Беларуская Служба

Новы Сейм і Сенат Польшчы пачынаюць працу

13.11.2023 16:15
Першым рашэннем дэпутатаў Сейма X-га склікання і Сената XI-га склікання з’яўляецца выбар спікераў палатаў.
Аўдыё
  • Новы Сейм і Сенат Польшчы пачынаюць працу
Новы Сейм і Сенат Польшчы пачынаюць працуPAP/Paweł Supernak

Сёння, упершыню пасля парламенцкіх выбараў, якія адбыліся ў Польшчы 15 кастрычніка, пачынаюцца ўрачыстыя паседжанні Сейма і Сената Польшчы. Першым рашэннем дэпутатаў Сейма X-га склікання і Сената XI-га склікання з’яўляецца выбар спікераў палатаў.

Першае пасля выбараў паседжанне ніжэйшай палаты польскага парламента а 12.00 адкрыў старэйшы спікер Марэк Савіцкі (Marek Sawicki) з Польскай сялянскай партыі. Гэтую функцыю яму даручыў прэзідэнт Анджэй Дуда:

- Адкрываю першае паседжанне Сейма Рэспублікі Польшча X-га склікання.

Пасля афіцыйнага адкрыцця паседжання, прагучаў польскі гімн, а затым выступіў кіраўнік польскай дзяржавы. Анджэй Дуда заявіў, што дэмакратыя ніколі не была такой моцнай у гісторыі Польшчы, як цяпер. Ён падзякаваў выбаршчыкам за рэкордную яўку на выбарах, якая склала больш за 74 працэнты:

- Калі гаворка ідзе пра погляды, мы палякі шмат у чым адрозніваемся і будзем адрознівацца. Часта заўзята страчаемся і, хутчэй за ўсё, будзем спрачацца ў будучыні, бо гэта характар дэмакратыі. Аднак самае важнае, што мы вырашаем спрэчкі шляхам выбараў. Гэта ісціна дэмакратыі.

У сваёй прамове прэзідэнт Анджэй Дуда заклікаў дэпутатаў паважаць адзін аднаго.

Перад пачаткам першага паседжання Сейма старэйшы спікер і прэзідэнт усклалі кветкі да памятных дошкаў прэзідэнту Леху Качыньскаму, святому Яну Паўлу ІІ, спікеру Сейма Мацею Плажыньскаму і членам парламента, якія загінулі падчас Другой сусветнай вайны і авіякатастрофы пад Смаленскам.

Пасля выступлення прэзідэнта пачалася працэдура выбару часовых сакратароў, з дапамогай якіх старэйшы спікер прымае прысягу ад 460 дэпутатаў. Нагадваем, 117 з іх дэбютуюць у Сейме, 27 – вярнуліся ў палату пасля карацейшага або даўжэйшага перапынку.

Традыцыйна, падчас першага пасля выбараў паседжання Сейма ў адстаўку падае таксама прэм'ер саступаючага ўраду, у гэтым выпадку Матэвуш Маравецкі. Паводле Канстытуцыі, кіраўнік ураду можа зрабіць гэта таксама непасрэдна перад прэзідэнтам, то бок не абавязкова ў Сейме.

Падаючы ў адстаўку прэм’ер Матэвуш Маравецкі падкрэсліў, наколькі важнае для інтарэсаў Польшчы супрацоўніцтва паміж усімі партыямі і заахвочваў да стварэння ўрадавай кааліцыі:

- Кааліцыі, якая будзе клапаціцца пра сацыяльныя справы, нацыянальную бяспеку, суверэнітэт, а таксама працяг распачатых раней буйных праектаў, ад якіх залежыць будучыня нашай айчыны. Да такой кааліцыі я запрашаю.

Нагадваем, нейкі час таму прэзідэнт Анджэй Дуда заявіў, што даручыць місію фармавання новага ўраду кандыдату ад партыі, якая перамагла на выбарах, то бок дзейнаму прэм’еру Матэвушу Маравецкаму.

Міністр з Канцылярыі прэзідэнта Малгажата Папроцка(Małgorzata Paprocka) паведаміла, што Анджэй Дуда зробіць гэта афіцыйна сёння ўвечары:

- Па гэтай справе Канстытуцыя бярэ пад увагу тры магчымасці. Па-першае, на першым паседжанню ўрад падае ў адстаўку, якую прымае прэзідэнт і адначасова даручае ўраду працягваць місію да часу стварэння новага ўраду. Як заявіў прэзідэнт два тыдні таму, місію фармавання новага ўраду ён даручыць Матэвушу Маравецкаму. Усе тры згаданыя крокі будуць прынятыя сёння ўвечары.

Нагадваем, з моманту прызначэння прэм’ер Матэвуш Маравецкі на працягу максімум двух тыдняў павінен прадставіць у Сейме праграму дзейнасці ўрада разам з вотумам даверы, які Сейм павінен прыняць абсалютнай большасцю галасоў у прысутнасці не менш за палову ад устаноўленай законам колькасці дэпутатаў.

Гэта складаная задача, бо хоць правыя сілы перамаглі на выбарах, атрымаўшы 194 дэпутацкія мандаты, то большасці ў Сейме не маюць. Большасць у Сейме маюць дэпутаты апазіцыйных: «Грамадзянскай кааліцыі», «Трэцяй дарогі і «Новых левых сілаў» (разам 248 дэпутацкіх мандатаў), якія ў пятніцу заключылі афіцыйнае кааліцыйнае пагадненне. Паводле каментатараў, нават, калі б Аб’яднаныя правыя сілы дамовіліся з крайне правай «Канфедэрацыяй», якая атрымала 18 мандатаў, то большасці і так не яны набяруць.

Затым пачалася працэдура выбару спікера Сейма X-га склікання, якім быў абраны Шыман Галоўня (Szymon Hołownia) – адзін з лідараў з кааліцыі «Трэцяя дарога», «Гэта вялікі гонар і вялікі абавязак», – падкрэсліў новы спікер Сейма:

- Палітыка – гэта не гвалт, а клопат. Згаданая зала, гэта не рынг, але дом сустрэчаў і размоваў. Рэкорднай выбарчай яўкай палякі далі нам зразумець – досыць таго, што было да гэтай пары. Памяняцца павінна не толькі партыя, але і палітыка.

Кандыдатуру Шымана Галоўні падтрымалі 265 дэпутатаў. Яго кандыдатуру разам выставілі чатыры партыі апазіцыйнай кааліцыі.:

Першы дзень паседжання новага Сейму мае ўрачысты характар. Акрамя прэзідэнта Анджэя Дуды на ім госцяць прадстаўнікі вышэйшых дзяржаўных уладаў, члены дыпламатычнага корпуса, былыя прэзідэнты, спікеры і прэмʼеры, камандзіры Войска Польскага, прадстаўнікі Касцёлаў і рэлігійных асацыяцыі.

У сваю чаргу а 16.00 пачалося таксама першае паседжанне вышэйшай палаты польскага парламента, то бок Сената XI-га склікання, якое рашэннем прэзідэнта Анджэя Дуды ўзначаліў старэйшы спікер Міхал Севярыньскі ад правай партыі «Права і справядлівасць».

IAR/аз

Адбылася першая сесія Сейма Х склікання

13.11.2023 14:32
Пасяджэнне інаўгураваў маршалак Марэк Савіцкі з Польскай сялянскай партыі.