Золатавалютныя рэзервы дасягнулі максімальнага значэння за ўсю гісторыю краіны і склалі па стане на 1 жніўня 8,6 млрд долараў, паведамляе БелаПАН.
«За ліпень 2019 года золатавалютныя рэзервы выраслі на 337,1 млн долараў ЗША (на 4,1%) пасля росту ў чэрвені 2019 года на 200,8 млн долараў ЗША (на 2,5%)», – гаворыцца ў паведамленні Нацыянальнага банка.
У ліпені 2019 года Беларусь аддала 500 млн долараў на выкананне знешніх і ўнутраных абавязацельстваў у замежнай валюце.
У той жа час, адзначае Нацбанк, у ліпені ўзровень золатавалютных рэзерваў павялічыўся ў выніку куплі замежнай валюты Нацбанкам на ўнутраным рынку, у выніку збору экспартных пошлін на нафту і нафтапрадукты, а таксама сродкаў ад продажу Міністэрствам фінансаў аблігацый, намінаваных у замежнай валюце.
За студзень–ліпень золатавалютныя рэзервы Беларусі павялічыліся на 20,5%.
Асноўны фактар, які націскае на золатавалютныя рэзервы Беларусі, – значныя плацяжы па знешнім і ўнутраным дзярждоўгу. За студзень–ліпень урад у асобе Мінфіна і Нацбанк накіравалі на пагашэнне знешніх і ўнутраных аблігацый 2,5 млрд долараў.
У наступныя гады значныя валютныя плацяжы Беларусі па дзярждоўгу захаваюцца – а гэта ў сувязі з продажам у ліпені гэтага года расійскім пакупнікам беларускіх дзяржаблігацый. З 2019 па 2024 год гэтыя плацяжы складуць амаль 20 мільярадаў долараў.
яс