Беларуская Служба

Польшча супраць прапановы ЕС па забароне на продаж пасля 2035 года аўтамабіляў з рухавікамі ўнутранага згарання

09.03.2023 12:15
Паводле польскага боку, згаданая забарона пагражае бяднейшым грамадствам ЕС, між іншым, камунікацыйным выключэннем.
Аўдыё
  • Польшча супраць прапановы ЕС па забароне на продаж пасля 2035 года аўтамабіляў з рухавікамі ўнутранага згарання
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo: paulbr75 /pixabay.com/CC0 Public Domain

Польшча з самага пачатку выказваецца супраць забароны на продаж аўтамабіляў з рухавікамі з унутраным згараннем пасля 2035 года, паўтарыла міністр клімату і навакольнага асяроддзя Анна Москва, якая ўдзельнічала ў канферэнцыі па фотаэлектрыцы ў Бруселі. Шмат сведчыць пра тое, што еўрапейская кааліцыя па ўвядзенні згаданай забароны пачынае развальвацца.

У кастрычніку мінулага года Савет Еўрасаюза і Еўрапарламент заключылі пагадненне аб узмацненні жорсткасці стандартаў па выкідах вуглякіслага газу для новых легкавых аўтамабіляў і фургонаў. У сярэдзіне лютага Еўрапарламент адобрыў правілы, якія з 2035 года забараняюць рэгістрацыю новых легкавых аўтамабіляў і фургонаў з рухавікамі з унутраным згараннем.

Аднак на мінулым тыдні, амбасадары краін ЕС адмянілі, запланаванае на 7 сакавіка галасаванне па гэтай справе. Наглядальнікі падкрэсліваюць, што спроба заблакаваць або змяніць палітыку ЕС на такім этапе заканатворчага працэсу – беспрэцэдэнтная.

Справа ўскладнілася пасля таго, як Германія адмовілася ад сваёй ранейшай падтрымкі для згаданай прапановы. Міністр транспарту Германіі Фолькер Вісінг са Свабоднай дэмакратычнай партыі (СвДП) заявіў, што выкарыстанне сінтэтычнага паліва ў рухавіках з унутраным згараннем павінна павінна быць дазволеным таксама пасля 2035 года. У сваю чаргу, міністэрства навакольнага асяроддзя Германіі на чале з Партыяй зялёных заявіла, што Германія павінна прытрымлівацца пагаднення і не выходзіць з яго ў апошнюю хвіліну.

Прэм'ер Польшчы Матэвуш Маравецкі заявіў, што ва ўмовах цяперашняга крызісу забарона на рэгістрацыю новых аўтамабіляў з рухавікамі з унутраным згараннем занадта радыкальная. У тым ліку, Матэвуш Маравецкі(Mateusz Morawiecki) сказаў, што не разумее, чаму забарона на рэгістрацыю не распаўсюджваецца на аўтамабілі класа «люкс»:

- Ва ўмовах бягучага крызісу мэты, вызначаныя Еўрапарламентам у рамках праграму «Еўрапейскі зялёны парадак» надта радыкальныя, а нават празмерна аптымістычныя. Можна сказаць, што яны ставяць пад пагрозу эканоміку, месцы працы і лёс многіх грамадзян ЕС. Яны пагражаюць камунікацыйным выключэннем. Я не разумею таксама, чаму паводле аўтараў закона, новыя правілы не будуць распаўсюджвацца на вытворцаў аўтамабіляў класа «люкс». Гэта татальны абсурд.

Прэмʼер падкрэсліў, што ўлады Польшчы разумеюць неабходнасць скарачэння выкідаў CO2, аднак, паводле яго, зялёная трансфармацыя павінна быць таксама справядлівай.

