Улады і эксперты кажуць пра магчымыя правакацыі ці гібрыдныя атакі з боку Крамля ды пра крокі ў адказ.
Расійскі прапагандысцкі канал Европар, звязаным з уплывовым ваенным прапагандысцкім каналам Рыбар, апублікаваў сцэнарый атак беспілотнікаў на Польшчу. Ён вызначыў патэнцыйныя цэлі ды паказаў мапу, згодна з якой частка польскай тэрыторыі знаходзіцца ў зоне дзеяння расійскіх беспілотнікаў.
«Цягнікі з тэхнікай, склады, рамонтныя пляцоўкі, аэрадромы, парты, паліўныя базы – усё гэта так ці інакш працуе на ўкраінскую машыну, для таго каб працягваць ваяваць. І ўсё гэта – выдатныя мэты для рэактыўных «Гераняў».
Расійскія дыверсанты ўжо ў Польшчы, але сам «момант нападу» будзе нечаканасцю для звычайнага паляка, прагназуе палкоўнік Пётр Левандоўскі. Польскія вайскоўцы звяртаюць увагу на тое, што цэллю расійскай атакі можа быць эстонская Нарва ці Сувалскі калідор. Зазначаецца, што магчымыя атакі з выкарыстаннем дронаў, у звязку з тым, што досвед вайны ва Украіне дазволіў Расіі ўдасканаліць масавыя паветраныя ўдары. Усё гэта значна павялічвае кошты ўтрымання абарончай здольнасці краіны перакананы журналіст з парталу Onet Марцін Вырвал.
— Увесь час палітыкі і вайскоўцы кажуць пра тое, што будуць дзеянні ніжэй парогу канвенцыйнай вайны. Гэта атакі дронаў, ракетаў, кібератакі. Магчымыя атакі на нашу інфраструктуру, напрыклад, газавы порт у Свінавуйсці, тэрарыстычныя напады. Гэта ўсё ўплывае на тое, што растуць для нас кошты на падтрыманне абароны.
Аналітык парталу Defence24 Робэрт Выпартовіч, перакананы, што апошнія паўгода Расія вядзе падрыхтоўку да атакі альбо правакацыі.
—Я кажу пра гэта апошнія 6 месяцаў. У кніжцы «Война, якую мы не хочам» я звяртаў увагу на тое, што ўвесь час будуць ісці акцыі запалохвання, ціску на заходнія краіны з мэтай абмежаваць дапамогу Украіны, у тым ліку нават палітычныя забойствы. На жаль, у Польшчы ўжо было забойства аднаго расійскага апазіцыянера. Такія дзеянні будуць толькі абвастрацца. Цяпер Расія рыхтуецца да маштабнай зімовай кампаніі, у якой яны паспрабуюць прарваць лініі абароны Украіны. Яны перабудоўваюць бранятанкавыя войскі для будучага разгортвання. Вядуць удары па энергетычнай інфраструктуры, каналізацыі ды водазабеспячэнню ва Украіне. Нядаўна пачалі бамбаванні харчовых складоў.
Расійскія публікацыі прапагандыстаў і атакі беспілотнікаў каля польска-ўкраінскай мяжы – гэта ціск «Расіі на Еўропу», – перакананы намеснік міністра замежных спраў Польшчы Ігнацы Нямчыцкі. Чыноўнік дадаў, што пагроза з боку Расіі рэальная і яе нельга ігнараваць.
— Ніхто не хоча палохаць польскіх грамадзян. Ідзецца пра тое, каб была свядомасць рэальнай пагрозы з боку Расіі. Тактыка Масквы зразумела. Расіяне спрабуюць утрымліваць ціск на Еўропу, спрабуюць палярызаваць грамадствы, каб спынілася падтрымка для Украіны.
У звязку з гэтым польскі ўрад унёс аператыўна папраўкі ў заканадаўства. Цяпер польскія вайсковыя лётчыкі пры неабходнасці цяпер могуць збіваць цэлі, якія знаходзяцца па-за іх полем зроку. Намеснік міністра нацыянальнай абароны Станіслаў Вёнтэк заявіў, што новыя правілы значна палепшаць бяспеку памежных раёнаў.
— Пілот у паветры павінен убачыць аб’ект, куды ён страляе. Гэта мае ў сабе рызыкоўны момант. Справа ў тым, што ён можа пашкодзіць самалёт аскепкамі ў выпадку занадта блізкай ракетнай атакі. Цяпер для бяспекі пілотаў дазволена настраляць са значна большай адлегласці.
Пасля ўсё больш частых расійскіх удараў паблізу польска-украінскай мяжы Варшава адказвае паглыбленнем супрацы з Украінай. Прэм'ер-міністр Дональд Туск заявіў на прэс-канферэнцыі пра павелічэнне маштабу правакацый з боку Расіі.
— Кожную ноч мы падымаем авіяцыю ў паветра, бо расійскія ўдары побач з нашай мяжой сталі рэгулярнымі. Мы засяроджваемся на тым, каб з польскага боку не здарылася нічога дрэннага. Наш супрацоўніцтва з украінскім бокам – ідэальнае, мы можам разлічваць на своечасовую інфармацыю. Украінскі бок не толькі адсочвае цэлі, перадае нам звесткі, але імкнецца іх ліквідаваць яшчэ над Украінай.
Таксама гучаць заклікі да польскага грамадства. «Мы павінны адаптавацца як грамадства да паўсядзённага жыцця ў цені паветраных трывог», – кажа Марʼюш Маршалкоўскі з партал3 Defence24.
— Тут не ідзецца пра запалохванне ці паніку, проста кожны мыслячы чалавек, які бачыць пагрозу, імкнецца яе пазбегнуць ці зменшыць. Дзеля гэтага патрэбныя заклікі, каб людзі больш сурʼёзна ставіліся да пагроз, асабліва на фоне таго, што адбываецца ва Украіне, на мяжы Польшчы і Украіны.
Польскія эксперты кажуць, Польшча павінна рыхтавацца да супрацьдзеяння атакам з паветра, і да стрымлівання расійскага прасоўвання, каб не дазволіць Маскве скарыстацца сваёй перавагай у ініцыятыве, і дачакацца разгортвання сіл НАТА, якія маюць значна большы патэнцыял, чым расійская армія.
Юры Ліхтаровіч