Уладзімір Пуцін загадаў учора часткова мабілізаваць рэзервістаў і прыгразіў выкарыстаннем ядзернай зброі. На фронт могуць адправіць таксама жыхароў, падрыхтаваных да анексіі акупаваных тэрыторыяў Украіны, паведамляе штодзёнка «Dziennik Gazeta Prawna». Газета падкрэслівае, што прэзідэнт Расіі абвясціў учора, што пасля рэферэндумаў, якія Крэмль плануе зладзіць 23-27 верасня, чатыры ўкраінскія вобласці – Данецкая, Луганская, Херсонскага і Запарожская будуць анексаваныя РФ.
Газета адзначае, што галасаванне – незаконнае паводле міжнароднага права, якое забараняе такую практыку ва ўмовах акупацыі – будзе амаль абавязковым. Марыянеткавыя адміністрацыі акупаваных рэгіёнаў заяўляюць, што «з меркаванняў бяспекі» выбарчыя камісіі будуць збіраць галасы, абыходзячы дамы. «Вынікі» павінны пацвердзіць, што падтрымка анексіі складае ад 80% у Херсонскай вобласці да 94% у Данецку. Паводле заяваў, адразу пасля абвяшчэння «вынікаў» акупацыйныя адміністрацыі накіруюць у Расійскую Федэрацыю просьбы аб далучэнні і падпішуць адпаведныя пагадненні з Пуціным.
Такім чынам, самаабвешчаныя ДНР і ЛНР, незалежнасць якіх Расія прызнала напярэдадні ўварвання ва Украіну, будуць анексаваныя ў РФ пад гэтымі назвамі, а іх узброеныя сілы ўключаны ў склад расійскай арміі, якая і сёння ажыццяўляе над імі поўны кантроль.
У сваю чаргу, калабаранты з Херсонскай і Запарожскай абласцей пойдуць шляхам Крыма з 2014 года і спачатку абвесцяць незалежнасць, якую прызнае Масква, а неўзабаве падпішуць з ёй такія ж дамовы, як ДНР і ЛНР.
Паводле каментатараў, галоўная мэта рэферэндумаў – спыніць украінскую контратаку. Хоць свет не прызнае незаконных анексій, то Масква будзе называць украінскае контрнаступленне атакай на «сваю тэрыторыю» і пагражаць ядзернай зброяй.
«Dziennik Gazeta Prawna» нагадвае, што расійская ваенная дактрына дазваляе Маскве першай ужыць ядзерную зброю толькі ў сітуацыі пагрозы існаванню дзяржавы.
Запытаны пра гэта ў сакавіку бягучага года міністр абароны Украіны Андрэй Загараднюк адказаў, што «патэнцыйна» Масква можа гэта зрабіць, але гэта была б поўная катастрофа таксама для самой Расіі».
аз