Напрамкам магчымага ўдару называюцца краіны Балтыі. Як успрымаць гэтыя прагнозы?
Расійскае тэлебачанне ўжо пачало рысаваць сцэнары новай эскалацыі пад лозунгам «Узяць Нарву, зламаць волю». Крамлёўскія прапагандысты пачалі заклікаць зладзіць атаку на эстонскі памежны горад, дзе жыве шмат рускіх, у якасці інструменту ціску на Еўропу.
Эстонскі блог а Propastop знайшоў у сацсетках групы, якія пачалі прасоўваць ідэю стварэння «Нарваўскай народнай рэспублікі». Эксперты Belfer Center выступілі з прагнозам, што Расія будзе паступова нарошчваць ціск на Эстонію, павялічваючы колькасць кібератак, правакацый з выкарыстаннем дронаў, а таксама разгортваючы інфармацыйную кампанію вакол «абароны рускамоўнага насельніцтва».
Такі ж сцэнар атакі на Латвію прагназуюць украінскія эксперты з Тэлеграм-каналу «Воля», звяртаючы ўвагу на тое, што 19 сакавіка ў Дзярждуму РФ быў унесены законапраект, які дасць Пуціну паўнамоцтвы пачынаць спецыяльныя экстэрытарыяльныя ваенныя аперацыі па абароне расійскіх грамадзян, якія апынуліся пад следствам.
Як да гэтых сцэнароў ставяцца ў краінах Балтыі, пра гэта мы паразмаўлялі з аналітыкам Цэнтру ўсходніх даследаванняў з Варшавы Барташам Хмялеўскім, які займаецца бяспекай Балтыйскага рэгіёну.
— Гэта не першы выпадак, калі ўкраінскія крыніцы паведамляюць пра магчымы напад на балтыйскія дзяржавы. Такія наратывы рэгулярна з'яўляюцца з 2022 года. Калі паглядзець на адкрытыя справаздачы контрразведвальных службаў балтыйскіх краін, там такі сцэнар адкрытага нападу, або нейкай гібрыднай аперацыі, называецца малаверагодным. Я не бачу, чытаючы латышскія, эстонскія ці літоўскія газеты, каб такі страх існаваў.
Калі ўзяць пад увагу нядаўняе рашэнне, аб распрацоўцы закону аб тым, што ў выпадку арышту расіян за мяжой, Крэмль можа адказаць ваеннай аперацыяй. Хіба гэта не падрыхтоўка да нападу?
— Выглядае як элемент падрыхтоўкі, але пытанне абароны рускамоўных меншасцей у балтыйскіх дзяржавах зусім не навіна. Новае тут — гэта сам закон. Асабіста я лічу, што калі б Расія хацела нешта зрабіць, уварвацца або ўмяшацца ў справы краін Балтыі, ёй не патрэбны аніякі закон. Гэта не тая дзяржава, якая дзейнічае ў рамках прававой базы. Я б не звяртаў на гэта асаблівай увагі, тым больш што, пакуль што ўрады, Міністэрства абароны, і эксперты па бяспецы ў рэгіёне, здаецца, не хвалююцца моцна з гэтай нагоды.
Што наконт актывізацыі падрыўной дзенасці расіян у краінах Балтыі?
— Падрыўная дзейнасць адбываецца па ўсім рэгіёне з 2022 года. Такія выпадкі былі ў Польшчы, такія выпадкі былі ў краінах Балтыі. Самым вядомым такім тэрарыстычным актам было кіданне кактэйля Молатава ў Рыжскі музей акупацыі. Але ці назіраецца павелічэнне такой актыўнасці ў апошнія месяцы? Не.
Можа Крэмль зарэагуе на дэпартацыю расіян, якія жывуць у краінах Балтыі?
— Некалькі гадоў таму быў прыняты закон з шэрагам паправак, якія дазваляюць дэпартаваць грамадзян Расійскай Федэрацыі, якія не могуць здаць экзамен па мове. Фармальна яны могуць быць дэпартаваныя, але на практыцы гэтага не адбываецца. Пры гэтым, эстонскія спецслужбы рэгулярна расследуюць справы грамадзян Расійскай Федэрацыі, жыхароў Эстоніі, якіх падазраюць у супрацоўніцтве з ФСБ ды іншымі расійскімі спецслужбамі. Іх дэпартуюць і дастаўляюць на мяжу ў Нарве. Гэта дзеецца амаль кожныя некалькі месяцаў, але Эстоніяй моцна не разгалошвае дадзеныя факты. На маю думку, латышская дзяржава — самая слабая з трох балтыйскіх краін, і тут Расія магла б паспрабаваць актывізаваць варожую дзейнасць. Аднак я бачу значна больш ажыятажу ў СМІ, чым рэальных дзеянняў.
Вы згадалі Нарву. Ці можа з’явіцца «Нарваўская Народная Рэспубліка», як пішуць у сацсетках?
— Актыўная дыскусія на гэтую тэму вядзецца цяпер у польскіх, нямецкіх СМІ, я нават знайшоў інфармацыю пра гэтую нібыта «Народную Рэспубліку» у французскіх медыях. Гэтая навіна ў асноўным тычыцца таго, што нішавы эстонскі блог апублікаваў аналіз профілю ў сацыяльных сетках, які працуе пад такой назвай. Аднак колькасць зацікаўленых людзей і эстонскія журналісцкія расследаванні паказваюць, што гэта хутчэй мэм, і што ў Нарве няма рэальнага сепаратызму. Я таксама не думаю, што Расія змагла б лёгка правесці аперацыю, падобную да той, што яна правяла ў Данбасе ці Крыме 10 гадоў таму, таму што эстонскія службы кантралююць межы і сітуацыю ў горадзе. Больш за тое, Эстонія — эфектыўная дзяржава, якая даволі добра функцыянуе, у адрозненні ад Украіны 2014-га года, якую раздзіралі палітычныя ўзрушэнні. І я не думаю, што расейцам у Нарве будзе лёгка, бо яны сутыкнуцца з супраціўленнем не толькі з боку часткі жыхароў гораду, але і з боку паліцыі, вайскоўцаў і эстонскіх сіл тэрытарыяльнай абароны.
Размаўляў Юры Ліхтаровіч