Беларуская Служба

Засталіся толькі два крокі да «здзелкі», якая замацуе права моцных дзяржаў дыктаваць свае ўмовы свету

18.08.2025 11:20
Поспех Уладзіміра Пуціна на Алясцы не падлягае сумневу, але і Трамп не прайграў. 
.   .   .
У. Пуцін і Д. Трамп на Алясцы.PAP/EPA/GAVRIIL GRIGOROV/SPUTNIK/KREMLIN POOL / POOL

Насуперак распаўсюджанай думцы, у мяне зусім няма ўражання, што саміт у Анкарыджы закончыўся паразай Дональда Трампа. Праўда, так гэта магло выглядаць з еўрапейскай перспектывы, за сем тысяч кіламетраў ад Аляскі. Аднак прэзідэнт ЗША кіруецца ўласным інтарэсам, які не бярэ пад увагу ні трывог Старога свету адносна легітымацыі Уладзіміра Пуціна і яго ваеннай машыны, ні клопату пра лёс міжнароднага права і фундаментальныя прынцыпы аб нязменнасці дзяржаўных межаў. Свядома адмаўляючыся ад ролі глабальнай звышдзяржавы і лідара ліберальнага свету, Вашынгтон сёння бачыць у Маскве «ядзернага партнёра» – актора, з якім не варта сварыцца, бо ён валодае патэнцыялам знішчэння чалавецтва.

Абмеркаванне чырвонай дарожкі, цёплага прыёму Пуціна на амерыканскай зямлі, які знаходзіцца ў вышуку Міжнароднага крымінальнага суда, дэманстрацыі сілы амерыканскай авіяцыі і ўсіх атрыбутаў саміту мае важнае сімвалічнае значэнне, але засланяе пытанні значна большай вагі. З аднаго боку – амерыканска-расійская «перазагрузка», якая паслядоўна рыхтуецца ўжо паўгода і цяпер уваходзіць у вырашальную фазу. З другога – лёс Украіны, якая змагаецца з расійскімі акупантамі. Але разгледзім усё па парадку.

Поспех Уладзіміра Пуціна не падлягае сумневу

Адным візітам ён забіў двух зайцоў: пазбавіўся ад кляйма ізгоя і прадставіў Трампу сваё бачанне «каранёў украінскага канфлікту». Тыя ж выходзяць далёка за межы самой Украіны, ахопліваючы агулам архітэктуру бяспекі, створаную ў Цэнтральна-Усходняй Еўропе пасля халоднай вайны. Гэты рэгіён Масква традыцыйна ўспрымае як сваю натуральную сферу ўплыву. У выніку гэта прывяло да прыняцця Трампам расійскай канцэпцыі «міру»: не праз спыненне баёў (што Крэмль мог бы зрабіць адным загадам), а праз абыход стадыі перамір'я і пераход да мірнага пагаднення, дзеля якога неабходныя сотні гадзін складаных перамоў. Такі ход дазваляе Маскве працягваць абстрэлы, а ў выпадку адмовы Кіева ад перамоў – ускласці віну на «англійскую разведку» або іншыя «варожыя еўрапейскія сілы».

Сустрэча з Трампам прынесла аднак нейкі вынік, праўда, пакуль што гэта выключна здагадкі. Гаворка ідзе пра згоду ўсіх зацікаўленых бакоў на пэўны субстытут гарантый бяспекі для Украіны. Гэта магло б сведчыць, што ў Маскве не хочуць страціць магчымасць нармалізацыі адносін з Вашынгтонам (шосты раз за апошнія 30 гадоў). Гэты варыянт дазваляў бы Расіі, у выпадку паразы рэспубліканцаў на выбарах у 2028 годзе, аднавіць вайну супраць Украіны. Пры гэтым, расійская армія будзе ўзмоцненая і ўзбагачаная ваенным досведам. Паводле іншага сцэнарыя, Расіі дазваляюць пазбавіцца ад комплексу «малодшага брата», бо Вашынгтон нарэшце пачынае размаўляць з Масквой «сур’ёзна». Аднак найбольш рэальным падаецца варыянт, калі Пуцін пагодзіцца на гарантыі для Украіны толькі пры ўмове замены цяперашняй улады ў Кіеве рэжымам, лаяльным да Расіі (яго славутыя «дэмілітарызацыя і дэнацыфікацыя»), што ў бліжэйшай перспектыве выглядае малаверагодна.

Для Украіны 18 жніўня 2025 года можа стаць рубіконам

У гэты дзень павінна адбыцца другая сустрэча прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага ў Белым доме. Трамп прадставіць яму ўмовы «міру», якія па сутнасці для Кіева непрымальныя. Калі Зяленскі адмовіцца, Трамп абвесціць, што ўкраінскі бок сарваў мірнае пагадненне. Кіеў апынецца на ростанях: можа далей супраціўляцца, адпаведна, будзе працягвацца крывавая вайна і працэс унутранай дэстабілізацыі, якія праз год-два ўсё роўна прывядуць да страты Данбаса, альбо змяніць кіраўніцтва на больш згаворлівае. Амерыка тым часам здымае з сябе адказнасць за «вайну соннага Джо», адкрываючы шлях да «перазагрузкі» з Расіяй.

У выніку атрымаецца кампраміс, у якім кожны – акрамя Украіны – нешта выйграе. Трамп прымярае даспехі глабальнага міратворцы, Пуцін легітымізуе сваю ўладу ў вачах свету, набіраючы дадатковыя балы ў адносінах з краінамі Глабальнага Поўдня, а Еўропа стаіць перад магчымасцю заваяваць званне цвёрдага гульца ў глабальным маштабе.

Саміт у Анкарыджы азначае, такім чынам, канец існуючага парадку і адкрывае этап, калі мацнейшыя дзяржавы могуць адкрыта дэманстраваць сваю перавагу. Асноўнае пытанне гучыць так: ці ўдасца захаваць спадчыну трыццацігадовай ліберальнай эпохі, якая завяршаецца на нашых вачах, у новым раскладзе сіл у міжнароднай геапалітыцы? Гэта складаная задача.

Леон Піньчак (Leon Pińczak) - аналітык па бяспецы і ўсходніх справах, Polityka Insight

 

Амерыканцы наіўныя, а Пуцін імкнецца адбудаваць СССР — польскі дыпламат пра сустрэчу на Алясцы

16.08.2025 11:16
Дональд Трамп заявіў, што ім удалося дасягнуць пагаднення як мінімум па некалькіх пытаннях.

Еўрапейскія лідары правялі тэлеканферэнцыю па выніках сустрэчы на Алясцы (ДАПОЎНЕНА)

16.08.2025 11:45
У ёй удзельнічалі прэм'ер-міністр і прэзідэнт Польшчы. 

Амерыканская чырвоная дарожка пад нагамі расійскага злачынцы. Пасляслоўе саміта на Алясцы

16.08.2025 16:15
Шматлікія жэсты, у тым ліку зварот Трампа да Пуціна па імені, былі лішнімі.

Прэм’ер Дональд Туск: гульня за бяспеку Еўропы ўвайшла ў вырашальную фазу

16.08.2025 17:02
Уначы па польскім часе прэзідэнты ЗША і Расіі сустрэліся ў Анкарыджы на Алясцы.