Беларуская Служба

У еўрапейскім мірным плане па Украіне ў адным з пунктаў згадваецца і Польшча

24.11.2025 13:44
Роля Варшавы як ключавога лагістычнага і ваеннага цэнтра ўзрасце.
Сцягі Украіны і НАТА Fly Of Swallow Studio/Shutterstock

Вялікабрытанія, Францыя і Германія падрыхтавалі контрпрапанову да амерыканскага мірнага плану па Украіне. У плане непасрэдна згадваецца Польшча, – чытаем на старонках Forsal.

Адзін з найбольш важных пунктаў — прапанова аб размяшчэнні знішчальнікаў НАТА на тэрыторыі Польшчы. Еўрапейскія аўтары плану бачаць у гэтым элемент стратэгічнага стрымлівання Расіі і адначасова — гарантыю бяспекі для ўсходняга флангу НАТА. Колькасць і тып авіяцыі ў дакуменце не пазначаны, але гаворка ідзе пра пастаянную прысутнасць баявых самалётаў, здольных аператыўна рэагаваць на пагрозы з усходняга кірунку.

Еўрапейская прапанова таксама прадугледжвае, што НАТА не будзе размяшчаць войскі ва Украіне, але ўзмоцніць сваю прысутнасць у суседніх краінах — у тым ліку ў Польшчы. Гэта азначае, што роля Варшавы як ключавога лагістычнага і ваеннага цэнтра толькі ўзрасце.

У дакуменце гаворыцца, што Украіна атрымае моцныя гарантыі бяспекі ад ЗША, падобныя да артыкула 5 НАТА. У выпадку нападу Расіі на Украіну ўсе санкцыі супраць Масквы будуць імгненна адноўленыя. Тым часам у выпадку ўварвання Украіны на тэрыторыю Расіі — Кіеў такія гарантыі страчвае.

Значная частка еўрапейскай контрпрапановы датычыць эканамічнай сферы. Аўтары настойваюць, што Расія павінна выплаціць Украіне фінансавую кампенсацыю, а расійскія актывы застануцца замарожанымі да моманту поўнай выплаты. Такім чынам Еўропа падкрэслівае сваю пазіцыю: аднаўленне Украіны павінна адбывацца не толькі за кошт заходніх фондаў, але і непасрэдна за кошт краіны-агрэсара.

Праект таксама прадугледжвае, што Украіна не будзе спрабаваць сілай вяртаць акупаваныя тэрыторыі, а будучыя межы будуць вызначацца праз перамовы. Для многіх у Кіеве гэта адзін з найбольш спрэчных пунктаў.

Для Польшчы галоўнае пытанне — узмацненне ваеннай прысутнасці НАТА. Размяшчэнне знішчальнікаў — гэта не толькі сімвалічны, але і практычны крок, які павялічвае бяспеку ўсходняга флангу. У выпадку любога крызісу Польшча стане першай лініяй паветранай абароны.

нг

Прэзідэнт Польшчы крытыкуе мірны план, распрацаваны Вышынгтонам і Масквой 

23.11.2025 12:12
Караль Наўроцкі перакананы, што стабільнасць Еўропы не можа будавацца за спінай тых, каго гэта найбольш датычыць.

Дональд Туск: У Луандзе агучу пазіцыю Польшчы па мірным плане для Украіны 

23.11.2025 17:08
22 лістапада ў Анголе пачнецца саміт ЕС — Афрыканскі Саюз, а перад ім пройдзе сустрэча лідараў ЕС, прысвечаная мірнаму плану.