Беларуская Служба

Польшча будзе далей падтрымліваць Украіну

06.04.2023 15:13
Гэта адзін з галоўных вынікаў учорашняга візіту Уладзіміра Зяленскага ў Варшаву.
Аўдыё
  • Украінскі прэзідэнт наведаў Варшаву з афіцыйным візітам
Ілюстрацыйны здымакPAP/Andrzej Lange

Гэта першая афіцыйная паездка украінскага лідара ў Польшчу з пачатку расійскага ўварвання ва Украіну. Прэзідэнт Украіны сустрэўся у польскай сталіцы з прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам і прэм'ер-міністрам Матэвушам Маравецкім. У цэнтры перамоў былі пытанні бяспекі, эканамічнае супрацоўніцтва, будучыя пасляваенныя адносіны, а таксама гістарычная палітыка.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што польска-ўкраінская салідарнасць перад абліччам расійскай пагрозы павінна стаць прыкладам для ўсіх народаў рэгіёну. Выступаючы ў Каралеўскім замку ў Варшаве, Уладзімір Зяленскі падзякаваў Польшчы і палякам за падтрымку, аказаную яго краіне ў абароне ад расійскай агрэсіі.

 -   Дарагі польскі народ, я ўпэўнены, што вы ведаеце, што салідарнасць датычыць не толькі нашых двух народаў. Калі мы з вамі вольныя, гэта гарантыя таго, што свабода ўмацоўваецца ва ўсіх суседніх з намі краінах, у Еўрасаюзе, у Румыніі і Славакіі, у Літве і ў краінах Балтыі. Гэта гарантыя таго, што яна захаваецца ў Малдове, не пакіне Грузію і абавязкова прыедзе ў Беларусь. Чым больш у нас свабоды, тым большая гарантыя, што наш агульны вораг адкажа па справядлівасці за Бучу, Катынь і Смаленск.

Са свайго боку польскі прэзідэнт Анджэй Дуда, і прэм'ер-міністр Матэвуш Маравецкі запэўнілі, што Польшча будзе працягваць аказваць падтрымку Украіне. Анджэй Дуда зазначыў, што сёння Польшча з'яўляецца трэцім пасля ЗША і Вялікабрытаніі пастаўшчыком вайсковай тэхнікі Кіеву.

-   Як суседзі мы ганарымся нашай дапамогай. Пры гэтым мы бачым наш вялікі інтарэс у тым, каб Украіна абаранілася. Калі б ёй не ўдалося і Расія акупавала б Украіну, як хацеў год таму Пуцін, мы мелі б мяжу з Расіяй, якая б мела імперскі поспех і выцягвала б свае кіпцюры ў бок наступных дзяржаў.

У прысутнасці двух лідараў таксама былі падпісаныя дамовы паміж Польшчай і Украінай аб сумеснай вытворчасці боепрыпасаў. Прэм'ер-міністр Матэвуш Маравецкі заявіў, што Украіна купляе ўзбраенне, вырабленае на польскіх заводах

-   Зброя якую мы перадалі, як і тую, што мы прадаём, гэта зброя ў будучыні зможа стаць часткай узбраення ўкраінскай арміі, як стала часткай вайсковай тэхнікі Войска Польскага.

Намеснік міністра замежных спраў Пётр Ваўжык заявіў, што Польшча хоча адыгрываць важную ролю ў аднаўленні Украіны пасля заканчэння вайны. Гэта пацвердзіў учора ўкраінскі лідар Уладзімір Зяленскі падчас візіту ў Варшаву, таксама падчас перамоў з польскімі міністрамі інфраструктуры і развіцця. Віцэ-міністр Пётр Ваўжык нагадаў, што польскія фірмы атрымаюць асаблівы статус на ўкраінскім рынку, які дазволіць ім больш актыўна ўдзельнічаць у адбудове Ўкраіны.

-   Ужо прыняты закон пра статус палякаў, які выраўнівае ўмовы для польскіх фірм на украінскім рынку. Апроч таго цяпер рыхтуюцца дадатковыя дамовы ў гэтай справы да падпісання.

Візіт Уладзіміра Зяленскага стаў яго першай паездкай у Варшаву з пачатку расійскага ўварвання ва Украіну. У выніку візіту Украіна дамовілася пра набыццё ў Польшчы 150 баявых транспарцёраў Rosomak,  абвясціла пра вырашэнне збожжавага крызісу, а таксама заявіла пра прывілеі для польскіх кампаній, якія зоймуцца аднаўленнем Украіны.

Юры Ліхтаровіч