Беларуская Служба

Прэм’ер Маравецкі ў Вашынгтоне: Будуць новыя амерыканскія інвестыцыі ў Польшчы

12.04.2023 15:20
Матэвуш Маравецкі і Камала Харыс асудзілі агрэсію Расіі супраць Украіны і дзеянні ўладаў у Мінску і перасцераглі перад Кітаем.
Аўдыё
  • Прэм’ер Маравецкі ў Вашынгтоне
-
Віцэ-прэзідэнтка ЗША Камала Харыс і прэм'ер Польшчы Матэвуш Маравецкі PAP/Krystian Maj/KPRM

Віцэ-прэзідэнтка ЗША Камала Харыс і прэм'ер Польшчы Матэвуш Маравецкі падкрэслілі неабходнасць цеснай каардынацыі дзеянняў ЗША і Еўропы перад абліччам сучасных выклікаў, гаворыцца ў заяве Белага дома пасля сустрэчы абодвух лідараў у Вашынгтоне. Матэвуш Маравецкі і Камала Харыс асудзілі агрэсію Расіі супраць Украіны і дзеянні ўладаў у Мінску. Віцэ-прэзідэнтка ЗША падзякавала Польшчы за лідарства ў падтрымцы Украіны.

Віцэ-прэзідэнтка ЗША Камала Харыс падчас прывітання кіраўніка польскага ўраду заявіла, што перамовы з польскім прэм’ерам будуць тычыцца пытанняў амерыканскіх інвестыцыяў у Польшчы, энергетычнага і вайсковага супрацоўніцтва, дапамогі Украіне:

- Гэта наша чацвёртая рабочая сустрэча за апошні час. Мне вельмі прыемна вітаць Вас у Белым доме і працягваць пачатыя раней перамовы. Падчас майго візіту ў Варшаву ў мінулым годзе мы падкрэслівалі значэнне нашай супрацы ў кантэксце нападу Расіі на Украіну. У той час я таксама сустракаўся з уцекачамі з Украіны, якіх прынялі палякі.

Прэм’ер Польшчы і віцэ-прэзідэнтка ЗША выказалі агульную прыхільнасць дэмакратычным каштоўнасцям. Яны таксама абмеркавалі важнасць цеснай трансатлантычнай каардынацыі ў вырашэнні выклікаў, якія стварае Кітай.

Матэвуш Маравецкі прызнаў, што Польшча хоча мірнага супрацоўніцтва з Кітаем, які зʼяўляецца сусветнай супердзяржавай, але кіраўнік польскага ўраду звяртаў таксама ўвагу на цесныя адносіны Пекіна і Масквы:

- Не сакрэт, што зараз згаданая супердзяржава, мякка кажучы, заігрывае з Расіяй. На самой справе, мы не ведаем, што Кітай пастаўляе ў Расію. Мы ведаем, напрыклад, пра мікрапрацэсары, нейкія запчасткі. Мы надалей маем надзею, што Кірай не вырашыць экспартаваць у Расію зброі, якая можа быць выкарыстаная супраць Украіны.

Прэмʼер Польшчы пераконваў, што большасць краін Еўрасаюза цяпер заўважае такія рызыкі ў кантэксце расійскай агрэсіі супраць Украіны:

- На паседжанні Савета Еўрасаюза я напэўна яшчэ раз закрану гэтую тэму. Але ўжо раней рашучая большасць краінаў-членаў згаджалася, што перадача Кітаем зброі Расіі – гэта было б перасячэнне «чырвонай лініі». Таму я спадзяюся, што Пекін не вырашыцца на такі крок.

На мінулым тыдні прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон і прэзідэнт Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен наведалі Пекін. Пасля вяртання з Кітая прэзідэнт Макрон заявіў, што Еўропа павінна супрацьстаяць ціску, каб стаць «копіяй Амерыкі». У сваю чаргу ў кантэксце напружанасці на лініі Кітай-Тайвань прэзідэнт Францыі ацаніў, што для Старога кантынента рызыкоўна ангажавацца ў «чужы канфлікт».

