Зазначаецца, што з новым прэзідэнтам магчымае больш стрыманае стаўленне Польшчы да падтрымкі Украіны. Прынамсі пра гэта не раз казаў Караль Наўроцкі падчас выбарчай кампаніі.
Поспех Наўроцкага на выбарах абумоўлены, між іншым, яго іміджам моцнага і кансерватыўнага лідара, які апраўдаў чаканні значнай часткі палякаў у часы геапалітычнай напружанасці і супакоіў сацыяльныя страхі звязаныя з пагрозай з боку Расіі і нелегальнай міграцыі. Падчас выбарчай кампаніі Наўроцкі на раз заяўляў, што падтрымлівае традыцыйныя каталіцкія і сямейныя каштоўнасці, а таксама прадстаўляўся рашучым прыхільнікам польскага суверэнітэту ў ЕС, бяспекі межаў і ўмацавання саюзных адносін з ЗША. Разам з тым Караль Наўроцкі казаў, што ён супраць адпраўкі польскіх салдат ва Украіну і супраць членства Украіны ў НАТА.
— Не ўяўляю сабе сітуацыі, калі краіна адказная за смерць 120 тысяч палякаў, якая не пагаджаецца на правядзенне эксгумацыі, будзе ўдзельнікам такіх міжнародных устаноў як Еўрасаюз ці НАТА. Германія павінна нам заплаціць рэпарацыі. Я прымаў складаныя рашэнні аб ліквідацыі аб’ектаў савецкай прапаганды, за што сёння мяне пераследуе Расійская Федэрацыя, будучы прэзідэнтам, я не вышлю польскіх жаўнераў ва Украіну, буду ўмацоўваць польска-амерыканскі хаўрус і не пагаджуся на стварэнне НАТА-біс у ЕС.
Гэта выразная змена з палітыкай, якую праводзіў урад ПіС, калі кіраваў прэм’ер Матэвуш Маравецкі, а прэзідэнтам быў Анджэй Дуда, якія казалі пра тое, што «месца гераічнага ўкраінскага народу ў НАТА да Еўрасаюзе», і што Польшча «будзе адвакатам Украіны ў намаганнях стаць чальцом Еўрапейскага Саюза».
Прадстаўнікі партыі «Права і справядлівасць» (ПіС), якая падтрымлівала кандыдатуру Наўроцкага на выбарах кажуць пакуль, што новаабраны прэзідэнт будзе ў першую чаргу бараніць польскія інтарэсы на міжнароднай арэне. На гэта звяртаў увагу сенатар ад ПіС Гжэгаж Чэлей.
— На дадзены момант геапалітычная сітуацыя ў нашым рэгіёне вельмі складаная. Таксама пагоршыліся адносіны ЕС са Злучанымі Штатамі, яны цяпер на вельмі небяспечным павароце. Да гэтага на мяжы Польшчы ідзе вайна. Таму нам патрэбны моцны прэзідэнт з моцным мандатам.
Аднак некаторыя СМІ, напрыклад OKOpress, прагназуюць, што Караль Наўроцкі не будзе прытрымлівацца палітыкі ПіС, а хутчэй будзе праводзіць больш радыкальны курс, блізкі да права-папулісцкага руху «Канфедэрацыі». У выніку, гэта можа прывесці да большага хаосу ў польскай замежнай палітыцы.
Больш стрыманыя ацэнкі гучаць ад экспертаў. Так палітолаг з Інстытута Цэнтральнай Еўропы і дацэнт Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта Анджэй Шабацюк мяркуе, што пасля перамогі Караля Наўроцкага не варта чакаць радыкальных змен у палітыцы ў дачыненні да Украіны. На яго думку, пасля ўступлення на пасаду Караль Наўроцкі залагодзіць сваё стаўленне ў гэтым пытанні.
— Гэты кандыдат змагаўся за галасы выбарцаў «Канфедэрацыі» ды Гжэгажа Браўна. Гэта крайне правыя ды антыўкраінскія партыі. На маю думку, калі ён зойме пасаду прэзідэнта яго пазіцыя наблізіцца да пазіцыі партыі «Права і справядлівасць». З пачатку вайны Польшча пры ўрадзе ПіС і перадала вялікую колькасць тэхнікі ды амуніцыі Украіне. Таму я не думаю, што адбудзецца радыкальная змена ў палітыцы ў дачыненні да Украіны
Будучая знешняя палітыка новаабранага прэзідэнта Караля Наўроцкага павінна быць сканцэнтравана на захаванні існуючых саюзаў, лічыць палітолаг і дырэктар Цэнтра даследаванняў грамадскай думкі прафесар Эва Марціняк. Як падкрэслівае экспертка, кірунак будучага прэзідэнцтва Караля Наўроцкага пакуль ёсць вялікай невядомай, але з-за цяперашняй геапалітычнай сітуацыі патэнцыйны канфлікт з Еўрапейскім Саюзам быў бы вельмі неспрыяльным для Польшчы. Караль Наўроцкі неаднаразова крытыкаваў Еўрапейскі Саюз падчас сваёй перадвыбарчай кампаніі і абвінавачваў Брусэль у стрымліванні польскага патэнцыялу. Прафесар Эва Марціняк падкрэслівае, што новы прэзідэнт Польшчы можа разлічваць на новы пачатак у адносінах з ЕС.
— На маю думку, Еўрапейскі Саюз дасць шанец новаму прэзідэнту, бо Польшча – гэта важная краіна ў Еўропе з рознымі ініцыятывамі ў важных справах. ЕС не павінен ізаляваць Польшчу ў звязку з рэзультатамі прэзідэнцкіх выбараў.
Эксперт таксама падкрэслівае, што захаванне і ўмацаванне існуючых саюзаў будзе ключавым для знешняй палітыкі будучага прэзідэнта Польшчы.
— Для замежнай палітыкі, якую рэалізуе ўрад пры ўдзеле прэзідэнта, важна трымаць раўнавагу паміж еўрапейскімі ды атлантычнымі хаўрусам. Гэта дало б нам нейкае пачуццё бяспекі, хаця важна самім прыкладаць намаганні, каб гарантаваць сабе бяспеку.
У сваю чаргу еўрапейская прэса, напрыклад BBC, прагназуе, што прэзідэнцтва Наўроцкага прывядзе да таго, што Польшча пачне адыходзіць ад «бачання Дональда Туска», дзе Польшча знаходзілася «ў цэнтры еўрапейскага мэйнстрыму ды ўплывае на рашэнні ў Еўропе праз моцныя адносіны з Германіяй і Францыяй» на карысць больш еўраскептычнай пазіцыі, дзе Варшава будзе «адмаўляцца ад перадачы далейшых кампетэнцый на карысць Бруселя», выступаць супраць кліматычнай і міграцыйнай палітыкі ЕС.
Юры Ліхтаровіч