Беларуская Служба

Прэм'ер: Польшча выдаткуе на абарону 4% ВУП і гэта самы высокі паказнік у НАТА

22.02.2023 13:12
Паводле New York Times, калі прэзідэнт Францыі Жак Шырак некалі сцвярджаў, што Варшава «страціла добрую магчымасць прамаўчаць», то сёння ніхто – акрамя Расіі – «не кажа Польшчы маўчаць».
САУ "Краб" вытворчасці ПольшчыКрыніца: MON/RP

Сёлета выдаткі Польшчы на ​​абарону ў адносінах да ВУП могуць быць самымі высокімі ў НАТА, у тым ліку больш, чым у ЗША, заявіў польскі прэмʼер-міністр Матэвуш Маравецкі падчас размовы з журналістамі амерыканскага выдання New York Times. Прэмʼер Маравецкі таксама лічыць, што менавіта яго ўрад адыграў ключавую ролю ў перакананні ФРГ перадаць танкі Leopard Украіне.

«Спачатку толькі мы былі гатовыя адправіць танкі Leopard, але мы змаглі пераканаць ФРГ і іншыя краіны зрабіць тое ж самае», – сказаў прэмʼер-міністр у інтэрвʼю штодзённіку.

Паводле New York Times, калі прэзідэнт Францыі Жак Шырак некалі сцвярджаў, што Варшава «страціла добрую магчымасць прамаўчаць», то сёння ніхто – акрамя Расіі – «не кажа Польшчы маўчаць, прынамсі, адносна вайны ва Украіне». Газэта адзначае, што Польшча сёння зʼяўляецца ключавым цэнтрам дапамогі Украіне і адным з ключавых гульцоў, калі гаворка ідзе пра еўрапейскія санкцыі, накладзеныя на Расію.

Гэты аспект падкрэсліў у размове з выданнем і прэмʼер Маравецкі, які заявіў, што «усе ўрады прызналі, што мой урад меў рацыю адносна Расіі», насуперак палітыцы Ангелы Мэркель.

Амерыканская штодзённка лічыць, што ўмацаванню пазіцыі Польшчы могуць перашкодзіць вострыя спрэчкі з ЕС. Аднак у New York Times адзначаюць, што, нягледзячы на ​​гэта, у Польшчы існуе палітычны кансэнсус адносна Украіны, што таксама дазволіла рэзка павялічыць выдаткі на абарону.

Як падлічыў Маравецкі падчас інтэрвʼю, калі б усе закупкі зброі, зробленыя ўрадам, былі ажыццёўлены ў гэтым годзе, то яны склалі б 4% ВУП Польшчы. «Гэта будзе самая вялікая доля сярод усіх краінаў НАТА, уключаючы ЗША», – падкрэсліў польскі палітык.

Адказваючы на ​​пытанне аб супярэчнасцях паміж Польшчай і Вугоршчынай у сувязі з вайной, прэмʼер-міністр Маравецкі сказаў, што «цалкам не згодны» з поглядамі Віктара Орбана на вайну, але адзначыў, што Будапэшт, нягледзячы на ​​неаднаразовую крытыку санкцый, дагэтуль пагаджаўся ўводзіць абмежаванні супраць РФ.

эж