Беларуская Служба

Кыргызстан збіраецца перайсці на лацінскі алфавіт

30.09.2022 12:19
Раней Кыргызстан цесна супрацоўнічаў з Расіяй, але цяпер ён усё больш аддаляецца ад яе.
Сцяг Кыргызстануфота: A.Savin, CC BY-SA 4.0 , via Wikimedia Commons

«Русский мир» развальваецца. Кыргызстан збіраецца перайсці на лацінскі алфавіт – піша Niezalezna.pl.

Пытанне адзінага алфавіту абмяркоўвалася падчас семінара, які прайшоў у Бурсе – Сусветнай сталіцы турэцкай культуры. Падчас семінара, у якім прынялі ўдзел навукоўцы і акадэмікі з цюркскіх рэспублік, старшыня Камісіі па мове праф. Канібек Асманаліеў заявіў, што Кыргызстан пяройдзе на лацінскі алфавіт.

Раней Кыргызстан цесна супрацоўнічаў з Расіяй, але цяпер ён усё больш аддаляецца ад яе. Тыдзень таму амбасада Кыргызстану ў Расіі перасцерагла сваіх грамадзян ад удзелу ў вайне ва Украіне. Нагадаем, адным са стымулаў да барацьбы па боку Расіі зʼяўляецца спрашчэнне працэдуры атрымання грамадзянства гэтай краіны для замежнікаў. На яго можна прэтэндаваць пасля года службы ў расійскай арміі.

Цяпер узнікла пытанне мовы. У 1928-1940 гадах выкарыстоўваўся алфавіт, заснаваны на лацінскім запісе: цюркскі алфавіт. Але ў 1940 годзе савецкія ўлады ва ўсіх цюркскіх краінах замянілі лацінку кірыліцай. І менавіта цяпер – пасля расійскага ўварвання ва Украіну – Кыргызстан адмовіцца ад кірыліцы. Раней, у 2017 годзе, такое рашэнне прыняў Казахстан.

Па выніках навуковых дакладаў і дыскусій, якія прайшлі ў Бурсе, было вырашана, між іншым, аб стварэнні «Агульнай алфавітнай камісіі» у рамках Арганізацыі турэцкіх дзяржаў для ўдасканалення агульнага алфавіту цюркскага свету. Першае пасяджэнне камітэту пройдзе ў Кыргызстане ў кастрычніку. Ён таксама рэкамендаваў, каб «34-літарны агульны турэцкі алфавіт», зацверджаны на сімпозіуме ва Універсітэце Мармара ў 1991 годзе, быў прыняты ў якасці асновы для распрацоўкі нацыянальных алфавітаў.

нг