Беларуская Служба

Рэакцыя Германіі на ноту аб ваенных рэпарацыях расчаравала палякаў

04.01.2023 11:21
Па гэтай справе Польшча плануе аказваць дыпламатычны ціск на ўлады Германіі і адукаваць нямецкае грамадства.
Аўдыё
  • Рэакцыя Германіі на ноту аб ваенных рэпарацыях расчаравала палякаў
   -
Аркадыюш Мулярчык падчас прэс-канферэнцыі ў Міністэрстве замежных справаў PAP/Radek Pietruszka

У кастрычніку Польшча накіравала ў Германію афіцыйную дыпламатычную ноту, у якой заклікала пачаць перамовы аб кампенсацыі матэрыяльнай і маральнай шкоды, якую палякі пацярпелі ў выніку вайны і нямецкай акупацыі ў 1939-1945 гадах. Раней па даручэнні польскіх уладаў група экспертаў ацаніла суму гэтых стратаў у амаль за адзін трыльён 329 мільярдаў 190 мільёнаў еўра.

Германія пакуль не даслала Польшчы афіцыйнага адказу, але гэтая тэма абмяркоўвалася, у тым ліку, у Берліне на сустрэчы прэзідэнтаў дзвюх краін і падчас сустрэчы міністраў замежных спраў Польшчы і Германіі ў Варшаве.

Кіраўнік нямецкай дыпламатыі Анналена Бербaк заявіла, што Германія «адчувае сваю гістарычную адказнасць», але дадала, што «з фармальнага пункту гледжання федэральны ўрад лічыць пытанне рэпарацый закрытым».

Нямецкі адказ на польскую дыпламатычную ноту аб ваенных рэпарацыях здзіўляе, расчароўвае, але і паказвае сапраўднае стаўленне Германіі да Польшчы, кажа намеснік міністра замежных спраў Аркадыюш Мулярчык(Arkadiusz Mularczyk). Палітык паведаміў, што адказ Берліна – гэта адзін сказ – справа закрытая і нямецкая дзяржава не мае намеру весці перамовы аб ваенных рэпарацыях. Паводле Аркадыюша Мулярчыка, такі адказ не мае прававога характару:

- Усе выказванні, якія да гэтай пары прагучалі з нямецкага боку мелі публіцыстычны і палітычны характар. Прававая пазіцыя ўраду Германіі не была прадстаўленая. Такі адказ мэтанакіраваны, каб не было вядома, на што яны афіцыйна спасылаюцца. Гэта таксама доказ таго, якім чынам немцы ставяцца да Польшчы і ахвяр Другой сусветнай вайны – мільёнаў польскіх ахвяр.

Намеснік кіраўніка МЗС дадаў, што пасля такога адказу заявы пра добасуседскія адносіны выклікаюць абгрунтаваныя сумневы. «Але Польшча ні ў якім разе не адпускае пытання кампенсацыі за нямецкую акупацыю», – запэўніў Мулярчык:

- Мы плануем надаць справе міжнародны характар і прывесці да разгляду пытання на форумах шматлікіх міжнародных арганізацый. Германія павінна браць пад увагу факт, што ў сувязі са сваім стаўленнем пацерпіць сур’ёзныя рэпутацыйныя страты.

У сваю чаргу віцэ-кіраўнік польскага МЗС Марцін Пшыдач(Marcin Przydacz) не здзіўлены адказам Германіі на дыпламатычную ноту адносна ваенных рэпарацый. Польшча працягне дыпламатычны ціск, запэўніў дыпламат:

- Зараз час на дыскусіі пра тое, якім чынам прымусіць Германію да перамоваў і выплаты кампенсацый. Гэтым займаецца ўпаўнаважаны ўрада Аркадыюш Мулярчык. У бліжэйшым часе польская дыпламацыя зоймецца дыпламатычным ціскам на Германію. Калі немцы хочуць паводзіць сябе прыстойна, то павінны пачаць размовы з Польшчай і іншымі краінамі.

