Выданне Rzeczpospolita друкуе гутарку з былым дарадчыкам Уладзіміра Пуціна Андрэем Іларыёнавым, які цяпер з’яўляецца адным з важнейшых крытыкаў расійскага рэжыму. На пытанне пра сустрэчу апазіцыі, якая адбылася надоечы пад Варшавай, Іларыёнаў адказвае, што на гэтым мерапрыемстве ўпершыню быў прыняты дакумент, у якім гаворыцца пра пераходны парламент Расіі. Раней такога не было. Былі пратэсты, дэманстрацыі, шматлікія дзеячы апазіцыі траплялі ў турмы, некаторыя аддалі жыццё, але не было легітымнасці, упершыню за мяжой сабраліся былыя дэпутаты, за якіх калісьці галасавалі расіяне. У іх ёсць мандат прадстаўляць расійскі народ.
Калі глядзець на Расію звонку, то выглядае на тое, што сістэма стабільная, Пуцін кантралюе сітуацыю. Але на самой справе гэта не так – адзначае госць выдання. Ёсць палітыкі, якія выехалі з Расіі, адмовіліся ад пасад. З іншага боку, ці, калі Сталін напаў на Польшчу ў 1939 годзе, шмат людзей з яго рэжыму падалі ў адстаўку? Эліты не бунтуюцца, бо ў таталітарным рэжыме за пратэст супраць уладаў можна страціць жыццё.
Што для дэмакратычнага свету важней – хуткі канец вайны ці падзенне рэжыму Пуціна ў Расіі? На гэтае пытанне Іларыёнаў адказвае, што дэмакратычны свет розны. Пра адно думае Польшча, пра іншае Венгрыя, а яшчэ іншае ў галаве сербаў. Незалежна ад гэтага, дзейнасць Пуціна – гэта злачынства, ён павінен быць пастаўлены перад судом. Няважна, ці суд адбудзецца ўнутры Расіі, ці за мяжой. Ён можа прайсці ў Бучы, Марыупалі, Севастопалі або Маскве. Самае важнае, каб адбыўся справядлівы судовы працэс.
нг