Прэзідэнт Польшчы Караль Наўроцкі заявіў у тэлевізійным звароце да грамадзян, што не падпіша закону, які стварае механізм для выдаткавання 43 млрд 700 млн еўра ў выглядзе крэдытаў Еўрапейскага Саюза на ўмацаванне ўзброеных сіл краіны. Такі крок выклікаў асуджэнне з боку польскага ўрада.
Сутыкненне паміж нацыяналістычна настаўленым прэзідэнтам і праеўрапейскім урадам прэм'ер-міністра Дональда Туска наконт ініцыятывы «Бяспека для Еўропы» (SAFE) на суму 150 млрд еўра стала яшчэ адным прыкладам іх рознагалоссяў.
— Я прыняў рашэнне, што не падпішу закону, датычнага праграмы крэдытавання SAFE. Я ніколі не падпішу закону, які можа парушыць нашу суверэннасць, незалежнасць і вайсковую ды эканамічную бяспеку. І хачу папярэдзіць: за ўсе нелегальныя спробы, накіраваныя на пазыку за мяжой, раней ці пазней прыйдзецца адказваць — як у палітычным, так і юрыдычным парадку.
Такія словы прагучалі з вуснаў Наўроцккага падчас яго звароту да народа.
— Механізм SAFE уяўляе сабой велізарны замежны крэдыт, узяты на 45 гадоў у замежнай валюце, з працэнтнымі выдаткамі, якія могуць сягаць 180 млрд злотых, — казаў Наўроцкі па тэлебачанні.
Ён дадаў, што Брусель можа адвольна прыпыніць выплату сродкаў, ужыўшы правілы ўмоўнасці, тым самым абмежаваўшы суверэнітэт Польшчы, і паставіў пад сумнеў канстытуцыйнасць гэтай ініцыятывы.
— Бяспека Польшчы не можа залежаць ад рашэнняў іншых краін, — канстатаваў прэзідэнт.
Прэзідэнт Наўроцкі падчас выступлення па тэлебачанні. Крыніца: PAP/Maciej Kulczyński
«Скандалам» назваў рашэнне Наўроцкага віцэ-прэм’ер, міністр замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі.
— Мне здавалася, што, нягледзячы на розніцы ў палітычных поглядах, па чатырох пытаннях існуе згода паміж урадам і апазіцыяй. Гэта стрымліванне Пуціна, падтрымка Украіны, пытанне саюзу са Злучанымі Штатамі і пытанне мадэрнізацыі арміі. Гэта сапраўды скандал!
Дарэчы, некаторыя аглядальнікі звяртаюць увагу на тое, што Наўроцкі і правая апазіцыя, якія сімпатызуюць Трампу, насамрэч выступаюць насуперак яго прапановам адносна таго, каб краіны ЕС прыступілі да больш інтэнсіўнай мадэрнізацыі сваіх узброеных сіл.
Цікава тое, што Варшава была найбуйнейшым бенефіцыярам SAFE, але нацыяналістычная апазіцыйная партыя «Права і справядлівасць» назвала гэта нямецкай змовай з мэтай умяшання ў справы Польшчы, якая абцяжарыць краіну абавязкамі і абмяжуе яе гнуткасць у дачыненні да закупак зброі. Аднак рыторыку польскай апазіцыі вельмі хутка абвергнулі шматлікія палітолагі і адмыслоўцы, звяртаючы ўвагу на тое, што гэта — не больш чым піар, разлічаны на электаральную барацьбу.
Урад Туска заяўляе, што таннае фінансаванне, якое прадастаўляецца ў рамках праекту SAFE, мае важнае значэнне для бяспекі Польшчы ва ўмовах усё большай пагрозы з боку Расіі.
— Прэзідэнт упусціў шанец праявіць сябе патрыётам. Ганьба! — напісаў Дональд Туск у сацсетцы X, дадаўшы, што ўрад прадставіць свой адказ на пазачарговым паседжанні Рады міністраў.
