У канцы студзеня Іран паставіў у Расію мільёны патронаў і розных снарадаў, паведамляе партал Defence24.pl са спасылкай на брытанскае тэлебачанне Sky News.
Паводле аналізу руху судоў у акваторыі Каспійскага мора, 10 студзеня з іранскага порта Амірабад выйшлі два судны пад расійскім сцягам, якія перавозілі каля 200 кантэйнераў са зброяй. Праз два дні яны спыніліся на некалькі дзён ля ўзбярэжжа Туркменістану, а пазней прыбылі ў Астрахань 27 студзеня. 3 лютага караблі працягнулі сваё падарожжа.
Акрамя 100 мільёнаў патронаў да пісталетаў, кулямётаў і аўтаматаў, Расія таксама імпартавала з Ірану каля 300 тысяч гранат, мінамётаў, артылерыйскіх і процітанкавых снарадаў і 10 тыс бронекамізэлек і шлемаў. Улады ў Маскве аплацілі гэтыя пастаўкі наяўнымі. Дакладная сума невядомая, але крыніцы брытанскага тэлебачання назвалі яе «значнай».
Агрэсар губляе падчас вайны столькі боепрыпасаў, што яму даводзіцца шукаць падтрымкі ў «кааліцыі слабых дзяржаваў», то бок у Іране ці Паўночнай Карэі. Як падкрэсліваецца ў аналізе, падтрымкі з боку Ірану расійскім войскам не хопіць надоўга.
У жніўні 2022 года Расія пачала закупляць у Іране дроны-камікадзэ, масавае выкарыстанне якіх супраць Украіны пачалося ў верасні. Практычна на ўсёй тэрыторыі краіны беспілотныя лятальныя апараты, у асноўным «Шахед», выкарыстоўваюцца для нанясення ўдараў па грамадзянскіх аб'ектах і абʼектах крытычнай інфраструктуры. Урад у Тэгеране паслядоўна адмаўляе, што пастаўляў Маскве свае беспілотнікі.
нг