«Мы маем справу з неабходнасцю змяніць і павялічыць абмежаванні і санкцыі, звязаныя з гэтай катэгорыяй злачынстваў», – заявіў Станіслаў Жарын, дырэктар Дэпартамента нацыянальнай бяспекі Канцылярыі прэм'ер-міністра Польшчы і прэс-сакратар міністра-каардынатара спецыяльных службаў, у інтэрв’ю Gazeta Polska.
Дэпутаты «Права і справядлівасці» ўнеслі ў Сейм законапраект аб узмацненні пакарання за шпіянаж. Паводле яго, можна будзе асудзіць шпіёна на пажыццёвае зняволенне. Цяпер за ўдзел у замежнай разведвальнай дзейнасці супраць Польшчы пагражае ад аднаго да 10 гадоў пазбаўлення волі. Пасля ўнясення змяненняў пакаранне будзе складаць мінімум пяць гадоў без верхняга ліміту. З другога боку, для арганізатараў замежнай разведвальнай дзейнасці пакаранне будзе ўзмоцнена ад пяці да 25 гадоў пазбаўлення волі да не менш чым 10 гадоў або пажыццёвага зняволення.
Згодна з праектам, адказнасць будзе і за дэзынфармацыю. Гэта будзе пакаранне не менш за восем гадоў пазбаўлення волі. Праект паправак у Крымінальны кодэкс прадугледжвае ўвядзенне пакарання за дэзынфармацыю, здзейсненую ў сувязі са шпіёнскай дзейнасцю. На думку аўтараў, гаворка ідзе пра распаўсюд «непраўдзівай або зманлівай інфармацыі з мэтай выклікаць сурʼёзныя парушэнні ў сістэме або эканоміцы Рэспублікі Польшча, іншай дзяржавы або міжнароднай арганізацыі».
«Я пазітыўна ацэньваю праект узмацнення пакарання за шпіянаж. Неабходна змяніць і ўзмацніць абмежаванні і санкцыі ў дачыненні да гэтай катэгорыі злачынстваў. Шпіянаж па-ранейшаму застаецца адной з самых сурʼёзных пагроз для польскай дзяржавы. У апошні год гэтая актыўнасць знешняй выведкі супраць Польшчы значна большая, чым была раней, таму агульны крок да ўзмацнення пакаранняў пазітыўны, – адзначыў Станіслаў Жарын. – Я таксама станоўча ацэньваю палажэнне, дзе гаворыцца, што дэзынфармацыя ад імя замежных службаў будзе карацца больш жорстка – ад васьмі гадоў пазбаўлення волі. Такую актыўнасць мы і назіраем у апошнія гады. Шэраг дзеянняў расійскіх і беларускіх спецслужбаў накіраваны не толькі на вядзенне тыповай разведкі, то бок збор інфармацыі, але і на правядзенне дэзынфармацыйнай дзейнасці або аперацый уплыву. І такія нарматыўныя акты, безумоўна, палегчаць пераслед за гэты від злачынства».
niezalezna.pl / вх