Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Ежы Гедройц адзначаў вырашальнае значэнне Беларусі для незалежнасці Польшчы

23.07.2026 06:30
Ён лічыў, што Польшча павінна змірыцца са стратай так званых Крэсаў.
Аўдыё
  ()
Ежы Гедройць (злева) і Марэк Латыньскі падчас размовыNAC

Ежы Гедройц пісаў пра Беларусь, падкрэсліваючы яе вырашальнае значэнне для незалежнасці Польшчы і ўсёй Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Ён сцвярджаў, што незалежная Польшча можа існаваць толькі ў межах федэралізаванай Еўропы, што патрабуе падтрымкі незалежнасці літоўцаў, украінцаў і, безумоўна, беларусаў, разглядаючы гэта як спосаб стрымлівання расійскага імперыялізму.

Заўсёды цікавіўся сітуацыяй у Беларусі

Ён лічыў, што Польшча павінна змірыцца са стратай так званых Крэсаў (Памежжа - Вільня, Гродна, Львоў) на карысць народаў, якія там жылі, і актыўна падтрымліваць імкненні беларусаў да суверэнітэту, бачачы ў іх шанец для рэгіянальнай стабільнасці.

Гедройц, які нарадзіўся ў Мінску, асабіста цікавіўся сітуацыяй у Беларусі, падтрымліваў яе пісьменнікаў і культурныя памкненні, такія як вылучэнне Васіля Быкава на Нобелеўскую прэмію, лічачы гэта «рэвалюцыяй» для беларусаў.

Год Ежы Гедройца ў Беларусі быў адкрыты ў пачатку лютага 2006 года ў Мінску, родным горадзе заснавальніка «Культуры». Сярод рэдакцыйных ініцыятыў варта адзначыць зборнік «Ежы Гедройц і Беларусь», напісаны беларускімі даследчыкамі і журналістамі. Ён уключае публікацыі 1998–2006 гадоў, а таксама матэрыялы дзвюх міжнародных канферэнцый, прысвечаных парыжскай «Культуры», якія праходзілі ў сталіцы Беларусі ў 1998 і 2002 гадах.

Бачыў будучыню Беларусі ў незалежнасці

Таксама быў перавыдадзены беларускі нумар часопіса «Культура» за 1998 год, дапоўнены біяграфічнай нататкай рэдактара, урыўкамі з «Аўтабіяграфіі на чатырох руках», беларускімі публікацыямі 2000–2006 гадоў пра дзейнасць Літаратурнага інстытута і тэкстам пра Беларускую дэкларацыю свабоды.

Зборнік «Ежы Гедройц і Беларусь» — гэта адзін з зборнікаў матэрыялаў, прысвечаных уплывовай асобе Ежы Гедройца, выдаўца і культурнага дзеяча, які актыўна падтрымліваў Беларусь і беларуска-польскія сувязі, бачыў будучыню Беларусі ў незалежнасці, а таксама быў прыхільнікам збліжэння паміж Польшчай і Беларуссю, адзначаючы яго ролю ў захаванні беларускай культурнай прасторы.

Чытач Павел, распавядаючы пра свайго Гедройца, кажа, што жыў у Мінску, дзе суседняя вуліца насіла яго імя, і ганарыўся тым, што ў горадзе шануецца памяць гэтага чалавека. Ён лічыць, што Гедройц належыць не толькі палякам, але і ўсім народам былой Рэчы Паспалітай, паколькі да ўсіх іх ён меў дачыненне.

— Гэта такі, я б сказаў, слова цяпер крыху змарнаванае, інтэрнацыянальны дзеяч, паколькі гэта пра тое, што культура не мае межаў. Калі мы зараз бачым кнігі, напісаныя ў Літве, надрукаваныя ў Польшчы, перакладзеныя на беларускую мову, у якіх распавядаецца пра тое, што адбывалася на гэтых некалі супольных землях, — гэта і сведчыць аб тым, што няма межаў у культурнага асяроддзя. Гэта ўсё адзіная еўрапейская культура, якая развіваецца і змяняецца з ходам часу. Нехта кажа: чаму, маўляў, літаратурную беларускую прэмію назвалі ў гонар польскага дзеяча, але Ежы Гедройца не з’яўляецца проста палякам ці беларусам, хоць і нарадзіўся ў нас, — гэта наша супольная гістарычная ліцьвінская спадчына.

