Беларуская Служба

Былы міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі – 805 тысяч еўра і Пуцін

03.11.2022 12:47
Каментар на тэму элементаў прарасійскай палітыкі ў дзеяннях дзеячаў польскай апазіцыі. 
Аўдыё
  • Андрэй Рыбалт пра пазіцыю Радаслава Сікорскага
Radosław Sikorski
Radosław SikorskiMARCIN BANASZKIEWICZ / FotoNews / Forum

Вядомыя палітолагі даўно перакананыя, што агентурная сетка і метады лабіявання інтарэсаў пуцінскага рэжыму ў Еўропе і ЗША з'яўляюцца больш таннай і эфектыўнай зброяй, чым танкі, самалёты і ракеты.

Экс-кіраўнік МЗС Польшчы Радаслаў Сікорскі нядаўна выклікаў глабальны скандал з допісам у сацыяльных сетках: «Дзякуй ЗША», праілюстраваўшы яго фатаграфіямі выбуху газаправодаў «Паўночны паток» у Балтыйскім моры. Словы Сікорскага тут жа працытавалі пуцінскія прапагандысты.

Прэмʼер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі пракаментаваў паводзіны Сікорскага словамі: «Радаслаў Сікорскі лічыў сябе абаронцам дыпламатыі. І апынуўся пешкай у прапагандысцкай гульні Пуціна. Гэта ўся праўда пра кіраўніцтва Грамадзянскай платформы».

Яшчэ ў 2020 годзе, то бок ужо пасля шэрагу пуцінскіх злачынстваў, Радаслаў Сікорскі выступіў на тэлеканале TVN з заявай у абарону Расіі і Пуціна. «Мы не ваюем з Расіяй, Расія нам не вораг, яна ўстойлівы геапалітычны супернік, але Пуцін – не Сталін. Калі прэзідэнт Пуцін забівае, то асобна, а не калектыўна – гэта вялікая розніца, асабліва для ахвяр. Я прашу звярнуць увагу на тое, што іншыя краіны вядуць перамовы з Расіяй, а ў нас за чатыры гады не было ніводнай сустрэчы ні прэзідэнта, ні прэмʼер-міністра, гэта нядобра. Гэта была б лепшая роля для Польшчы, чым тая, якую мы абралі – такога сталага русафоба», – казаў Радаслаў Сікорскі ў 2020 годзе, ужо пасля чачэнскіх войнаў, уварвання ў Грузію, анексіі Крыму і часткі Данецкай і Луганскай абласцей Украіны, і расстрэлы падчас Рэвалюцыі Годнасці.

Польскія аглядальнікі кажуць, што паслядоўныя прарасійскія заявы Сікорскага, мужа вядомай амерыканскай журналісткі Эн Эплбаум, невыпадковыя. Польскія еўрадэпутаты ад партыі «Права і справядлівасць» у Еўрапарламенце пасля скандальнага допісу Сікорскага: «Дзякуй ЗША» зладзілі прэс-канферэнцыю, падчас якой запатрабавалі ад Сікорскага адказу на пытанне, адкуль у яго сума даходаў за 2021 год. Акрамя заробку еўрадэпутата, больш за восемсот тысяч еўра. Радаслаў Сікорскі лідзіруе сярод палітыкаў Еўрапарламента па даходах з іншых крыніц. Пра гэта сведчыць справаздача Transparency International EU. Больш за тое, польскія еўрадэпутаты і журналісты патрабуюць, каб Радаслаў Сікорскі не толькі напісаў у графе назву той ці іншай кансалтынгавай кампаніі, але і канкрэтыку – гэта значыць, што ён канкрэтна кансультаваў і якія вынікі гэтых кансультацый. Такія пытанні Сікорскаму задалі, між іншым, еўрадэпутат Дамінік Тарчыньскі і еўрадэпутат Ядвіга Вішнеўская. У Еўрапарламенце згадалі пра шэраг прарасійскіх заяваў і рашэнняў Радаслава Сікорскага, які быў міністрам нацыянальнай абароны Польшчы, міністрам замежных спраў і спікерам Сейма. Пасля скандальнай заявы Сікорскага польскія журналісты назвалі шэраг прарасійскіх заяваў былога кіраўніка польскай дыпламатыі. У 2013 годзе, калі ўкраінцы пачалі Рэвалюцыю Годнасці, Радаслаў Сікорскі сказаў пра адносіны сваёй дзяржавы з краінай Пуціна:

«Я рады сказаць, што адносіны паміж нашымі грамадствамі, рэгіёнамі, фірмамі і ўрадамі лепшыя, чым могуць сведчыць паведамленні ў прэсе».

Гэта было ў снежні 2013 года, то бок, калі ўжо палаў украінскі Майдан, Радаслаў Сікорскі падпісаў з Сяргеем Лаўровым сумесную заяву пад назвай: «Праграма 2020 у польска-расійскіх адносінах». У дакуменце гаворка ішла аб пашырэнні эканамічнага супрацоўніцтва і сумеснай дзейнасці на міжнароднай арэне, у тым ліку ў рамках Рады Расія – НАТА. Пасля таго, як Радаслаў Сікорскі абвінаваціў ЗША ў выбуху трубаправоду на дне Балтыйскага мора, польскія журналісты і палітыкі таксама нагадалі Радаславу Сікорскаму пра спробу запалохаць украінцаў падчас Рэвалюцыі Годнасці. Калі прадстаўнікі ўкраінскіх патрыётаў не хацелі падпісваць дамовы з агентурай Пуціна, якой кіраваў Януковіч, Сікорскі сказаў ім: «Альбо падпішыце гэта, або вы ўсе будзеце мёртвыя».

Вядомы ва Украіне дэпутат Еўрапарламэнту Яцэк Сарыуш-Вольскі пракаментаваў у інтэрвʼю грамадскаму тэлеканалу TVP пост Сікорскага ў сацсетцы і паслядоўную прарасійскую палітыку мужа Эн Эплбаум: «Сёння я не тлумачу гэтыя словы, як некаторыя іншыя, псіхалагічнай асновай ці рысамі характару, а палітычнымі перакананнямі. Я лічу, што гэта наўмысная шкода Польшчы, польска-амерыканскаму саюзу і дзеянні на карысць Расіі. Яны ўкладваюцца ў пэўную лінію. Як, напрыклад, яго заявы ў Кіеве, калі ён пагражаў Майдану і загадваў яму здацца. На маю думку, гэта пацвярджае прарасійскасць гэтага палітыка і прарасійскасць палітычнага лагеру, які стаіць за ім».
Вашынгтон адназначна раскрытыкаваў намёкі Радаслава Сікорскага на датычнасць ЗША да выбухаў газаправодаў у Балтыйскім моры.

«Ідэя аб тым, што ЗША нейкім чынам датычныя да дыверсій на газаправодзе Nord Stream, бессэнсоўная. Гэта не што іншае, як функцыя расійскай дэзынфармацыі, і гэта трэба ўспрымаць як такую», – заявіў прэс-сакратар Дзярждэпартаменту ЗША Нэд Прайс.

Журналістка Польскага радыё Катажына Гуйска-Хайке прызнала скандальныя словы Сікорскага абсалютна выключнай сітуацыяй і ўзяла на гэтую тэму інтэрвʼю ў польскага палітыка, які мае найбольшы вопыт барацьбы з расійскімі спецслужбамі, былым кіраўніком Міністэрства абароны, спікерам Сейму Антоні Мацярэвічам.

«Спадар міністр, мы маем справу з сапраўды выключнай сітуацыяй. Пра экс-кіраўніка польскай дыпламатыі, экс-спікера польскага Сейму прэс-сакратар Дзярждэпартаменту ЗША заявіў, што цяпер ён стаў функцыяй расійскай дэзынфармацыі і прапаганды».

