Беларуская Служба

Нямецкія СМІ спасылаюцца на фальшывыя навіны і пішуць, што ў Польшчы растуць пратэсты супраць АЭС

02.06.2023 13:06
Брандэнбургская газета Nordkurier выкарыстоўвае фэйкавыя навіны, якія распаўсюджвае Расія.
Пратэст каля Сейма ў Варшавеfot. Mariusz Marszałkowski/biznesalert.pl

Брандэнбургская газета Nordkurier сцвярджае, што пратэсты супраць будаўніцтва АЭС у Польшчы адбываюцца на мясцовым і міжнародным узроўні, і выкарыстоўвае фэйкавыя навіны, якія распаўсюджвае Расія, паведамляе польскі сайт biznesalert.pl

Nordkurier апісвае чуткі пра радыеактыўнае воблака, якое нібыта ўстрывожыла польскую грамадскасць. Інфармацыю пра радыеактыўнае воблака, якое прыйшло з Украіны над Польшчу, распаўсюдзілі расійскія СМІ. У Дзяржатамагентстве гэтую інфармацыю абверглі.

Газета таксама піша пра мясцовыя акцыі пратэсту супраць атама, не прыводзячы канкрэтных прыкладаў. Варта нагадаць, што пратэсты праходзяць з удзелам некалькіх дзясяткаў чалавек з арганізацыі Baltic SOS у Памераніі або з падтрымкай «Партыі зялёных» у супрацы з яе нямецкім аналагам у Франкфурце.

86 працэнтаў апытаных ад імя польскага Міністэрства клімату і навакольнага асяроддзя падтрымліваюць атамную энергетыку ў краіне.

Як адзначае Nordkurier, польскі ўрад рэалізуе сваю энергетычную палітыку ў супрацоўніцтве з ЗША і Паўднёвай Карэяй, якія лічыць партнёрамі. Менавіта з імі Варшава хоча будаваць рэактары.

У рамках трансгранічных кансультацый адносна будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў заходняй частцы Польшчы, якія адбыліся ў Варшаве ў сярэдзіне красавіка, нямецкі бок не падаваў ніякіх заўваг.

У Германіі 15 красавіка былі адключаныя апошнія сеткавыя падключэнні трох апошніх АЭС у дзяржаве.

яс