У сваю чаргу віцэ-прэзідэнтка ЗША выказала ўдзячнасць за польскі ўнёсак у памяншэнне залежнасці Еўропы ад расійскіх энерганосьбітаў і павіншавала краіну з выбарам амерыканскага партнёра для развіцця грамадзянскай ядзернай энергетычнай праграмы.

У сваю чаргу, Белы дом падкрэсліў, што гэтае супрацоўніцтва ўмацуе двухбаковыя сувязі і энергетычную бяспеку Еўропы, дапаможа вырашыць кліматычны крызіс і створыць тысячы працоўных месцаў у Польшчы і ЗША.

Пасля сустрэчы з Камалай Харыс прэм’ер Матэвуш Маравецкі анансаваў новыя амерыканскія інвестыцыі ў Польшчы. Ён падкрэсліў, што Польшча становіцца для ЗША ўсё больш важным партнёрам:

- Гэта будуць вельмі прасунутыя інвестыцыі ў сучасныя тэхналогіі, а таксама інвестыцыі ў ваенную прамысловасць. Гэта вельмі важная справа ў часе пашырэння і ўкаранення польска-амерыканскага партнёрства.

Пытанне ваеннага супрацоўніцтва было адной з галоўных тэмаў учарашняй размовы Матэвуша Маравецкага з віцэ-прэзідэнткай ЗША Камалай Харыс. Як падкрэсліў прэм’ер Матэвуш Маравецкі, гаворка ідзе не толькі пра простую закупку новай зброі, але пра доўгатэрміновае супрацоўніцтва, накіраванае на развіццё прысутнасці амерыканскай абароннай прамысловасці ў Польшчы.

Напрыклад, гаворка ідзе пра будаўніцтва базы па абслугоўванні ваеннай тэхнікі. «Я буду заахвочваць, я таксама выдзялю дадатковыя сродкі з польскага бюджэту на падрыхтоўку інфраструктуры для амерыканскіх інвестараў, таму што гэта дадатковыя сотні тысяч працоўных месцаў», – сказаў кіраўнік польскага ўрада:

- Мы гаварылі, як пра танкі, так і пра ракетныя ўстаноўкі. Пра супраць ракетную і супрацьпаветраную абарону, пра беспілотнікі і іншыя прасунутыя сістэмы, якія выпускаюць амерыканскія кампаніі.

Амерыканскія інвестыцыі ў сістэму абароны Польшчы – гэта галоўная тэма таксама другога дня візіту прэм’ер-міністра Матэвуша Маравецкага ў ЗША. Сёння кіраўнік польскага ўрада наведае заводы ў Атланце і Алабаме, якія вырабляюць, у тым ліку, знішчальнікі F-35 і танкі Abrams.

Матэвуш Маравецкі адзначыў, што амерыканцы разумеюць неабходнасць сваёй пастаяннай вайсковай прысутнасці ў Польшчы. «Я вельмі рады, што віцэ-прэзідэнтка Харыс не толькі казала аб гэтай дадатковай прысутнасці некалькіх тысяч жаўнераў, але і аб будаўніцтве базы і складоў для назапашвання амерыканскай тэхнікі і ўзбраення», – дадаў палітык.

Візіт прэмʼер-міністра Матэвуша Маравецкага ў ЗША працягнецца да чацвярга, 13 красавіка. Кіраўнік польскага ўраду сустрэнецца з прадстаўнікамі амерыканскага абароннага сектара, а таксама правядзе перамовы ў аналітычным цэнтры Atlantic Council (Etlantik Kansel)і прыме ўдзел у веснавой сустрэчы Міжнароднага валютнага фонда і Сусветнага банка.

IAR/аз

Матэвуш Маравецкі адправіўся з візітам у Вашынгтон

10.04.2023 17:11
Заўтра прэм’ер-міністр Матэвуш Маравецкі сустрэнецца ў Вашынгтоне з віцэ-прэзідэнтам ЗША Камалай Харыс.