Паводле звестак выдання Rzeczpospolita, падчас неафіцыйных перамоў амерыканцы прапануюць перакінуць на Блізкі Усход адну з дзвюх ракетных сістэт залпавага агню Patriot, размешчаных у Польшчы. Прычынай называюць іранскія атакі ў адказ на ізраільскія і амерыканскія абстрэлы Ірана. Амерыканцы таксама вывучаюць магчымасць перасоўвання ракет PAC-3 MSE, якія выкарыстоўваюцца ў РСЗА Patriot і ўжо пастаўленыя ў Польшчу.
Міністэрства нацыянальнай абароны абвяргае гэтую інфармацыю. Прэс-сакратар міністэрства Януш Сэймэй (Janusz Sejmej) заявіў, што амерыканцы ніякім чынам не ціснуць на Польшчу па пытанні перадачы зброі.
Газета піша, што калі амерыканцы не здолеюць павялічыць свае вытворчыя магутнасці ракет PAC-3 MSE, папаўненне запасаў, ужо выкарыстаных падчас вайны з Іранам, зойме каля двух гадоў. Чакаецца, што на дасягненне вытворчасці 2000 ракет у год патрэбныя сем гадоў. Гэта можа затрымаць пастаўкі зброі, закупленай Польшчай у ЗША. Пастаўкі павінны пачацца ў 2027 годзе. Сярод іх шэсць сістэм Patriot і 600 ракет PAC-3. Цікава, што ў кантрактах на пастаўкі ўзбраення з ЗША не было прапісана магчымасці пені ў выпадку спазнення дастаўкі.
Каментатар выдання Марэк Кутарба (Marek Kutarba) адзначае, наколькі важна дыверсіфікаваць напрамкі закупак узбраення. Добры ўрок далі палітыкі апазіцыйнай цяпер партыі “Права і справядлівасць”, калі былі пры ўладзе. Паралельна з кантрактамі з ЗША яны заказвалі зброю таксама ў Паўднёвай Карэі. Розніца таксама ў тым, што з планаваных 500 РСЗА Himars было атрымана толькі 20, а карэйскіх K239 Chunmoo у Польшчы ўжо прыкладна 150 з заказаных 290. Акрамя таго, Польшча дабілася права вырабляць амуніцыю да карэйскіх сістэм, а да амерыканскіх — не. Амерыканцы ахвотна прадаюць сваё ўзбраенне, але заўсёды захоўваюць над ім кантроль, уключна з тым, у якіх мэтах яго можна выкарыстоўваць.
З гэтага пункту гледжання еўрапейская праграма SAFE — гэта не толькі пытанне сродкаў на абарону, але і пытанне таго, хто трымае ключы ад польскага ўзбраення. Важна перш за ўсё развіваць магчымасці ўласнай вытворчасці зброі.
нг