Беларуская Служба

Не ўсе польскія палітыкі разумеюць сутнасць беларускага рэжыму

26.10.2022 12:22
Сярод палітычных дзеячаў здараюцца людзі, якім падабаецца мадэль, якую абрала беларуская дзяржава. 
.       .
А. Лукашэнка будуе эканоміку на аснове сельскай гаспадаркі. Некаторым гэта падабаеццафота: Пул першага

Нават у Польшчы, якая больш, чым іншыя краіны дэмакратычнай Еўропы цікавіцца Беларуссю па прычыне геаграфічнай, гістарычнай і культурнай блізасці, не ўсе разумеюць сутнасць беларускага рэжыму. І сярод высокапастаўленых палітычных дзеячаў здараюцца людзі, якім падабаецца мадэль, якую абрала беларуская дзяржава. Выданне Rzeczpospolita піша, што агенцтва БелТА цытуе польскага палітыка. Кшыштаф Талвіньскі (Krzysztof Tałwiński), звязаны ў мінулым з польскімі групоўкамі «Права і справядлівасць», Польская сялянская партыя ды «Канфедэрацыя», заявіў пра відавочнасць перавагі беларускай мадэлі дзяржавы.

У 2007 годзе Талвіньскі быў віцэ-міністрам дзяржаўнай скарбніцы ва ўрадзе Яраслава Качыньскага, пазней стаў дэпутатам Сейму ад партыі «ПіС». Цяпер жа палітык вінаваціць польскі ўрад, што той вядзе быццам бы «паранаічна правакацыйную палітыку» у адносінах Беларусі і Расіі. І дадае, што Польшчу цікавіць беларуская сельскагаспадарчая палітыка. На ягоную думку, аграрная мадэль, якую выбрала Беларусь, найбольш устойлівая на тыя выклікі, якія назіраюцца цяпер у свеце. Гаворка ідзе перш за ўсё пра тое, што карысныя выкапні і перапрацоўчая галіна застаюцца ў руках дзяржавы. Таксама Талвіньскаму падабаецца, што ўлады ў Беларусі захавалі кантроль над гандлем, у адрозненні ад Польшчы. «Прадукт нічога не значыць, паколькі гандаль не знаходзіцца ў нашых руках. Калі аддаеш уплыў на гандаль, аддаеш таксама незалежнасць», – мяркуе палітык.

Немагчыма стрымацца ад каментара – чаму Талвіньскі, калі кажа пра правакацыйную палітыку Польшчы ў адносінах Беларусі, не згадвае факты знішчэння месцаў пахавання салдат Арміі Краёвай на тэрыторыі Беларусі. Вось гэта прыклад сапраўды правакацыйнай палітыкі, але ў адносінах Польшчы з боку беларускіх уладаў.

нг