Беларуская Служба

Беларускія школьнікі заваявалі серабро на міжнародных алімпіядах па матэматыцы і біялогіі

23.07.2019 15:02
Міжнародная матэматычная алімпіяда праходзіла ў горадзе Бат у Вялікабрытаніі, а біялагічная ў горадзе Сегед у Венгрыі.
zdjęcie ilustracyjne
zdjęcie ilustracyjnePhoto:geralt/pixabay.com/CC0 Public Domain

Беларускія школьнікі заваявалі сярэбраныя і бронзавыя медалі на міжнародных алімпіядах па матэматыцы і біялогіі, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе БДУ. Міжнародная матэматычная алімпіяда праходзіла па 22 ліпеня ў горадзе Бат у Вялікабрытаніі.

„Сярэбраны медаль заваяваў ліцэіст БДУ Уладзіслаў Зверык. Серабро таксама на рахунку ў вучаніцы сталічнай гімназіі нумар 41 імя В.Х.Сярэбранага Аляксандры Новік”, - расказалі ў прэс-службе. Бронзавымі прызёрамі сталі вучні баранавіцкай гімназіі нумар 1 і гімназіі нумар 71 Гомеля.

Усяго ў матэматычнай алімпіядзе прыняў удзел 621 школьнік са 112 краін. Спаборніцтва ўключала два туры, дзе неабходна было рашыць па тры задачы ў кожным. Школьнікам прапаноўвалася выканаць заданні з геаметрыі, тэорыі лічбаў, алгебры і камбінаторыкі. Кіраўнікамі беларускай каманды выступілі выкладчыкі Ліцэя БДУ.

На міжнароднай біялагічнай алімпіядзе (International Biology Olympiad-IBO), якая завяршылася 21 ліпеня ў горадзе Сегед у Венгрыі, беларускія школьнікі заваявалі адзін сярэбраны і тры бронзавыя медалі.

Серабро на рахунку ў вучня мінскай гімназіі нумар 18 Даніэля Трухана. Бронзавымі ўзнагародамі адзначаны ліцэіст БДУ Антон Кацуба, Кацярына Камінская са сталічнай гімназіі нумар 10 і Уладзіслаў Палічэнка з Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя нумар 3.

Усяго ў бягучым годзе ў алімпіядзе прынялі ўдзел амаль 300 школьнікаў з 75 краін.

„Юныя біёлагі спаборнічалі ў двух турах: тэарэтычным і практычным. Яны прайшлі тэст і выканалі чатыры лабараторныя работы па клетачнай і малекулярнай біялогіі, анатоміі і фізіялогіі раслін, жывёл і чалавека, эталогіі, генетыцы, эвалюцыі, экалогіі і біясістэматыцы”, - адзначылі ў прэс-службе. Кіраўнікамі нацыянальнай каманды былі выкладчыкі біялагічнага факультэта БДУ

Першая міжнародная алімпіяда па матэматыцы была арганізавана ў 1959 годзе ў Румыніі. Яе ўдзельнікамі сталі вучні сярэдніх школ з сямі дзяржаў. З таго часу мерапрыемства праводзілася штогод за выключэннем 1980 года. У 2020-м алімпіяду прыме Санкт-Пецярбург (Расія). Міжнародная біялагічная алімпіяда (IBO) праводзіцца з 1990 года. Кожная краіна-ўдзельніца прадстаўляе чатыры вучні з ліку пераможцаў адпаведных нацыянальных спаборніцтваў. Залатыя медалі прадастаўляюцца лепшым 10 працэнтам удзельнікаў, серабро - наступным 20 працэнтам, бронза - 30 працэнтам. Наступны раз IBO пройдзе ў Нагасакі (Японія).

аз