Беларуская Служба

Люты даўжынёю ў год: свет згадвае гадавіну вайны ва Украіне

24.02.2023 13:34
Год таму Расія ўварвалася ва Украіну. Так пачаўся найбуйнейшы еўрапейскі канфлікт пасля Другой сусветнай вайны.
Аўдыё
Ілюстрацыйны здымакEPA/TOMS KALNINS Dostawca: PAP/EPA.

Да чаго прывяла ваенная авантура Крамля, які хваліўся тым, што возьме Кіеў за тры дні? Праз год Расія далёка ад перамогі ў вайне, краіна ізаляваная на міжнароднай арэне, Украіна змагла абараніцца і працягвае стрымліваць агрэсара. Захад адмовіўся ад тактыкі залагоджвання Крамля і выпрацаваў адзіную пазіцыю рэальнай падтрымкі Украіны.

Роўна год таму а 5:30 па маскоўскім часе расійскія федэральныя тэлеканалы пачалі трансляцыю звароту прэзідэнта РФ Пуціна, у якім ён заявіў аб пачатку «спецыяльнай ваеннай аперацыі» ва Украіне. Гэты дзень стаў пачаткам поўнамаштабнага ваеннага ўварвання Расіі на тэрыторыю іншай дзяржавы, якая працягваецца ўжо 365 дзён.

Паводле дадзеных УСУ і Брытанскага Каралеўскага аб'яднанага інстытута ўзброеных сіл, ВС РФ разлічвалі завяршыць асноўную частку спецаперацыі за 10 дзён. Атрымалася зацяжная вайна «на знясіленне» з вялізнымі стратамі. Кошт вайны для бюджэту РФ ужо перавысіў 7 трыльёнаў рублёў, а забітымі і параненымі краіна страціла, па падліках заходніх экспертаў 200 тысяч чалавек.

У гадавіну пачатку агрэсіі пуцінскі прэс-сакратар Пяскоў настойвае, што ўсё ідзе па плане. Са слоў жа Пуціна вынікае, што нават кіраўніцтва Крамля не верыць у рэальнасць вайсковай перамогі. Расійскаму дыктатару засталося толькі пагражаць ядзернай зброяй.

Украінскія ўзброеныя сілы змаглі пераламаць сітуацыю на фронце, украінцы вызвалілі 52% тэрыторый, акупаваных з пачатку ўварвання. Гэта быў год адвагі, сказаў украінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі.

- Мы прачнуліся рана і з таго часу не засынаем. У кагосьці быў страх, у кагосьці - шок, хтосьці не ведаў, што сказаць, але ўсе ведалі, што рабіць. На дарогах утварыліся коркі, але шмат хто ехаў па зброю. З'явіліся чэргі. Хтосьці стаяў на мяжы, але шмат хто - у ваенкаматах і ТРО. Мы не паднялі белы сцяг, а сталі бараніць сіне-жоўты.

Кіеў не дазволіў Крамлю «дэмілітарызаваць» Украіну, за год вайны колькасць УСУ павялічылася больш чым у 3,5 разы, яны атрымалі высокадакладныя ракетныя сістэмы «HIMARS», заходнюю артылерыю, БМП, пачаліся пастаўкі танкаў, чакаюцца пастаўкі авіяцыі. Украінскі лідар дзякуе заходнім партнёрам за падтрымку.

- Першы месяц вайны і першы прарыў у вайне. Першыя змены ў стаўленні свету да Украіны. Украіна праз тры дні не заняпала, але спыніла другую армію свету. Кожны дзень мы атрымлівалі новыя ўдары, кожны дзень даведваліся пра новыя трагедыі, але мы выстаялі. Гэта быў год адзінства і стойкасці, які выліўся ў тое, што мы выстаялі, не ведалі паражэнняў і зробім усё, каб перамагчы ў гэтым годзе.