Нарадзіўся ў Мінску і пражыў тут 12 гадоў

Прадстаўнік старадаўняга беларуска-літоўскага шляхецкага роду, Ежы Гедройц нарадзіўся ў Мінску 27 ліпеня 1906 г. і пражыў тут 12 гадоў, затым з сям’ёй пераехаў у Варшаву. У 1946 г. заснаваў Літаратурны інстытут у Рыме, а ў 1947 г. — штомесячнік «Культура» ў Парыжы, які нязменна рэдагаваў аж да сваёй смерці ў 2000 г. Да верасня 2000 г. выдадзена 511 тамоў Бібліятэкі «Культуры», у тым ліку 132 нумары «Гістарычных сшыткаў» і 636 нумароў «Культуры».

Яшчэ адзін чытач, спадар Ілля распавядае, што хоць і быў кнігалюбам у Беларусі, але імя Ежы Гедройца ўпершыню пачуў толькі ў эміграцыі, узяўшы ў рукі яго “Культуру”. Суразмоўца кажа, што было нават прыемна тое, што ён нарадзіўся ў Мінску, паколькі большасць вядомых культурных дзеячоў Беларусі паходзіць з вёсак.

— Ну, і таксама цікава на фоне той вялікай эміграцыі, у якой мы ўсе знаходзімся, бо Ежы Гедройц - гэта эмігрант, які большую частку свайго жыцця прабыў у эміграцыі. Ён для мяне сімвал такой карысці, якую кожны можа прынесці, не знаходзячыся нават на роднай зямлі. Гэта чалавек з нашых земляў, хоць і Парыж, Францыя, войны, міжваенная Польшча – гэта ўсё ад нас зараз так далёка. Але і ад яго, і ад Чэслава Мілаша таксама адчуваецца тое, што ў Польшчы цяжка знайсці – гэта тое, што раней было часткай адной культуры – Вялікага Княства…

Беларусь наўрад ці мела большага абаронцу свайго права на самавызначэнне

Імя нашага славутага земляка стала шырока ўзгадвацца ў Беларусі толькі з 1998 г., пасля выхаду беларуска-польскага нумара часопіса «Фрагменты» і выставы «Культуры». У лютым 2001 г., ужо пасля смерці Ежы Гедройца, у Скарынаўскім цэнтры адбыўся «круглы стол», прысвечаны памяці Вялікага Рэдактара. У 2006 г. былі перавыдадзены матэрыялы гэтага «круглага стала» і арганізавана чарговая міжнародная канферэнцыя, прысвечаная асобе Ежы Гедройца і беларуска-польскім культурным стасункам.

Сама прысутнасць беларускай праблематыкі на старонках «Культуры», часта дэманстратыўна ігнараванай, мяняла многае. «Без незалежных Украіны, Літвы і Беларусі немагчыма ўявіць сабе незалежнасць Польшчы. Без польскай падтрымкі нічога не выйдзе з беларускіх спробаў узбіцца на незалежнасць», — гучала са старонак «Культуры».

Беларусь наўрад ці мела большага абаронцу свайго права на самавызначэнне, на магчымасць належаць да еўрапейскай сям’і народаў, чым Ежы Гедройць і яго часопіс «Культура».

Ежы Гедройц пакінуў нам узор незалежнасці духу

Ежы Гедройц практычна дапамагаў Беларусі праз падтрымку навукоўцаў, беларускай меншасці ў Польшчы, спрычыніўся да адкрыцця кафедры беларускай культуры ў Беластоцкім універсітэце і г.д. Была заснаваная нават асабістая стыпендыя Е. Гедройца, дзякуючы якой многія беларускія даследчыкі атрымлівалі магчымасць вывучаць польскую культуру і ўвогуле выязджаць у Еўропу.

У 2012 годзе Аб’яднанне «Беларускі ПЭН» і Асацыяцыя «Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў» упершыню ўручылі прэмію імя Ежы Гедройца за найлепшую кнігу прозы ў папярэднім годзе на беларускай мове. Чытач Павел падкрэслівае, што прэмія стала самай прэстыжнай сярод беларускіх культурных дзеячаў.

— Гэтая прэмія нездарма носіць імя Ежы Гедройца, паколькі яна ставіць беларускую культуру і літаратуру ў адзін шэраг з сусветнай культурнай скарбніцай. Яна мае вельмі ўплывовы сэнс для ўсіх беларускіх культурных дзеячаў, паколькі даецца не проста за літаратуру. Яна сведчыць аб тым, што сучасная беларуская літаратурная думка існуе, яна жыве. Прэмія не знікла і пасля дваццатага года, а нават стала больш бачнай у сусветным культурным асяроддзі.

Ежы Гедройц, які жыў за межамі Бацькаўшчыны, усё свядомае жыццё аддаў прапагандзе славянскай культуры ў Еўропе. Таму асоба і дзейнасць Ежы Гедройца з’яўляюцца прыкладам, парадыгмай служэння культуры, чалавецтву, дабру.

Павел ЗАЛЕСКІ

Слухайце далучаны гукавы файл аўдыё