Пасля заклікаў Германіі ўвесьці санкцыі супраць расійскага атамнага сектара група краінаў, гатовых падтрымаць гэтую ідэю, павялічваецца, але Еўрапейская камісія дагэтуль не прадставіла праекта 11-га пакета санкцый супраць Расіі за вайну ва Украіне, нагадвае Dziennik Gazeta Prawna.
З пачатку бягучага года краіны-члены паспелі прыняць толькі адзін – 10-ы пакет санкцый, які расчараваў як Украіну, так Польшчу і краіны Балтыі. Усе яны патрабавалі больш амбіцыйных мер, якія ахапілі б, у тым ліку, расійскі ядзерны сектар.
Польшча, Літва, Латвія і Эстонія нават падрыхтавалі сумесную прапанову аб увядзенні санкцый супраць расійскай дзяржаўнай кампаніі «Расатам», якая з'яўляецца адным з нямногіх сапраўдных лідараў у сваім сектары на сусветным рынку.
Нягледзячы на тое, што гатовыя праекты былі накіраваныя ў Еўракамісію, то, паводле звестак газеты, Брусель, папярэдне ацаніўшы колькасць краін-прыхільнікаў ідэі, вырашыў не ўключаць іх у 10-ы пакет санкцый.
Прадстаўнікі Еўракамісіі з пачатку года запэўніваюць, што намаганні ў гэтай сферы накіраваныя на выкананне ўжо дзеючага рэжыму санкцый, аднак праца над 11-м пакетам вядзецца ўжо некалькі тыдняў.
Паводле крыніцы інфармацыі ў дыпламатычных колах, нядаўна ўсе чатыры сталіцы: Варшава, Рыга, Талін і Вільня паўтарылі сваю прапанову аб уключэнні «Расатама» ў санкцыйны спіс.
«Нягледзячы на шматлікія заявы, Еўрапейская камісія дагэтуль не прадставіла краінам-членам ніводнага праекта новага пакета санкцый. Мы спадзяемся, што нашая прапанова будзе ўлічана, але мы не бачым ціску з боку Бруселя на прыняцце новых рашэнняў па гэтай справе», – дадае суразмоўца выдання Dziennik Gazeta Prawna.
аз