Беларуская Служба

Эксперт: «Лукашэнка для Пуціна – неадукаваны калгасьнік». Хто пасля яго? «Магчымы найгоршы сцэнар»

22.05.2023 10:53
Каміль Клысіньскі лічыць, што Качанава не зможа ўтрымаць уладу.
Уладзімір Пуцін і Аляксандр ЛукашэнкаPAP/EPA/MICHAEL KLIMENTYEV / SPUTNIK / KREMLIN POOL

Беларуска -расійскія адносіны пракаментаваў для выдання Gazeta.pl галоўны спецыяліст групы па Беларусі, Украіне і Малдове варшаўскага Цэнтра ўсходніх даследаванняў, эксперт па беларускіх справах Каміль Клысіньскі.

Эксперт падкрэслівае, што тое, што апошнімі днямі з'явілася ў мэдыях пра беларускага прэзідэнта, зʼяўляецца звычайнай канспіралогіяй.

Каміль Клысіньскі зазначае, што сяброўства паміж Пуціным і Лукашэнкам няма і ніколі не было. Абодва лідары ​​прымаюць адзін аднаго па неабходнасці. Лукашэнка ведае, што Расія патрэбная беларускай эканоміцы як кісларод. Расія заўсёды была важным гандлёвым партнёрам Беларусі, а цяпер практычна адзіным – прыкладна 75 працэнтаў экспарту з Беларусі ідзе ў Расію – адзначае эксперт.

Для Пуціна Лукашэнка – хітры неадукаваны калгаснік. Але Беларусь паслухмяная, яна дае Расіі ўсё, што ёй трэба: тэрыторыю, палігоны, паліва, вучэбна-матэрыяльныя базы, асабісты склад, шпіталі. Лукашэнка таксама важны для «псіхатэрапіі» Пуціна, бо ён адзін з нямногіх сусветных лідараў, хто прыедзе ў Маскву, – тлумачыць суразмоўца Gazeta.pl

Калі не Лукашэнка, то хто?

Можна разглядаць сцэнары, калі альбо Пуцін, альбо Лукашэнка з-за розных абставінаў страчваюць уладу. Што далей?

- Калі Пуцін сыдзе ад улады, гэта адкрые магчымасць для многіх краін, якія хацелі б адарвацца ад Расіі. І найбольш залежная ад Крамля з постсавецкіх рэспублік – Беларусь. Гэтая залежнасць узмацнілася ў выніку санкцый Захаду супраць саўдзелу Мінска ў агрэсіі супраць Украіны. У выпадку адсутнасці Лукашэнкі спачатку яго ролю фармальна возьме на сябе старшыня верхняй палаты парламента – Савета Рэспублікі – Наталля Качанава. Гэтая спадарыня абсалютна апантаная Лукашэнкам, ён для яе ледзь не напаўбог, кажа Клысіньскі.

Ён таксама адзначае, што Качанава не зможа ўтрымаць уладу. І гэта адкрыла б больш сцэнарыяў.

– Калі б Расія пагрузілася ў хаос, у Беларусі ў гульню магла б уступіць апазіцыя, магчымыя нават свабодныя або часткова свабодныя выбары. Тады магчымы быў бы кампраміс паміж апанентамі рэжыму і прагматычнай часткай наменклатуры, і гэта быў бы найлепшы варыянт, лічыць Клысіньскі.

Аднак магчымы і найгоршы сцэнар, пры якім уладу ў Беларусі возьмуць у свае рукі войска і органы бяспекі. Тым больш, што сілавікі моцна арыентаваныя на Крэмль, нават больш, чым сёння афіцыйны Мінск.

Гэты сілавы варыянт быў бы больш імаверны, калі б Лукашэнка знік або сышоў першым, а Пуцін яшчэ мог бы ўплываць на сітуацыю ў Беларусі, тлумачыць Каміль Клысіньскі.
Пры гэтым эксперт падкрэслівае, што пазл беларуска-расійскіх адносін настолькі складаны, што сёння цяжка што-небудзь вызначыць.

– Мы не ведаем, чым скончыцца вайна, не ведаем пра стан здароўя Пуціна. І варта прытрымлівацца фактаў, а не здагадак, – падкрэслівае ў інтэрвʼю Gazeta.pl эксперт варшаўскага Цэнтра ўсходніх даследаванняў Каміль Клысіньскі.

яс