Беларуская Служба

Выбарчая інтрыга ў Польшчы: хто будзе ствараць новы ўрад

17.10.2023 13:42
Цяперашняя кіроўная і чатыры асноўныя апазіцыйныя партыі маюць адрознае бачанне, як павінна выглядаць стварэнне новага ўраду. 
Аўдыё
  • Выбарчая інтрыга ў Польшчы: хто будзе ствараць новы ўрад
.
.PAP/Paweł Supernak

Афіцыйныя вынікі выбараў у Сейм Польшчы: партыя «Права і справядлівасць» (PiS) – 35,38% галасоў (194 мандаты), «Грамадзянская кааліцыя» (KO) – 30,70% (157 мандатаў), «Трэці шлях» (кааліцыя Польскай сялянскай партыі і «Польшчы 2050») – 14,40% (65 мандатаў), «Новыя левыя» – 8,61% (26 мандатаў), «Канфедэрацыя» – 7,16% галасоў (18 мандатаў).

«Права і справядлівасць» набрала найбольшую колькасць галасоў у Сенаце – партыю Яраслава Качыньскага падтрымалі больш за 34% выбаршчыкаў. Аднак большасць у верхняй палаце парламенту будуць мець групы Сенацкага пакту, гэта значыць прадстаўнікі Грамадзянскай кааліцыі, Трэцяга шляху, Левых і палітыкі руху «Так!».
ПіС мае ў Сенаце 34 мандаты, палітыкі з Сенацкага пакту – 66.
Яўка на парламенцкіх выбарах склала больш за 74%.

Вынікі выбараў у Сейм азначаюць, што перамагла цяперашняя кіроўная партыя «Права і справядлівасць», але яна не зможа кіраваць самастойна. Нават беручы пад увагу вынікі ўльтра правай «Канфедэрацыі», якая адмаўляе ўдзел у кааліцыі з ПіС, гэтага і так недастаткова, каб утварыць урад большасці.

У сваю чаргу ўсе тры апазіцыйныя палітычныя структуры заяўляюць пра супрацу і супольнае стварэнне ўраду.

Кожны з бакоў палітычнай сцэны – пераможная партыя і апазіцыйныя структуры – маюць адменны погляд на тое, як павінна выглядаць працэдура ўтварэння новага ўраду. Выбар сцежкі залежыць ад прэзідэнта, які прымае рашэнне, каму даручыць гэтае заданне.

Анджэй Дуда стаіць на пазіцыі, што, як гэта было раней, урад павінна ствараць пераможная партыя, то бок у гэтым выпадку «Права і справядлівасць». Дзяржаўны сакратар Канцылярыі прэзідэнта Анджэй Дэра паведаміў, што, паводле палітычнай традыцыі, прэзідэнт даручае місію фармавання ўраду партыі-пераможцы. У інтэрв’ю TVP Info прэзідэнцкі міністр Анджэй Дэра падкрэсліў, што гэта элементарны прынцып, які звычайна ўжываецца ў дэмакратычных краінах:

-Пераможца выбараў атрымлівае своеасаблівую прэмію. Чаму? Па простай прычыне: пераможца больш за ўсіх прапануе іншым партыям. Калі ён не можа самастойна кіраваць, то ў дэмакратыі стварае кааліцыю, а той хто перамог, мае найбольшую колькасць мандатаў і прапановаў. Гэта натуральны працэс. Я разумею, што апазіцыя хацела б ужо пераняць уладу. Але трэба пакінуць гэтую традыцыю, паколькі яна правераная. Яе трэба паважаць.

Апазіцыя мяркуе цалкам па-іншаму. Паводле яе, «Права і справядлівасць» і так не зможа стварыць кааліцыю, таму прэзідэнт павінен не губляць часу і для дабра Польшчы выбраць сцэнар, у якім даручыць стварэнне ўраду апазіцыйным партыям, якія заяўляюць пра супрацу. Паводле яе, трэба даверыць стварэнне ўраду лідару самай вялікай партыі, якая мае шанец стварыць большасць.

-Няма такога звычаю. У прэзідэнта ёсць свой розум. Ён павінен вывучыць сітуацыі і не цягнуць час. Калі ён так зробіць, то будзе як Ярузэльскі ў 1989 годзе, які сілаю ўпіхваў Кішчака, ведаючы, што ў Кішчака няма большасці. Усе сказалі, што не хочуць з «Правам і справядлівасцю» ствараць урад, таму няхай ён супакоіцца. Звычай быў такім, што партыя, якая перамагала, мела шанец на стварэнне ўраду, – гаварыў на хвалі Польскага радыё Павал Коваль з «Грамадзянскай платформы».

Журналіст тыднёвіка «Sieci» Анджэй Патоцкі падкрэсліваў на хвалі TVP Info, што новай уладзе прыйдзецца кіраваць краінай у цяжкія часы:

-Кіраваць будзе нялёгка. Бюджэт напружаны. Існуюць сацыяльныя праграмы, ёсць велізарныя выдаткі на ўзбраенне. Распачата шмат інвестыцый. Вядома, можна ад гэтага адмовіцца, але тады краіна перастае развівацца. Пытанне наступнае: ці ўрад, які ўзнікне, будзе здольны кіраваць гэтымі працэсамі. Кіраваць Польшчай, калі ёсць Украіна, калі ў свеце вельмі неспакойная сітуацыя, мігранты, Ізраіль, Палестына, а да гэтага значныя бюджэтныя выдаткі.

Не пазней за 13 студзеня 2024 года, гэта значыць праз 90 дзён пасля выбараў, Вярхоўны суд вырашыць, ці былі яны сапраўднымі. Перад гэтым разгледзець усе выбарчыя пратэсты.

Канстытуцыя прадугледжвае тры этапы фармавання ўраду. Першы крок: прэзідэнт прызначае прэм’ер-міністра і даручае яму місію фармавання ўраду. Калі гэтая спроба панясе паразу, ініцыятыву бярэ на сябе Сейм. Калі і дэпутатам не ўдасца сфармаваць урад, паколькі дзеля гэтага патрэбная большасць, ініцыятыва вяртаецца да прэзідэнта. Калі праваліцца і трэцяя спроба стварэння ўраду, прэзідэнт павінен скараціць тэрмін паўнамоцтваў парламенту і распісаць новыя выбары.

ав

слухайце аўдыё


Што будзе рабіць Качыньскі? «Ён ужо пераадолеў шмат цяжкасцяў»

16.10.2023 10:05
Так уступныя вынікі парламенцкіх выбараў у Польшчы пракаментаваў Радаслаў Фогель з «Права і справядлівасці».

Браніслаў Камароўскі пра выбары 2023: Важна, што кіроўная каманда адхіленая ад улады

16.10.2023 10:15
– Цяпер Тут важныя карты ў руках прэзідэнта, – сказаў былы польскі прэзідэнт Браніслаў Камароўскі

ЦВК абвесціла канчатковыя вынікі парламенцкіх выбараў у Польшчы

17.10.2023 09:51
Цэнтральная выбарчая камісія апублікавала звесткі па 100 працэнтах выбарчых участкаў.