Пазіцыя нямецкага ўрада па пытанні рэпарацый не была нечаканай таксама для дэпутата кіроўнай партыі «Права і справядлівасць» Яраслава Краеўскага(Jarosław Krajewski). Паводле палітыка, урад Германіі гадамі выкарыстоўваў адну і тую ж тактыку, каб прымусіць Польшчу адмовіцца ад тэмы рэпарацый:

- Згаданая тэма закранаецца, як падчас двухбаковых размоваў, так і зараз яна была перададзеная ў ААН. Пытанне ваенных рэпарацый падымаюць таксама іншыя краіны, як, напрыклад, Грэцыя. Асноўная справа – гэта дыскусія пра кампенсацыю і маральную адказнасць Германіі за злачынствы і знішчэнні, здзейснейыя на тэрыторыі Польшчы. Паводле мяне, гэта таксама наш абавязак перад будучымі пакаленнямі.

Польшча афіцыйна звярнулася да Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў з просьба аб супрацоўніцтве і падтрымцы па справе кампенсацыі шкоды, нанесенай Польшчы падчас Другой сусветнай вайны.
Як заявіў Аркадыюш Мулярчык, ліст з гэтай нагоды будзе накіраваны найважнейшым прадстаўнікам ААН, у тым ліку Генеральнаму сакратару арганізацыі Антоніу Гутэрышу.

У ААН таксама будзе перададзеная справаздача, паводле якой страты, нанесеныя польскаму народу, складаюць больш за 6 трыльёнаў злотых.

Падчас прэс-канферэнцыі ў Міністэрстве замежных справаў намеснік міністра Аркадыюш Мулярчык падкрэсліў, што Польшча таксама правядзе інфармацыйную кампанію па гэтай тэме, як сярод краінаў-членаў ААН, так і ў нямецкім грамадстве:

- 75 працэнтаў апытаных палякаў падтрымліваюць патрабаванне ваенных рэпарацыі. З другога боку 70 працэнтаў немцаў – супраць выплаты ваенных рэпарацый палякам. У значнай ступені – гэта вынік адсутнасці дастатковых ведаў. Мы пачнем інфармацыйна-адукацыйныю акцыю ў нямецкім грамадстве. Ім трэба нагадаць, як выглядала вайна, і якія былі ейныя наступствы. Я перакананы, што праз некалькі месяцаў, як мінімум палова нямецкага грамадства будзе падтрымліваць кампенсацыі для Польшчы. Гэта ў сваю чаргу паўплывае на паступовую змену пазіцыі нямецкага ўрада.

Па справе ваенных рэпарацый Польшча ўжо накіравала больш за 50 дыпламатычных нот у краіны Еўрасаюза, Саюза Еўропы, НАТА і ЮНЭСКА.

Справаздача аб стратах, якія панесла Польшча ў выніку нямецкай агрэсіі і акупацыі падчас Другой сусветнай вайны, была прадстаўлена 1 верасня 2022 года. З яе вынікае, што агульная сума стратаў Польшчы ў выніку нямецкага ўварвання складае амаль адзін трыльён 329 мільярдаў 190 мільёнаў еўра (6 трыльёнаў 220 мільярдаў 609 мільёнаў злотых).

Сума матэрыяльных стратаў складае больш за 170 мільярдаў 299 мільёнаў еўра (797 мільярдаў 398 злотых). Страты ў культурных каштоўнасцях і творах мастацтва – прыкладна, 4 мільярды 23 мільёны еўра (19 мільярдаў 310 мільёнаў злотых).

Сума стратаў польскага насельніцтва ацэньваецца ў больш за 5 мільёнаў 219 тысяч чалавек. З іх 21 працэнт – дзеці ва ўзросце да 10 гадоў.

Апрача таго, у выніку вайны і пераносу межаў Польшча за сем гадоў страціла каля 11 мільёнаў 200 тысяч грамадзян. На прымусовую працу ў Трэці Рэйх былі вывезеныя больш за 2 мільёны 100 тысяч чалавек. Кожны з гэтых прымусовых работнікаў працаваў у сярэднім 2 гады 9 месяцаў. За гэты час прымусовай працай палякаў карысталіся больш за 200 тысяч нямецкіх фермэрскіх гаспадарак і прадпрыемстваў.

IAR/аз

Польшча просіць ЮНЕСКА паспрыяць у вяртанні твораў мастацтва

14.12.2022 14:45
МЗС Польшчы звярнулася да генеральнага дырэктара ЮНЕСКА аб супрацоўніцтве ў справе вяртання польскіх культурных каштоўнасцяў, разрабаваных падчас вайны.