Беларуская Служба

Расіяне раскансервавалі савецкія вайсковыя склады за Уралам, бо ім не хапае тэхнікі і зброі

16.07.2022 06:01
У Санкт-Пецярбургу танкарамонтны завод, дзе мадэрнізуюць танкі Т-80, працуе ў тры змены на патрэбы агрэсіі супраць Украіны. 
zdjęcie ilustracyjne
zdjęcie ilustracyjnemil.ru

Расіяне вывозяць узбраенне і ваенную тэхніку са складоў у самых аддаленых рэгіёнах Расіі, у прыватнасці, на Сахаліне, паведаміў прэс-сакратар Міністэрства абароны Украіны Аляксандр Матузянік. Пра гэта паведамляе Gazeta Wyborcza.

«За больш чым чатыры месяцы актыўных баявых дзеянняў праціўнік панёс значныя страты не толькі ў жывой сіле, але і ў баявой тэхніцы ды ўзбраенні, і таму патрабуе іх папаўнення», – кажа ваенны эксперт Міхаіл Жырохаў. – Савецкі Саюз у свой час, у адрозненне ад заходніх краін, не выводзіў асобныя ўзоры ваеннай тэхнікі з арсенала, а адпраўляў іх на захоўванне. У прыватнасці, на ўзбраенні адначасова знаходзіліся некалькі тыпаў танкаў: Т-64, Т-72, Т-80, Т-62 і Т-55. Кулямёт ДШК не пераплаўлялі на метал, а адпраўлялі на склады», – кажа эксперт.

Пасля распаду СССР уся гэтая зброя трапіла ў Расію. Большую частку перавезлі за Урал для захоўвання. Менавіта на Далёкім Усходзе і ў Сібіры знаходзяцца велізарныя склады ўзбраення і тэхнікі. Зараз захопнікі здымаюць яе са складоў і перакідваюць ва Украіну. У Расіі не думалі, што вайна ва Украіне зацягнецца, і большую частку тэхнікі і боепрыпасаў выкарысталі.

«Праціўнік здымае са складаў розную ваенную тэхніку, – дадае былы супрацоўнік Галоўнага аператыўнага ўпраўлення Генштабу Украіны, палкоўнік запасу Алег Жданаў. – Гаворка ідзе пра танкі, бронетранспарцёры, БМП, артылерыю, грузавую і спецтэхніку, інжынерныя машыны і сродкі сувязі, бензавозы».

– Наколькі гэта тэхніка састарэла?

М. Жырохаў:

– Расіяне некаторыя ўзоры мадэрнізуюць. Напрыклад, у Санкт-Пецярбургу танкарамонтны завод, дзе мадэрнізуюць танкі Т-80, працуе ў тры змены. Нельга сказаць, што тэхніка састарэла. Бо на тым жа танку Т-62 ёсць цеплавізійная камера і дадатковая дынамічная абарона. Гэты танк больш устойлівы да «Джавелінаў».
Любая зброя, якая страляе і забівае, незалежна ад году выпуску, небяспечная.

–Ці хутка праціўнік можа даставіць на фронт узбраенне, знятае са складоў?

А. Жданаў:

– Даставіць тэхніку з Сахаліна ці Далёкага Усходу ў еўрапейскую частку вялікая праблема – гэта значная адлегласць. Эшалон са зброяй будзе ісці з Уладзівастоку два тыдні.

Цяпер Расія спыніла рух цягнікоў па Транссібірскай магістралі, бо адбыліся дзве аварыі: з рэек сышлі эшалоны са зброяй і тэхнікай. Перакідка з Калінінграду яшчэ больш праблемная, бо адтуль зброю трэба спачатку пераправіць морам у Санкт-Пецярбург, а потым перагрузіць на чыгунку і прывезці на Данбас. І гэта зойме не адзін тыдзень, паведамляе Gazeta Wyborcza.