Палітвязень Міхаіл Жамчужны правядзе бліжэйшыя 2-3 месяцы ў штрафным ізалятары (ШІЗА). Пра гэта „Віцебскай вясне” паведаміў праваабаронца Леанід Свецік, які атрымаў нядаўна ліст ад палітвязня.
„29 жніўня ў палітвязня Жамчужнага скончыўся тэрмін знаходжання ў памяшканні крытага тыпу (ПКТ), і хутчэй за ўсё ён правядзе бліжэйшыя 2-3 месяцы ў штрафным ізалятары”, – паведаміў праваабаронца Леанід Свецік, спасылаючыся на чарговы ліст, які атрымаў ад палітвязня.
У ліцце Жамчужны расказвае некаторыя падрабязнасці аб адбыванні пакарання ў папраўчай калоніі (ПК) №9, паведамляе spring96.org.
„19 жніўня я адзначыў 10-гадовы “юбілей” знаходжання за калючым дротам. Падвёў вынікі і імі задаволены. Таксама падлічыў, што за два апошнія гады сваёй адсідкі правёў 500 дзён у штрафным ізалятары і ўчыніў 65 парушэньняў рэжыму!” – падзяліўся сваімі „поспехамі” Міхаіл Жамчужны.
У лісце ён не выказвае ніякіх шкадаванняў аб тым, што здарылася, але прызнае, што мусіў быў заняцца праваабарончай і палітычнай дзейнасцю раней.
Палітвязень выказаў таксама ўдзячнасць незалежным СМІ за падтрымку і за асьвятленне ягонага знаходжання ў калоніі. Піша, што дзякуючы публікацыям пра праблемы з ягоным здароўем, яго абследавалі ў медчастцы, таксама прыяжджаў з інспекцыяй пракурор Магілёўскай вобласці – для праверкі ўмоваў утрымання палітзьняволенага.
Апроч таго, палітвязень апратэставаў у аддзел уласнай бясьпекі МУС і суды вынесеныя адміністрацыяй калоніі шэраг спагнанняў. Таксама апратэставаў ва ЎДВП па Магілёўскай вобласці факты зьнішчэння яго пяці лістоў, якія не прайшлі цэнзуру, а таксама аднаго ліста, адрасаванага яму Беларуска-амерыканскай асацыяцыяй, які быў зьнішчаны за, нібыта, утрыманне ў ім „цынічных выказванняў”.
„Хутчэй за ўсё, палітвязень ня можа данесці да беларускай грамадзкасці ўсе факты бесчалавечнага абыходжання зь ім. Такую выснову можна зрабіць з неаднаразовых паведамленняў пра тое, што цэнзура знішчае значную колькасць ягоных пасланняў з калоніі. Каб развеяць усе падазрэнні пра ўмовы ўтрымання і стан здароўя Міхаіла Жамчужнага, было б разумным з боку ДВП МУС даць дазвол на кароткую сустрэчу палітвязня з прадстаўнікамі праваабарончай супольнасці і (альбо) журналістамі незалежных СМІ”, – бачыць адзіна правільны выхад з сытуацыі, якая склалася вакол палітвязня, праваабаронца Леанід Свецік.
аз