Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Нечаканая заява беларускага генерала: «Ні Украіна, ні НАТА не нападуць на Беларусь»

23.07.2026 12:26
«Ваенна-палітычная сітуацыя вакол Беларусі застаецца спакойнай», — заявіў пра гэта ў адказ на пытанні журналістаў міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін, пра што напісаў партал onet.pl
-
Генерал-лейтэнант Віктар ХрэнінКрыніца: агенцтва «Ваяр»


Кіраўнік Міністэрства абароны Беларусі нечакана адмовіўся ад сваёй рыторыкі аб пагрозе нападу на Беларусь з боку суседзяў.

— Назіраючы за дзейнасцю ўзброеных сіл краін НАТА, мы не бачым вялікай актыўнасці. У суседніх дзяржавах праводзіцца мінімальная колькасць вучэнняў — фактычна адно, а таксама фіксуецца мінімальная колькасць палётаў. Таму мы лічым, што сітуацыя стабільная і не бачым ніякіх прыкмет пагрозы, напружанасці або падрыхтоўкі да нечаканага нападу, — заявіў міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін.

Кіраўнік беларускага абароннага ведамства таксама адзначыў, што Беларусь не бачыць пагрозы і з боку Украіны. Паводле яго слоў, няма ніякіх прыкмет падрыхтоўкі да агрэсіўных дзеянняў.

— На сённяшні дзень мы не назіраем, каб з боку ўкраінскіх падраздзяленняў, якія забяспечваюць ахову сваёй дзяржаўнай мяжы, вялася падрыхтоўка да якіх-небудзь агрэсіўных дзеянняў. Нягледзячы на розныя заявы ў інфармацыйнай прасторы, напружанне на нашай мяжы не патрэбнае і ўкраінскаму боку,  дадаў Хрэнін.

Беларускія ўлады перыядычна вяртаюцца да рыторыкі пра нібыта існуючую знешнюю пагрозу.

У якасці магчымых «агрэсараў» яны называюць то краіны НАТА, то Украіну, — нагадвае Onet.pl

Раней афіцыйны Мінск сцвярджаў, што Польшча нібыта рыхтуецца да нападу на Беларусь і плануе ўвайсці на яе тэрыторыю пад прыкрыццём узброеных груп беларускай апазіцыі. У студзені 2025 года дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Беларусі Аляксандр Вальфовіч абвінаваціў Польшчу ў падрыхтоўцы «баевікоў так званай Беларускай вызваленчай арміі» і стварэнні для іх навучання цэнтра кіравання і каардынацыі «Паспалітае рушэнне».

Спасылкі на пагрозу з боку НАТА, а з 2022 года і з боку Украіны, выкарыстоўваліся беларускімі ўладамі як абгрунтаванне для правядзення сумесных з Расіяй маштабных, у тым ліку ядзерных, вайсковых вучэнняў на тэрыторыі Беларусі, падтрымкі расійскага ўварвання ва Украіну. Таксама знешняй пагрозай улады традыцыйна апраўдвалі жорсткія рэпрэсіі ўнутры краіны.

Пасля таго як Кіеў выставіў Мінску жорсткі ўльтыматум адносна расійскай інфраструктуры для беспілотнікаў, сам Лукашэнка пачаў больш прымірэнча выказвацца пра Украіну.

Аказалася таксама, што абарона паўднёвай мяжы атрымала яшчэ адзін, даволі нечаканы, аспект. Лукашэнка заявіў, што чыноўнікі, якія неналежным чынам выконваюць свае абавязкі падчас сёлетняга жніва, могуць быць накіраваныя на вайсковую службу на мяжу з Украінай.

яс

Ваенныя камісары будуць адпраўляць у армію «недысцыплінаваных» працаўнікоў уборачнай кампаніі

22.07.2026 16:09
Ініцыятыва падключыць ваенных камісараў да адпраўкі ў армію тых, хто кепска працуе, належыць самому Хрэніну.