Ва Украіне праходзяць дыскусіі наконт палітыкі Кіева ў дачыненні да Беларусі. Напрыклад, надоечы група ўкраінскіх дэпутатаў з розных парламенцкіх фракцый, прапанавала прызнаць суседнюю краіну тэрыторыяй, акупаванай Расіяй. Калі б адпаведны закон быў бы прыняты Вярхоўнай Радай, гэта азначала б разарванне афіцыйных дыпламатычных адносін паміж Кіевам і Мінскам, але і паставіла б пытанне, каго лічыць законным прадстаўніком беларускага народа, канстатуе Марэк Будзіш на старонцы wpolityce.pl.
Пра гэта, што ўлады ўкраінскай дзяржавы абмяркоўваюць «беларускае пытанне» сведчаць нядаўнія словы сакратара Рады бяспекі і абароны Украіны Аляксея Данілава, які падчас размовы з журналістамі сказаў, што на ягоную думку «Беларусь акупаваная Расіяй». Хоць, гэта не афіцыйная пазіцыя ўкраінскага боку, але яго заява мае сваю ўдзельную вагу.
Каментатары ў беларускіх апазіцыйных СМІ і ўкраінскія палітолагі, якія выказваюцца на гэтую тэму, перакананыя, што гэта пасыл мінскаму рэжыму, што Украіна пачне дзеянні з мэтай звяржэння Лукашэнкі, калі ён непасрэдна далучыцца да расійскай вайны, накіроўваючы ва Украіну беларускія войскі.
Дыскусія ідзе і ў Беларусі, пра што сведчыць даклад «Беларусь у пастцы суагрэсара?» аўтарства Арсеня Сівіцкага і Юрыя Царыка з Цэнтра стратэгічных і знешнепалітычных даследаванняў. На думку многіх каментатараў, аналітычны цэнтр пад кіраўніцтвам Сівіцкага – гэта талераваная (некаторыя мяркуюць, кантраляваная) форма камунікацыі рэжыму Лукашэнкі з Захадам. Тым больш, паводле Марэка Будзіша, даклад Сівіцкага і Царыка, асабліва змешчаныя ў ім дыягназы і прапановы, можа быць сігналам рэжыму, або яго часткі, што ён гатовы зрабіць зварот у цяперашняй палітыцы, або, прынамсі, правярае такую магчымасць.
Паводле беларускіх экспертаў, у выніку серыі памылковых стратэгічных рашэнняў, прынятых уладамі ў Мінску за апошнія гады, рэжым Лукашэнкі апынуўся ў «пастцы суагрэсара». Гаворка ідзе пра тое, што «Беларусь не ўплывае ні на дзеянні галоўнага агрэсара (Расіі), ні на развіццё сітуацыі ў цэлым, але несе наступствы, прычым у некаторых сферах – нават у большым маштабе – чым галоўны агрэсар».
Пакуль што галоўная перавага Мінска ў тым, што беларуская армія не прымала непасрэднага ўдзелу ў ваенных дзеяннях супраць Украіны. Аднак з часам і гэты фактар будзе зніжацца, сцвярджаюць беларускія эксперты.
Калі Масква прайграе вайну, Мінску давядзецца ўлічваць удары ўкраінскіх сіл па расійскіх групоўках у Беларусі, што ў перспектыве можа азначаць пашырэнне баявых дзеянняў. Сцэнар, які таксама варта разглядаць, прынамсі ў Мінску, гэта той, які прадугледжвае, што Масква вырашаць выкарыстаць свой ядзерны патэнцыял. Тады Захад можа адказаць, але, як сцвярджаюць Сівіцкі і Царык, мэтай атакі будзе не Расія, бо гэта прадугледжвала б запуск эскалацыйнага сцэнара, а Беларусь ці расійскія сілы на беларускай зямлі.
Актыўнае ўцягванне Мінска ў вайну на баку Расіі таксама пагражае перамяшчэннем ваенных дзеянняў на тэрыторыю Беларусі, што азначала б таксама дадатковыя кошты.
На думку аналітыкаў Цэнтра стратэгічных і знешнепалітычных даследаванняў, Беларусь змагаецца з трыма ўзаемазвязанымі крызісамі. Першы – гэта крызіс палітычнай сістэмы і сацыяльнага даверу, які з’яўляецца непасрэдным вынікам таго, што адбылося ў 2020 годзе, другі – геастратэгічны крызіс у выніку вайны паміж Расіяй і Украінай, і трэці – гэта эканамічны крызіс. Без рашучых дзеянняў не ўдасца пераадолець пагрозы, якой з’яўляецца дэградацыя краіны. Праз два гады пасля фальсіфікаваных выбараў крызіс даверу паміж уладамі ў Мінску і лідарамі заходніх краін таксама абвастраецца. Усё гэта на руку Маскве, канстатуе Марэк Будзіш на старонцы wpolityce.pl
аз