Правыя сілы ў Польшчы аргументуюць, што палякі не змогуць сабе дазволіць купіць электрамабілі. «Гэтае эка-варʼяцтва павінна сутыкнуцца з рацыяналізмам, з мысленнем, з аналізам. І немцы, якія зʼяўляюцца лідарам у аўтамабільнай галіне, зразумелі, што яшчэ рана(…)Мы ўсе за прыгожы свет, чыстую ваду, паветра, энергію сонца і ветру. Электрамабілі нас не палохаюць. Нас палохае спосаб, метады, форма і тэмпы гэтых зменаў, якія маюць вельмі моцны сацыяльны аспект», – заявіў дэпутат ад кааліцыйнай «Салідарнай Польшчы» Тадэвуш Цыманьскі.

Міністр па справах клімату і навакольнага асяроддзя заявіла, што Польшча выступае супраць планаў Бруселю. Анна Москва(Anna Moskwa) дадала, што па справе забароны ў ЕС узнікае ўсё больш скептычных галасоў:

- Краіны-члены «прачынаюцца» і пачынаюць ацэньваць, што 2035 год не такі ўжо далёкі і што гэта нерэальнае. Асабліва тыя меншыя краіны, якія чакае наплыў замежных тэхналогій. Іхныя грамадствы таксама пачынаюць разумець наступствы згаданых рашэнняў для сябе. У кулуарах адмоўных галасоў усё больш. Я таксама клапачуся пра гэта, каб справа не сыходзіла з павесткі дня. Сапраўды, апошнім часам, праца над дакументам запаволіла. Мы рады гэтаму, паколькі любая затрымка з яго ўступленнем у сілу – добрая навіна.

Анна Москва лічыць, што таксама прапанаваныя некаторымі краінамі выключэнні ад гэтай забароны не мяняюць сітуацыі. У тым ліку, гэта тычыцца і прапановы Германіі, якая патрабуе, каб забарона не распаўсюджвалася на продаж аўтамабіляў, якія выкарыстоўваюць сінтэтычнае паліва. Міністр паясняе, што Польшча не ўступае ў кааліцыю з Германіяй, бо патрабаванні Варшавы не супадаюць з патрабаваннямі Берліна. Немцы кіруюцца бізнес-інтарэсамі, дадала польская палітык:

- Яны прыдумалі, што забарона не павінна распаўсюджвацца на аўтамабілі, якія выкарыстоўваюць біяпаліва і сінтэтычныя палівы. Гэта выключна бізнес. Несумненна эколагі зараз прыдумаюць для гэтага нейкае тлумачэнне. Такім чынам, Польшча застаецца сама на «полі бою» супраць 2035 года.

Немцы не кажуць пра тое, каб адмовіцца ад 2035 года, але пра пашырэнне дэфініцыі, каб яна больш адпавядала іхным чаканням і цяперашняму развіццю паліўнага рынку, лічыць Анна Москва. Яна запэўнівае, што Польшча працягвае намаганні і пераконвае іншыя краіны ў нерэальнасці прапановы.
Згаданай ідэі не падтрымлівае ажно 76 працэнтаў палякаў. Пра гэта сведчаць дадзеныя апытання, праведзенага United Surveys.

У польскіх рэспандэнтаў пыталіся, ці падтрымліваюць яны рашэнне Еўрапарламента. Рашучая большасць, то бок 76 працэнтаў адказалі, што не. Прапанову падтрымала толькі больш за 15 працэнтаў апытаных. Праціўнікі забароны пераважаюць як сярод прыхільнікаў кіроўных правых сілаў у Польшчы (84 працэнты), так і супернікаў (65 працэнтаў).

Нагадваем, новыя мэты па скарачэнні выкіду CO2 для новых легкавых аўтамабіляў і фургонаў, гэта частка пакета «Fit for 55». Еўрапейскі закон аб клімаце бярэ пад увагу абавязковае скарачэнне выкідаў у ЕС як мінімум на 55% да 2030 года. Краіны супольнасці плануюць зрабіць ЕС кліматычна нейтральным да 2050 года.

аз