Беларуская Служба

Трамп і Зяленскі ў Белым доме: шанец на мір ці «здзелка» на ўмовах Масквы

18.08.2025 13:38
Аўдыё
  • Трамп і Зяленскі ў Белым доме: шанец на мір ці «здзелка» на ўмовах Масквы
  .     . , , , 15  2025 .
Прэзідэнт ЗША Д. Трамп і прэзідэнт РФ Ул. Пуцін, Анкорыдж, ЗША, 15 жніўня 2025 г. PAP/EPA/GAVRIIL GRIGOROV/SPUTNIK/KREMLIN POOL / POOL

18 жніўня ў Белым доме павінна адбыцца другая сустрэча прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам. Абодва лідары правядуць перамовы ў прысутнасці еўрапейскіх палітыкаў, у тым ліку канцлера Германіі Фрыдрыха Мерца і старшыні Еўракамісіі Урсулы фон дэр Ляен. Пытанне будучыні Украіны і магчымы сцэнар завяршэння вайны застаюцца ў цэнтры ўвагі сусветнай супольнасці.

Паводле аналітыка Polityka Insight Леона Піньчака, вынікі нядаўняга саміту ў Анкорыджы паказалі: Дональд Трамп кіруецца выключна ўласнымі інтарэсамі, якія мала ўлічваюць заклапочанасць Еўропы адносна легітымацыі Уладзіміра Пуціна.

«Свядома адмаўляючыся ад ролі глабальнай звышдзяржавы і лідара ліберальнага свету, Вашынгтон сёння бачыць у Маскве «ядзернага партнёра» – актара, з якім не варта сварыцца, бо ён валодае патэнцыялам знішчэння чалавецтва», — піша аналітык.

На думку Піньчака, Пуцін атрымаў відавочны поспех: ён пазбавіўся ад таўра ізгоя і прапанаваў Трампу сваю версію «каранёў украінскага канфлікту». У выніку амерыканскі бок прыняў расійскую канцэпцыю «міру» — не праз спыненне баёў, а праз перамовы аб доўгатэрміновым пагадненні. Гэта дазваляе Маскве працягваць агрэсію і адначасова перакладаць адказнасць на Кіеў у выпадку правалу перамоваў.

Аналізуючы сітуацыю, польскі палітолаг з Універсітэту Civitas Марцін Бужаньскі падкрэсліў, што за красамоўнымі жэстамі хаваецца небяспечная рэальнасць:

«Перамовы могуць прынесці пэўны прарыў, хоць вакол усяго гэтага вельмі шмат знакаў пытання. Ёсць важныя рэчы для абмеркавання; ключавая, абсалютна галоўная тэма, якая хоць як можа даць надзею пры ўсіх гэтых размовах, — гэта гарантыі бяспекі для Украіны, пра якія згадваў прэзідэнт Трамп. Гэта быў бы сапраўдны game changer, калі б яны насамрэч з’явіліся. Але мы пакуль не ведаем падрабязнасцяў; вядома таксама, што яны не прадугледжваюць уступлення Украіны ў НАТА, гэта Дональд Трамп цалкам адхіліў. Адначасова з’яўляюцца сігналы, што Трамп хоча прызнання Крыму ўласнасцю Крамля, што фактычна азначае перадачу часткі тэрыторыі — для Украіны гэта выглядае немагчымым.

І застаецца доля скепсісу ў дачыненні да самога Уладзіміра Пуціна, да яго намераў і таго, на што ён урэшце пойдзе. Складаецца ўражанне, што гэта дыпламатычны тэатр, і пакуль у ім больш наратываў, чым канкрэтных крокаў. Але працэс ідзе, і безумоўна добра, што побач з Зяленскім з’яўляюцца еўрапейскія лідары, якія здольныя паказаць Дональду Трампу, што ў Еўропы ёсць падтрымка Украіны — яна не выпадковая і будзе працягвацца незалежна ад выніку перамоваў, іх поспеху ці правалу. Гэта пэўным чынам узмацняе ціск і на Трампа, і патэнцыйна на Уладзіміра Пуціна і Крэмль.

Ці спрацуе гэта — пабачым. Як я ўжо казаў, у мяне вельмі абмежаваны, калі не нулявы, давер да таго, што зробіць Расія. У яе намеры ў мяне няма сумненняў: гэта спроба працягваць вайну ў любым выпадку, прасоўваючы свае планы, адначасова падаючы трохі надзеі на нейкую дамову, каб падтрымліваць перамовы і такім чынам вяртацца за міжнародны стол як нібыта раўнапраўны ўдзельнік, патэнцыйна будуючы гандлёвыя сувязі. Гэта і ёсць мэта Крамля, і ў нейкай ступені яна ўжо дасягнутая першай сустрэчай на Алясцы» — перакананы Бужаньскі.

