Беларуская Служба

Германія на чале «новага глабальнага Захаду»? «Гэтага патрабуюць многія дзяржавы»

26.11.2025 16:48
«У час, калі існы сусветны парадак набліжаецца да свайго завяршэння, у Еўропе павінна ўзнікнуць «кааліцыя ахвотных», якая павінна прыцягнуць новых партнёраў на Глабальным Поўдні, а Германія мусіць стаць кіраўнічай сілай гэтага «новага глабальнага Захаду», – сцвярджаюць нямецкія эксперты на старонках тыднёвіка Der Spiegel.
 .
Ілюстрацыйнае фота. Фото: pixabay

Два традыцыйныя слупы нямецкай знешняй палітыкі і палітыкі бяспекі – Еўрапейскі саюз і НАТА – працуюць усё горш і прапануюць усё менш эфектыўныя інструменты для вырашэння надзённых праблем, пішуць аўтары Der Spiegel Клаўдыя Майёр і Карла Масала. Майёр працуе ў цэнтры German Marshall Fund, а Масала з’яўляецца выкладчыкам Універсітэта бундэсвера ў Мюнхене. Абодва кансультуюць Міністэрства абароны Германіі ў пытаннях палітыкі бяспекі.

На думку аўтараў, Германія павінна нанова вызначыць сваю ролю ў міжнароднай палітыцы. На іх думку, яна павінна сфакусавацца на тых абласцях, на якія «рэалістычна» можа ўплываць, то-бок на еўрапейскім і глабальным супрацоўніцтве, і адмовіцца ад спробаў уплываць на паводзіны ЗША і Кітая, бо гэта выходзіць за межы яе магчымасцяў.

«Дзейнічаючы практычна, Германія павінна стаць больш еўрапейскай і больш глабальнай сілай, не адмаўляючыся ад трансатлантычных сувязяў», – пішуць аўтары.

Каб выканаць такую задачу, Германія павінна аднавіць эканамічную моц і сацыяльную прывабнасць. Толькі як моцная эканамічна і сацыяльна аб’яднаная краіна яна здолее ўзначаліць працэс пабудовы новага, прагматычнага Захаду і стаць мостам паміж краінамі Глабальнага Поўдня, Еўропай і Паўночнай Амерыкай.

Паводле экспертаў, мэтай Германіі не павінна быць далейшае развіццё ЕС і НАТА як цэласных структур, а стварэнне з дзяржаў абедзвюх арганізацый «максімальна шырокай кааліцыі ахвотных і здольных дзейнічаць». У цэнтры гэтага аб’яднання, разам з Германіяй, павінны знаходзіцца Францыя, Вялікабрытанія, Польшча і Італія, падкрэсліваюць аўтары.

Германія павінна імкнуцца захаваць прысутнасць ЗША ў НАТА як еўрапейскай звышдзяржавы, але адначасова зніжаць сваю залежнасць ад Вашынгтона, каб у выпадку неабходнасці дзейнічаць самастойна.

На фоне нарастання канфрантацыі паміж ЗША і Кітаем пры паралельным росце неаімперскіх амбіцый Расіі, еўрапейская кааліцыя пад кіраўніцтвам Германіі здолее захаваць сваю вагу толькі тады, калі пабудуе «новы глабальны Захад», сцвярджаюць эксперты. На іх думку, Захад будучыні стане не геаграфічным, а нарматыўным і палітычным праектам. Кааліцыя еўрапейскіх дзяржаў павінна ўключыць ключавыя краіны Глабальнага Поўдня – напрыклад, Інданезію, Нігерыю і Індыю.

Ці шмат дзяржаў патрабуюць нямецкага лідарства?

Германія зможа выконваць ролю моста толькі тады, калі зменіць сваю палітычную культуру – калі з «ціхага гегемона», якім яна была раней, стане больш смелай і свядома возьме на сябе ролю кіраўнічай сілы. На думку аўтараў, асцярогі адносна таго, што іншыя краіны не прымуць нямецкае лідарства, неабгрунтаваныя. У часы глабальнай няпэўнасці многія дзяржавы адкрыта патрабуюць, каб Берлін узяў на сябе кіраўнічую ролю, – робяць выснову эксперты Der Spiegel.

dziennik.pl/вх