«Мы ўсе захапляемся і падтрымліваем Украіну, але мы не хочам бачыць, што яе аднаўленне будзе вялізнай задачай, немагчымай для выканання», – сказаў польскаму інфармацыйнаму агенцтву PAP спецыяліст па амерыканскіх пытаннях навуковец з Універсітэта кардынала Стэфана Вышыньскага ў Варшаве прафесар Збігнеў Лявіцкі (Zbigniew Lewicki). Паводле яго слоў, гэта стане яшчэ адной трагедыяй Украіны.
На думку прафесара Лявіцкага, свет стаміўся ад гэтага канфлікту, і гэта не ідзе на карысць Украіны. «Мы паважаем украінцаў, мы іх вельмі цэнім, але насамрэч многія хочуць, каб гэта ўжо скончылася», – сказаў ён.
Прафесар падкрэслівае, што Расія ўвесь час працягвае знішчаць Украіну і яе інфраструктуру.
«Невыканальная задача»
Збігнеў Лявіцкі мяркуе, што пасляваеннае аднаўленне разбуранай Украіны будзе вялізным выклікам. «На дадзены момант мы апускаем гэты аспект, але ён будзе вельмі сур'ёзным і паставіць усіх перад вялізарнай, невыканальнай задачай», – лічыць прафесар.
Лявіцкі не бачыць магчымасці адбудаваць Украіну і зрабіць з яе еўрапейскую краіну. «Мы паважаем Украіну, мы ў захапленні ад яе народу, але мы бачым яе слабыя месцы. Эканамічная моц не можа быць пабудавана толькі адвагай», дадаў ён і адзначыў, што ва Украіне ўсё яшчэ маем справу з вялікай палітычнай няспеласцю, праблемамі з карупцыяй і г.д.
Няма шанцаў на план Маршала для Украіны
Польскі прафесар лічыць, што няма шанцаў на план Маршала для Украіны. «Украінцы будуць чакаць, што свет прафінансуе аднаўленне іх дзяржавы, аднак большасць краін свету на гэта не пагодзіцца. Гэта будзе чарговая трагедыя для Украіны, якую цяпер мы ўсе спрабуем лічыць неіснуючай», падкрэсліў Збігнеў Лявіцкі.
На яго думку, ва Украіны няма шанцаў на пасляваенную праграму, параўнальную з планам Маршала. Як растлумачыў ён, амерыканская праграма рэканструкцыі Еўропы пасля Другой сусветнай вайны датычылася «зусім іншай сферы» – краін Заходняй Еўропы, гэта значыць краін, развітых не толькі эканамічна, але і цывілізацыйна, краін з вялікай індустрыяльнай культурай», – дадаў ён.
Па словах праф. Лявіцкага, дапамога Злучаных Штатаў у рэканструкцыі Еўропы была зусім невялікай і грунтавалася ў асноўным на эканамічнай структуры старога кантыненту, фінансаванай ЗША ў адносна невялікай суме, каля дзясятка мільярдаў долараў. Ён дадаў, што для аднаўлення Украіны спатрэбіцца значна больш сродкаў.
яс/PAP