Беларуская Служба

У Беларусі ажывіліся партызаны. Надоўга?

28.02.2023 14:49
Апошні раз у Беларусі актыўны супраціў меў месца на пачатку расійскай агрэсіі супраць Украіны, калі дзейнічалі “рэйкавыя партызаны”.
Аўдыё
  • Расійская авіяцыя пад ударам у Беларусі
Ілюстрацыйны здымакhttps://twitter.com/MT_Anderson

Жорсткімі арыштамі ды вялізарнымі турэмнымі тэрмінамі лукашысты змаглі спыніць тую хвалю. На днях зусім нечакана ў краіне зноў ажывіліся партызаны. Гэтым разам іх цэллю стала расійская вайсковая авіяцыя. Пра сур’ёзнасць новых «партызан» будзе сведчыць іх далейшая дзейнасць.

26 лютага з Беларусі пачалі паступаць паведамленні, што на лётнішчы ў Мачулішчах пашкоджаны расійскі вайсковы самалёт А-50У, які знаходзіўся ў Беларусі пасля беларуска-расійскіх вучэнняў студзеня 2023 года і здзейсніў не менш за 12 палётаў. Самалёт сапраўды быў заўважаны на спадарожнікавых здымках авіябазы 23 лютага, паведаміла аналітычная сетка «OSINTdefender». 

Адказнасць за акцыю ўзяла на сябе беларуская ініцыятыва, створаная былымі сілавікамі для супрацьстаяння беларускаму рэжыму ByPol, паведаміў кіраўнік ініцыятывы Аляксандр Азараў.

- Былі выкарыстаныя дроны, прагучалі два выбухі. Адзін побач з антэнай «талеркай», а другі ў раёне фюзеляжа. Самалёт сур’ёзна пашкоджаны.

Заходнія эксперты ды СМІ заўважылі акцыю. Тэлевізія ZDF параўнала як са знішчэннем крэйсера «Масква», а брытанская выведка ацаніла, што страта самалёта ў Мачулішчах яшчэ больш абмяжуе паветраныя аперацыі Расіі ва Украіне.

Паспяховасць акцыі звязана з тым, што яе не спадзяваліся, перакананы генерал Аркадыюш Скыпчак.

- Ніхто не спадзяваўся, што партызаны могуць выкарыстаць такі сродак як дрон. Звычайны аматаркі дрон, які можна купіць дзе-заўгодна, да яго можна прымацаваць бомбу ці гранату. Яго цяжка выкрыць, ён можа прайсці праз сістэмы супрацьпаветранай абароны лётнішча. Думаю, што ані расіяне, ані беларусы не спадзяваліся такой атакі. Яе праводзяць з блізкай адлегласці. Людзі запусцілі дроны і зніклі, на гэта дастаткова 20-25 хвілін. Дрон можа змесціць да 1,5 кг. выбуховых рэчываў, а для самалётаў з такой колькасцю электронікі хопіць невялікага пашкоджання. Нават такія знішчэнні могуць на некалькі месяцаў заставіць гэты самалёт на зямлі.

Таксама ва Украіне заўважылі акцыю ў Мачулішчах. Выбухі і пашкоджанні самалёта ў беларускім горадзе Мачулішчы – добрая навіна для Украіны, заявіў прэс-сакратар камандавання ВПС Украіны Юрый Ігнат.

- Вядома, гэта добрая навіна для Украіны і яе ўзброеных сіл. Гэты самалёт увесь час быў у паветры, ён распазнае нашу тэрыторыю, вядзе радыёразведку, скануе, калі працуе наша зенітнае абсталяванне, вызначае яго месцазнаходжанне, адсочвае напрамкі пасадкі і палёту нашых самалётаў, пастаянна суправаджае ракетныя ўдары. Таму адключэнне яго якім-небудзь чынам для нас зʼява ўнікальная.

«Гэта вельмі сур'ёзная перамога», сказаў былы дарадца прэзідэнта Украіны Аляксей Арастовіч, падзякаваўшы беларускім партызанам.

- Адказнасць на сябе ўзялі беларускія партызаны. Трэба думаць, што гэта яны атакавалі, пашкодзіўшы самалёт вартасць 350 мільёнаў долараў.Мы бачым, што Беларусь не абмяжоўваецца Лукашэнкам, ёсць беларусы, якія дапамагаюць ваярам святла змагацца супраць цемры. Гэта сур'ёзная перамога, усе яе заўважылі. Дзякуй беларускім партызанам.

З боку рэжыму Лукашэнкі доўгі час не было ніякіх афіцыйных паведамленняў аб інцыдэнце ў Мачулішчах. Таксама Масква адмовілася каментаваць інцыдэнт, спасылаючыся на інфармацыю ад рэжыму. Пазней лукашэнкаўская прэс-служба апублікавала кароткае відэа з нарады дыктатара з сілавікамі пасля інцыдэнту ў «Мачулішчах», якое падпісалі «У святле падзей унутранага характару..».

- Патрэбна характарыстыка вайсковай ды палітычнай сітуацыі вакол краіны. Патрабую ад вас жорсткай дысцыпліны ў вайсковых часцях, структурах МВД і КДБ. Нас будуць імкнуцца дэстабілізаваць.

У сваю чаргу ТМ-канал «Беларускі гаюн» паведаміў, што пасля дыверсіі ў Мачулішчы прыляцеў борт, замацаваны за адзіным цэнтрам абслугоўвання ДРЛА А-50 у Расіі. Гэта лічыцца ўскосным пацверджаннем таго, што была атака на самалёт. Калі гэтыя дадзеныя пацвердзяцца, гэта будзе азначаць, што ў расійскай арміі застаюцца толькі шэсць баявых А-50, што можа яшчэ больш абмежаваць расійскія паветраныя аперацыі.

Пакуль беларускі рэжым не ў стане назваць як быў здзейснены напад. У першую чаргу затрымліваюць людзей за каментаванне атакі, а падазраваным названы ўкраінец, які ніколі не быў у Беларусі. Гэта сведчанне разгубленасці, сказаў адстаўны вайсковец тэлеканалу «Белсат» Сяргей Бульба.

- У Беларусі ідзе паляванне на ураджэнцаў Украіны. Спроба знайсці чалавека родам з Крыму, – гэта спроба падвесці пад тое, што Украіна арганізавала напад.

Украіна зняпраўджвае свой удзел у нападзе ў Мачулішчах. ByPol пакуль не прадставіў ніякіх доказаў атакі, апроч заяў. Наяўнасць партызан надалей пад пытаннем. Cур'ёзнасць намераў партызан дзейнічаць у Беларусі пацвердзіцца пасля правядзення наступных акцый.

Юры Ліхтаровіч