Свет пабачыў, што нясе «рускі мір». Год таму Расія патрабавала гарантый не пашырэння НАТА ды пагражала паставіць Еўропу на калені замарожваннем паставак газу ды нафты. Цяпер Фінляндыя і Швецыя ўступаюць у НАТА, а Еўропа амаль цалкам адмовілася ад расійскага газу. Захад аб’яднаўся, супраць Расіі ўведзеныя санкцыі. Ёсць разуменне злачыннага характару крамлёўскага рэжыму. Агульную пазіцыю агучыў прэзідэнт ЗША Джо Байдэн.

- Мы павінны працягваць трымацца разам. Гэта надзвычай важна. На кон цяпер пастаўлена не толькі Украіна, стаўка свабода вольнага свету. Усходні фланг НАТА з'яўляецца лініяй фронту «нашай калектыўнай абароны».

НАТО даслала Расіі ясны сігнал, што будзе абараняць кожны кавалак сваёй тэрыторыі, зазначыў Генеральны сакратар Альянсу Енс Столтэнберг.

— Усё гэта паставіла нас у становішча, калі мы маглі падтрымаць Украіну, але таксама абараніць кожны сантыметр тэрыторыі НАТА і даслаць выразнае паведамленне Маскве — што мы там, каб абараняць усіх членаў НАТА.

ААН прыняла рэзалюцыю да гадавіны пачатку расійскай агрэсіі з заклікам спыніць вайну і вывесці войскі РФ з Украіны. Супраць прагаласавалі толькі Расія, Беларусь, Нікарагуа, Малі, Эрытрэя, КНДР і Сірыя. Гэта дэманстрацыя таго, што свет хоча каб вайна ва Украіне скончылася, але на ўмовах Украіны, распавядае сталы прадстаўнік Польшчы пры ААН у Нью-Ёрку Кшыштаф Шчэрскі.

- Міжнародная супольнасць выказала сваю волю, каб мір быў справядлівым. Большасць свету не хоча міра любой цаной, не хоча кампрамісаў ды сцэнару «захавання твару» для Расіі. Не! Мы хочам справядлівага міра ў свеце, які грунтуецца на справядлівасці ды адказнасці за злачынствы.

Усё часцей рэакцыяй на прысутнасць Расіі на міжнародных пляцоўках становіцца абструкцыя. Напрыклад, латышскі дэпутат Рыхард Колс паслаў расійскую дэлегацыю па курсе рускага карабля падчас паседжання парламенцкай асамблеі АБСЕ, а большасць дэпутатаў пакінулі зал падчас выступлення расійскай дэлегацыі.

Былы дарадца ўкраінскага прэзідэнта Аляксей Арастовіч, які з самага пачатку вайны прадказваць паразу Расіі, перакананы, што вайна скончыцца перамогай Украіны ды знікненнем Пуціна.

- Захад у асобе Байдэна дакладна даў зразумець, што ён адмовіў Пуціну ў праве прадстаўляць народы РФ і перамога Украіны азначае канец пуцінскага рэжыму. Я думаю, што сёлета быў апошні зварот Пуціна да Федэральнага сходу.

У Крамлі разлічваюць, што адзінства Захаду раней ці пазней скончыцца, таму мэтай цяперашняй расійскай стратэгіі ёсць знясіліць Украіну праз аслабленне ўкраінскіх узброеных сіл, а не на захоп новых тэрыторый. Расійскае кіраўніцтва, верагодна, разлічвае, што перавагі Расіі ў колькасці насельніцтва і рэсурсах у канчатковым выніку пераважыць Украіну.

Праз год ад пачатку агрэсіі ў працэс урэгулявання канфлікту спрабуе ўключыцца Кітай. Пекін агучыў сёння свае 12 пунктаў выхаду з крызісу, у першую чаргу кітайцы прапануюць спыніць ваенныя дзеянні. Кіеў заявіў да гатоўнасці размаўляць з Пекінам, Масква пакуль не  каментавала кітайскія мірныя прапановы.

Юры Ліхтаровіч