Паводле эксперта, удзел еўрапейскіх лідараў у перамовах мае значэнне: ён паказвае, што падтрымка Украіны не з’яўляецца выключна амерыканскай справай. Еўропа дэманструе сваю гатоўнасць заставацца на баку Кіева незалежна ад вынікаў дыялогу паміж Трампам і Пуціным.

Леон Піньчак лічыць, што для Украіны дзень сустрэчы ў Белым доме можа стаць пераломным.

«У гэты дзень павінна адбыцца другая сустрэча прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага ў Белым доме. Трамп прадставіць яму ўмовы «міру», якія па сутнасці для Кіева непрымальныя. Калі Зяленскі адмовіцца, Трамп абвесціць, што ўкраінскі бок сарваў мірнае пагадненне», — лічыць Піньчак.

На думку аналітыка, Кіеў апынецца на ростанях: альбо працягваць крывавую вайну, рызыкуючы страціць кантроль над Данбасам, альбо сутыкнуцца з неабходнасцю палітычнай трансфармацыі. Для ЗША такі сцэнар здымае адказнасць за вайну і адкрывае шлях да «перазагрузкі» з Расіяй.

Нягледзячы на драматычныя сцэнары, у ходзе перамоваў можа з’явіцца магчымасць кампрамісу. Пакуль што гаворка ідзе пра нейкі субстытут гарантый бяспекі для Украіны, але без узгадвання яе ўступлення ў НАТА. Гэта выглядае як саступка Маскве, якая настойвае на пазаблокавым статусе Кіева.

Аднак, паводле Піньчака, рэальным застаецца толькі той варыянт, калі Пуцін прыме гарантыі пры ўмове змены ўлады ва Украіне на прарасійскі рэжым. Такі сцэнар у бліжэйшай перспектыве выглядае малаверагодным, але яго нельга цалкам выключаць.

Марціна Бужаньскі падзяляе меркаванне аналітыка Polityka Insight Леона Піньчака і лічыць, што іраўніцтва ЗША, у разе няўдачы перамоваў можа абвінаваціць у гэтым ахвяру агрэсіі — Украіну:

«Ёсць трывожныя сігналы, якія нібыта адкрываюць фортку — ствараецца план B на выпадак, калі не атрымаецца дамагчыся нават спынення агню, не кажучы ўжо пра мірнае пагадненне; шчыра кажучы, я ў гэта ўвогуле не веру. Тады ЗША змогуць сказаць: мы зрабілі ўсё магчымае, але бакі паказалі, што не хочуць міру — і абодва будуць абкладзены аднолькавай адказнасцю. Гэта гучыць абсурдна, бо вінавацяць агрэсара і ахвяру», — гаворыць Бужаньскі.

Эксперт падкрэсліў, што любы дыялог з Расіяй выкарыстоўваецца Крэмлём як сродак вяртання да міжнароднага стала перамоваў. Гаворка ідзе не столькі пра мір, колькі пра легітымацыю ролі РФ у глабальнай палітыцы.

У сваю чаргу, Піньчак у сваім артыкуле робіць выснову, што вынік саміту і сустрэча ў Белым доме азначаюць канец эпохі, калі ЗША ўспрымаліся адзіным гарантам ліберальнага парадку.

На яго думку, цяпер «мацнейшыя дзяржавы могуць адкрыта дэманстраваць сваю перавагу». Галоўнае пытанне: ці здолее Захад захаваць спадчыну апошніх трох дзесяцігоддзяў у новай, больш жорсткай міжнароднай рэальнасці?

Перамовы Трампа і Зяленскага пачнуцца пасля 19:00 паводле сярэднееўрапейскага часу. Яны могуць стаць рубіконам не толькі для Украіны, але і для ўсёй архітэктуры бяспекі ў Еўропе. Пакуль жа назіральнікі сыходзяцца ў меркаванні, што працэс перамоваў хутчэй замацоўвае права моцных дзяржаў дыктаваць умовы свету, чым адкрывае шлях да справядлівага міру, на якім настойвае ўкраіна. 

Слухайце аўдыё!

эж

Амерыканцы наіўныя, а Пуцін імкнецца адбудаваць СССР — польскі дыпламат пра сустрэчу на Алясцы

16.08.2025 11:16
Дональд Трамп заявіў, што ім удалося дасягнуць пагаднення як мінімум па некалькіх пытаннях.

Еўрапейскія лідары правялі тэлеканферэнцыю па выніках сустрэчы на Алясцы (ДАПОЎНЕНА)

16.08.2025 11:45
У ёй удзельнічалі прэм'ер-міністр і прэзідэнт Польшчы. 

Засталіся толькі два крокі да «здзелкі», якая замацуе права моцных дзяржаў дыктаваць свае ўмовы свету

18.08.2025 11:20
Поспех Уладзіміра Пуціна на Алясцы не падлягае сумневу, але і Трамп не прайграў.