Наўроцкі і кіраўнік цэнтрабанка Адам Глапіньскі, які звязаны з правымі сіламі, прапанавалі альтэрнатыўны варыянт, які прадугледжвае выкарыстанне нерэалізаванага прыбытку ад росту кошту залатых рэзерваў Нацыянальнага банка Польшчы для фінансавання ваенных выдаткаў.
У сваім звароце Наўроцкі заклікаў урад супрацоўнічаць у рэалізацыі альтэрнатыўнай нацыянальнай прапановы.
Аднак Глапіньскі заявіў, што ўрад праяўляе «нулявы інтарэс» да гэтай прапановы. Законапраект, прапанаваны Наўроцкім, наўрад ці будзе ўхвалены парламентам, дзе кааліцыя Туска мае большасць.
Урад раней паведаміў, што рыхтуе «план Б», які па-ранейшаму дазволіць Польшчы атрымаць доступ да сродкаў SAFE.
Дэпутат Сейму Польшчы Адам Гамола ад партыі «Польшча 2050», якая ўваходзіць у кіруючую кааліцыю, сказаў, што ўрад прыступіць да праграмы SAFE іншым шляхам, абыйшоўшы вета прэзідэнта.
— Можна прыняць рашэнні, абышоўшы вета прэзідэнта. Мы знаходзімся ў выключнай сітуацыі, таму прыйдзецца шукаць іншыя выхады. Цікава тое, што мы апынуліся ў такой складанай сітуацыі не з-за варожых дзеянняў звонку, а ўнутры краіны. Я ўспрымаю рашэнне прэзідэнта Наўроцкага як варожае для Польшчы.
Рашэнне прэзідэнта аднак хваліць апазіцыя. Дэпутат ад партыі «Права і справядлівасць» Збігнеў Кузмюк звяртае ўвагу на фінансавыя пагрозы крэдыту.
— Рашэнне прэзідэнта — гэта плюс для Польшчы, бо гэта кепскі праект. Мы б узялі грошы ў доўг на 45 гадоў. Працэнты — вялізныя: цягам 45-і гадоў мы б аддалі па працэнтах суму, роўную крэдыту, аднак пры ўмове, што яны не зменяцца. Калі працэнты пойдуць уверх, сума будзе большай. Акрамя таго, курсавыя рызыкі — суадносіны злотага і еўра. Цягам 45-і гадоў іх немагчыма прадбачыць. Давайце будзем сур’ёзнымі!
SAFE (Security Action for Europe) — гэта маштабная абаронная інвестыцыйная праграма Еўрапейскага Саюза абʼёмам 150 млрд еўра, накіраваная на ўмацаванне бяспекі і ваеннага патэнцыялу членскіх краін. Праграма была прапанаваная ў сакавіку 2025 года як адказ на пагрозы для еўрапейскай бяспекі. Яе сутнасць заключаецца, у прыватнасці, у крэдытаванні абаронных патрэб. ЕС дае краінам-удзельніцам нізкапрацэнтныя пазыкі для фінансавання закупак узбраення і мадэрнізацыі арміі. Праграма стымулюе краіны каардынаваць заказы ваеннай тэхнікі, каб знізіць затраты і павысіць аператыўную сумяшчальнасць войскаў. Акрамя таго, праект накіраваны на падтрымку еўрапейскага ВПК: не менш за 65% выдзеленых сродкаў павінны расходавацца на закупкі ў вытворцаў унутры Еўрасаюза, што падтрымлівае мясцовую прамысловасць.
Прычым сродкі ідуць на канкрэтныя зацверджаныя праекты: напрыклад, у Польшчы іх 139. Дарэчы, у рамках SAFE Польшча мела атрымаць 43 млрд 700 млн млрд еўра.
Пазіцыю правых сіл у Польшчы адносна SAFE можна абгрунтаваць перш за ўсё іх антыеўрапейскасцю і антыЕС.
вс
слухайце аўдыёфайл