Беларуская Служба

Беларусь і Расія прыкладаюць намаганні, каб абысці санкцыі Захаду

08.03.2023 11:32
Хоць Уладзімір Пуцін спрабуе публічна высмейваць санкцыі, Захад павольна дасягае сваіх мэтаў.
ЭкспартPhoto: echosystem/pixabay.com/CC0 Public Domain

Намаганні, накіраваныя на абыход санкцый, з'яўляюцца доказам іх адмоўнага ўплыву на эканомікі Расіі і Беларусі. Парушаныя адносіны з Захадам згаданыя краіны плануюць кампенсаваць пашырэннем гандлю з Кітаем. Нягледзячы на тое, што Уладзімір Пуцін спрабуе публічна высмейваць заходнія санкцыі, эканамічныя паказчыкі сведчаць, што Захад павольна дасягае сваіх мэтаў, канстатуе старонка wnp.pl.

Таксама апошні візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Пекін быў прысвечаны пераадольванню эканамічных праблем, у тым ліку абыходу санкцый, пераконваюць прадстаўнікі Беларускага хаба «Новая зямля», які працуе ў Польшчы.

Абысці санкцыі спрабуе беларускі вытворца ўгнаенняў «Гродна Азот». Літоўская паліцыя выявіла ў вагонах, якія ехалі з Беларусі ў Клайпедскі порт, угнаенні на суму больш за 2 мільёны еўра. Верагодна літоўскія імпарцёры спрабавалі памяняць мытныя коды на перавозку грузу, каб транспарт фармальна не супярэчыў палітыцы санкцый ЕС. Справа выклікала жорсткую рэакцыю літоўскіх уладаў.
У абыходзе санкцый Захаду актыўна ўдзельнічае таксама эстонскі бізнес. Пастаўкі беларускіх нафтапрадуктаў праз Эстонію выраслі амаль утрая. Зноў жа, асноўным метадам была замена мытных кодаў.

Абыходу заходніх санкцый можа служыць таксама планаванае будаўніцтва порта на Белым моры, які будзе пад поўным кантролем лукашэнкаўскага рэжыму. З гэтай нагоды нядаўна ў Мурманск прыязджала вялікая беларуская дэлегацыя. У Мiнску мяркуюць, што Балтыйскае мора можа быць закрытае для расійскага гандлю краінамі НАТА. Канчатковае рашэнне аб будаўніцтве порта ля Мурманска плануецца прыняць у гэтым годзе.

Між тым, паводле беларускіх СМІ, санкцыйныя абмежаванні аказалі нязначны ўплыў на гандаль паміж Беларуссю і Польшчай. За студзень-снежань 2022 года польскія кампаніі экспартавалі ў Беларусь тавараў на 1,9 млрд долараў. У параўнанні з 2021 годам гэта азначае зніжэнне крыху менш чым на 200 мільёнаў долараў. У Беларусь польскія прадпрыемствы прадавалі ў асноўным садавіну, гародніну, паперу, палімеры, вырабы з пластмасы, лекі, металаканструкцыі, харчовыя тавары.

У тым жа 2022 годзе беларускія кампаніі прадалі ў Польшчу тавараў на 1,1 млрд долараў. Гэта азначае змяншэнне экспарту прыкладна на 600 мільёнаў долараў. У Польшчы беларусы прадавалі ў асноўным чыгуначныя або трамвайныя вагоны, ДСП, калійныя ўгнаенні, каменны вугаль.

аз