў затрыманы яшчэ ў чэрвені 2020 года, асуджаны на 7 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму за «ўдзел у масавых беспарадках». Трэба сказаць, што Севярынец верыць, што канцэпт хрысціянскай дэмакратыі можа аб’яднаць многіх людзей. Ён дзейны па сваёй прыродзе чалавек, таму яго паплечнік па партыі Гергій Дзмітрук перакананы, што Павел Севярынец абсалютна ўхваліў бы такое рашэнне.

– Я дакладна ведаю, чаго Павел хацеў. Таму яго дзецішча– Беларуская хрысціянская дэмакратыя – развіваецца і рухаецца наперад. Гэта тое, чаго хацеў Павел. Я ведаю яго шмат год, гэтая справа для яго важная і мы яе працягваем.

Што тычыцца Беларусі, то я шмат разоў паўтараў – мы выйгралі. Усё адбылося. Працэс пасля 2020 года – гэта зусім іншае. Ужо ўсё адбылося. Народ звольніў Лукашэнку і яго ўладу. Не мае ніякага значэння, колькі гэта будзе цягнуцца – іх спроба ўтрымацца ва ўладзе. Гэта не мае значэння. Бо Беларусь, людзі зрабілі свой выбар. Ментальныя змены ў сэрцах людзей – тое, чаго мы дасягнулі. Ісус тры дні быў у труне, многія думалі, што гэта быў пройгрыш, што словы Госпада былі няслушныя, але праз тры дні ўсе ўбачылі, што гэта перамога. І беларусам я хачу сказаць і натхніць іх: тое, што адбылося ў 20-ым годзе – гэта быў наш выбар, мільёны сказалі, што хочуць жыць у іншай краіне. І дэ-юрэ і дэ-факта гэта адбудзецца хутка.

Цяпер у Беларускай хрысціянскай дэмакратыі ёсць офіс у Беластоку, ёсць суполкі ў Беластоку і Варшаве.

вх