Беларуская Служба

Група Вагнера і апошняя граната. Як ствараўся міф пра наймітаў?

03.11.2022 14:26
Рускія ўтрымліваюць свае пазіцыі на фронце дзякуючы тысячам наймітаў, завербаваных «прэзідэнцкім кухарам».
 .
Ілюстрацыйнае фота.Forum/TASS

«Вагнер нікога не пакідае. Калі будзе рызыка, што групу захопяць, мы самі групу заб'ём, таму што ў палоне мы нікому не дазволім жорстка абыходзіцца з нашымі салдатамі», – адказваў на пытанне журналістаў уладальнік кампаніі «Вагнер» Яўген Прыгожын.

У канцы верасня «кухар Пуціна» перастаў хаваць, што не толькі кіруе грамадскім харчаваннем, але і валодае кампаніяй, якая займаецца наборам наймітаў. Пра «групу Вагнера» піша Rzeczpospolita.

Нягледзячы на тое, што практыка наёмніцтва ў Расіі караецца паводле крымінальнага кодэксу, па ўсёй краіне з гонарам публікуюць некралогі загінулым ва Украіне «псам вайны». У той жа час вагнераўцы маюць імідж лепшых салдат фронту. Палонныя расказвалі ўкраінцам, што інструктары на палігонах расстрэльвалі за няправільна выкананыя загады.

Украінцы заўважылі, што на полі бою зʼявіліся расійскія вайскоўцы, якія стараюцца не пакідаць целаў загінулых таварышаў – у адрозненне ад іншых участкаў фронту. Мяркуецца, што гэта вагнераўцы.

Акрамя былых вайскоўцаў, Прыгожын масава вярбуе вязняў у калоніях па ўсёй краіне.
Грамадскія актывісты ў Расіі мяркуюць, што на вайну могуць пайсці дзясяткі тысяч асуджаных за злачынствы. Са зʼяўленнем ва Украіне «зэкаў» сталі публічнымі звесткі пра тое, як у гэтых частках падтрымліваецца дысцыпліна. Напрыклад, кожны завербаваны павінен даць камандзірам дадзеныя пра сваіх блізкіх, зрабіць іх закладнікамі ў выпадку дэзерцірства або палону.

«Калі ёсць рызыка, што баец можа трапіць у палон па нейкай незразумелай прычыне, напрыклад, таму што ён застаўся адзін на полі бою без патронаў, паранены і не можа больш ваяваць, то ён падрывае сябе гранатай, якую кожны вагнеравец атрымлівае. Яна так і называецца: апошняя граната», – тлумачыў Прыгожын журналістам і раней завербаваным вязням у калоніі пад Пермю, чаму ніхто з яго людзей не трапляе ў палон.

Украінскі генштаб лічыць, што за апошнія чатыры дні колькасць расійскіх вайскоўцаў, якія загінулі на вайне, вырасла ў пяць разоў. Нягледзячы на тое, што фронт стаіць на месцы.

«Мужыкі, не дурыце. Бо мы не міліцыянты з крымінальнага аддзелу. Скажыце, за што вы сядзелі», – на адным з запісаў у інтэрнэце ўкраінскія вайскоўцы ўгаворвалі параненага (і ўжо вылечанага) вагнераўца расказаць, які прысуд ён атрымаў і за што. Лежачы з забінтаванай нагой, ён прызнаваўся ў забойстве, разбураючы міф пра вагнераўцаў, якія не трапляюць у палон.

Прыгожын, аднак, стараецца з забойчай дысцыплінай не дапускаць падобных здарэнняў.

– Мы ўжо маем звесткі як мінімум пра 400 расстраляных наёмнікаў з шэрагу асуджаных. Мы пакуль не можам вызначыць, колькі з іх загінула на полі бою, а колькі было забіта наглядчыкамі або інструктарамі з групы «Вагнера», – паведаміў Уладзімір Асечкін з арганізацыі Gulagu.net. «Цэлы асуджаных спальваюць у перасоўных крэматорыях, каб схаваць сляды катаванняў», – кажа Асецкін.
Пасля таго, як летась стала вядома пра масавыя здзекі асуджаных у калоніях на Далёкім Усходзе, Асечкін быў вымушаны ўцячы з Расіі.

вх