Гаворыць Антоні Мацярэвіч: «Варта дадаць, што гаворка ідзе пра былога міністра нацыянальнай абароны. Сапраўды жахліва тое, што спадар Сікорскі напаў на Злучаныя Штаты, намякаючы, што ЗША вінаватыя ў гэтай дыверсіі. Гэта жахліва. Рэакцыя ЗША на такую атаку відавочная і натуральная. Гэта паказвае, што ЗША сурʼёзна ставяцца да гэтага, і вельмі жудасна, што партыя, дзе спадар Сікорскі адыгрывае такую важную ролю, не ўспрыняла гэтага сурʼёзна. Ён сам спрабуе гэта цалкам замяць, але гэтая атака Сікорскага была ўспрынятая міжнароднай супольнасцю як насамрэч вельмі паказальная пазіцыя не толькі яго асабіста, але і яго партыі «Грамадзянская платформа». Групоўка на гэта ніяк не рэагуе. Справа вельмі сурʼёзная, таму што гэтая фракцыя такім чынам праяўляе сваю антыамерыканскую пазіцыю. І я хачу нагадаць, што спадар Сікорскі такім жа чынам заступіўся за расійскі бок у 2010 годзе пасля Смаленскай катастрофы. Менавіта гэты чалавек першым пачаў распаўсюджваць расійскі пункт гледжання – маўляў, менавіта польскія лётчыкі прывялі да катастрофы пад Смаленскам. Гэта была абарона Пуціна. Так і сёння ён абараняе Пуціна, ён абараняе расійскі бок, і «Грамадзянская платформа» з гэтым згодная. Для Польшчы гэта вельмі сур’ёзная справа».

Антоні Мацярэвіч падкрэсліў, што Белы дом вымушаны быў адрэагаваць на скандальныя абвінавачванні Сікорскага.

«Цяжка дзівіцца таму, што Белы дом адрэагаваў на гэта. Белы дом быў вымушаны рэагаваць. Нягледзячы на тое, што цяпер спадар Сікорскі не займае ніякай пасады. Няма сумневу, што ён сябра «Грамадзянскай платформы». Фактычна пазіцыя ЗША вымагала ад «Грамадзянскай платформы» нейкага стаўлення да словаў Сікорскага, незалежна ад таго, згодная яна з гэтай пазіцыяй ці не. Ці застанецца спадар Сікорскі сябрам «Грамадзянскай платформы», ці будзе ён прадстаўляць той кірунак, які ён выклаў у сваёй прамове, то бок абарону Пуціна і напад на ЗША, ці не. Хачу нагадаць, што гэта не адзін чалавек. Ёсць таксама левыя колы, якія нападаюць на ЗША, ёсць колы, якія прэзентуюць сябе ўльтраправымі, хоць так іх цяжка назваць, якія таксама нападаюць на ЗША і кажуць, што ЗША прывялі да гэтай вайны. Так што сітуацыя сурʼёзная».

Радаслаў Сікорскі таксама спрабуе выбудаваць сваю пазіцыю палітыка, які дзейнічае ў карысць украінскага суверэнітэту на ўкраінскім медыйным полі. Варта нагадаць слухачам ва Украіне, што менавіта Радаслаў Сікорскі ў 2008 годзе на саміце НАТА ў Бухарэсце разам з канцлерам Германіі Ангелай Мэркель шляхам прымітыўных, але, на жаль, эфектыўных інтрыг спрычыніліся да адмовы на прапанову прэзідэнта Леха Качыньскага падрыхтаваць дарожную карту ўступлення Украіны і Грузіі ў НАТА. Цяпер жа ўкраінцы плацяць крывёй за гэтыя інтрыгі Мэркель і Сікорскага.

Дырэктар Праграмы замежнага вяшчання Польскага радыё Андрэй Рыбалт (Andrzej Rybałt)

Слухайце арыгінальны сюжэт у далучаным гукавым файле аўдыё і на сайце Украінскай службы ПР